Пра тое, што 6 студзеня на рахунак Сьледчага камітэту родныя затрыманых супрацоўнікаў «Прэс-клюбу» пералічылі амаль 110 тысяч рублёў, Свабодзе расказала дачка Юліі Слуцкай, Аляксандра.
«Сёньня мы ўнесьлі плату на рахунак Сьледчага камітэту, — расказала Аляксандра Слуцкая. — Гэта называецца „забесьпячэньне пагашэньня нанесеных стратаў“ — 109 769 рублёў. Такая сума фігуруе ў матэрыялах справы. У кампэнсацыі сродкаў удзельнічалі родныя ўсіх затрыманых».
Па словах Аляксандры Слуцкай, кампэнсацыя сродкаў не азначае прызнаньня віны абвінавачанымі.
Юлію Слуцкую і шэраг іншых супрацоўнікаў «Прэс-клюбу» вінавацяць ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў і спрыяньні гэтаму.
31 сьнежня выставілі абвінавачаньні
- Юліі Слуцкай, заснавальніцы «Прэс-клюбу»,
- Сяргею Альшэўскаму, фінансаваму дырэктару,
- Але Шарко, праграмнай дырэктарцы,
- Пятру Слуцкаму, апэратару,
- Дзянісу Сакалоўскаму, апэратару.
Усіх іх утрымліваюць пад вартай у СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.
Кіраўніка Акадэміі «Прэс-клюбу» дэпартавалі ў Расею
Кіраўніка Акадэміі «Прэс-клюбу», грамадзяніна Расеі Сяргея Якупава, у той жа дзень пад канвоем даставілі ў менскі аэрапорт і дэпартавалі з краіны.
Як расказаў Свабодзе сам Якупаў, яму не прад’явілі абвінавачаньня, ён мае статус свабоднага чалавека, усе падазрэньні зь яго зьнятыя.
Камэнтаваць сытуацыю ён пакуль не гатовы.