Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У камэры з 8 чалавек 5 — „палітычныя“». Што піша Юлія Слуцкая з-за кратаў


Юлія Слуцкая.
Юлія Слуцкая.

Аляксандра Слуцкая, дачка заснавальніцы «Прэс-клюбу», апублікавала ліст, у якім Юлія Слуцкая расказвае пра ўмовы ўтрымання ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.

«Мама трымаецца малайцом, перадае ўсім велізарнае прывітаньне і падзяку за падтрымку», — напісала Аляксандра на сваёй старонцы ў Facebook .

Пра турэмны побыт

«Падчас ператрусаў нас усіх, акрамя дзяжурных, выводзяць у карцар. Гэта памяшканьне 1×3,5 мэтра. У далёкім канцы прыбіральня. Над ёю замест зьліву кран з вадой, гэта яшчэ і рукамыйніца. Замест вэнтыляцыі над унітазам дзірка, ацяпленьня няма. Вельмі сыра і халодна. Драўляная дошка-ложак на дзень прыкручваецца да сьцяны. Апошні раз хлопчык сядзеў тут 17 сутак... Вяртаемся ў зруйнаваную камэру. Сумкі з-пад ложкаў выцягнутыя, матрацы завернутыя, рэчы выкінутыя на ложак», — апісвае побыт Юлія Слуцкая.

Пра «дзень лазьні»

Далей яна расказвае, што па панядзелках у іх «дзень лазьні». У лазьню трэба ісьці па вуліцы. Дзяўчаты ідуць у халатах і гумовых тапках на босую нагу. Яна надзяе шкарпэткі і спартыўны касьцюм. На 8 чалавек пяць кранаў. Душаў няма, проста льецца струмень вады. На тое, каб памыцца, даецца 20 хвілін, уключна з распрананьнем і апрананьнем.

Пра здароўе

«У мяне ўсё добра, наколькі гэта магчыма. Адзін дзень хварэла, але зь лекамі хутка выкараскалася. Толькі кашаль не спыняецца. Пэўна, гэта рэакцыя арганізма на курыва. Упарта працягваю рабіць па дзьве трэніроўкі ў дзень. Прывучылася раніцай есьці аўсянку — заліваю шматкі кіпенем, дадаю сушаных журавінаў, міндальных шматкоў, арэхаў — і супэркаша гатовая! На абед — распушчальны суп. Увечары — грачаныя шматкі або пюрэ з салодкім перцам, памідорамі і каўбасой», — расказвае яна.

У камэры свой заведзены парадак. Напрыклад, хто ідзе ў туалет, уключае ваду. Кожны раз выціраем сурвэткамі пасьля сябе ўнітаз, падлогу. Калі ў камэру хтосьці ўваходзіць, усе павінны ўстаць і закласьці рукі за сьпіну.

Пра перабоі ў ліставаньні

«Працягваецца крызіс зь лістамі. Мы ўжо месяц не атрымлівалі вестак з дому. Усе на нэрвах. Пару разоў прынесьлі некалькі паштовак без зваротных адрасоў ад чужых людзей. Апдэйт: некаторыя лісты ўсё ж пачалі прарывацца! У камэры 8 чалавек. Тры па наркатычным артыкуле, астатнія — „палітычныя“. Адна дзяўчынка атрымала 12 гадоў, цяпер ідуць апэляцыі. У турму яна трапіла першы раз, дома ў яе двое малых дзяцей. Жах! Яшчэ большы жах, што ўсе, у тым ліку „палітычныя“, маральна рыхтуюцца ісьці адседжваць тэрміны ў гомельскую калёнію», — напісала Юлія Слуцкая.

Летась 22 сьнежня ў «Прэс-клюб» прыйшлі сілавікі. У офісе і дома ў супрацоўнікаў прайшлі ператрусы ці агляды. У той дзень затрымалі кіраўніцу праекту Юлію Слуцкую, праграмнага дырэктара Алу Шарко, фінансавага дырэктара Сяргея Альшэўскага, кіраўніка Акадэміі «Прэс-клюба» Сяргея Якупава, апэратара Пятра Слуцкага і былую журналістку БТ Ксенію Луцкіну.

31 сьнежня ім прад’явілі абвінавачаньні. Слуцкую абвінавацілі ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры, Шарко, Альшэўскага, Луцкіну і Пятра Слуцкага — у саўдзеле ў злачынстве. Сяргея Якупава, грамадзяніна Расеі, выслалі з краіны з забаронай на ўезд на бліжэйшыя 10 гадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG