Гісторыю Сяргея Якупава апублікаваў сайт «Прэса пад прэсам», які піша пра перасьлед беларускіх журналістаў.
Яго затрымалі 22 сьнежня 2020 году, у той жа дзень, што і заснавальніцу «Прэс-клюбу» Юлію Слуцкую, фінансавага дырэктара арганізацыі Сяргея Альшэўскага, праграмнага дырэктара Алу Шарко і апэратара Пятра Слуцкага. Затрымалі Сяргея ў ягонай кватэры — на вачах жонкі і дзіцяці, брутальна, з канфіскацыяй тэхнікі.
- Каля сутак ні адвакаты, ні родныя не маглі даведацца, дзе знаходзяцца затрыманыя. Яны знайшліся ў ДФР — Дэпартамэнце фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю, затым іх перавезьлі ў ІЧУ на завулку Акрэсьціна. 24 сьнежня стала вядома, што ўсе затрыманыя маюць статус падазраваных у крымінальнай справе паводле часткі 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры) і будуць узятыя пад варту — у СІЗА.
- 31 сьнежня Сяргея Якупава вызвалілі і дэпартавалі ў Расею, забараніўшы прыяжджаць у Беларусь цягам 10 гадоў. Абвінавачаньня яму ня выставілі. Астатнія затрыманыя супрацоўнікі «Прэс-клюбу» зараз у СІЗА-1 у Менску — іх абвінавачваюць ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў.
- Сяргей падпісаўся пра неразгалошваньне, але змог падзяліцца дэталямі свайго затрыманьня, знаходжаньня ў СІЗА і дэпартацыі, якія даюць уяўленьне пра мэтады праваахоўнага апарату Беларусі.
— Тым, хто званіў у дзьверы, я не адчыняў. У мяне была надзея, што, калі я не адчыню, яны пазвоняць трохі і сыдуць. Але, як высьветлілася пазьней, яны нікуды б не сышлі, бо адсочвалі маё месца знаходжаньня з сыгналу тэлефона і ведалі, што я дома. Званкі і грук у дзьверы працягваліся прыкладна тры гадзіны. Потым яны спусьціліся ўніз і пазванілі ў відэадамафон. Толькі тады я ўбачыў, што гэта людзі ў балаклавах. За ўвесь гэты час ніхто зь іх не сказаў, хто яны і чаму звоняць.
Праз тры гадзіны гэтыя людзі пачалі ламаць нашыя дзьверы. Я вырашыў выйсьці і адчыніць ім, але спазьніўся — яны разрэзалі дзьверы адмысловай прыладай. Заляцелі ў кватэру, дзе разам са мной былі мая жонка і 10-гадовае дзіця.
Пры гэтым яны размахвалі пісталетам, паставілі мяне на калені, ударылі двойчы па галаве. Пасьля гэтага ў кватэру зайшоў інспэктар ДФР, сказаў, што гэта не ператрус, а агляд, і яны будуць канфіскоўваць усю тэхніку.
У той вечар (і ноч) у мяне былі два допыты. У выніку першага дзьвюхгадзіннага допыту ў трох інспэктараў атрымаўся адзін аркуш запісаў. Яны раздрукавалі яго і аднесьлі інспэктару, які мяне затрымліваў. Пасьля пачалася другая сэрыя допыту, але ўжо толькі з гэтым інспэктарам. Тады ж ён і растлумачыў мне, на падставе чаго мяне затрымалі. Я прасіў паклікаць адваката, на што мне адказалі, што гэта ня допыт, таму адвакат тут не патрэбны.
Прыблізна кажучы, цэлыя содні мы знаходзіліся ў незразумелым юрыдычным статусе, нікому з сваякоў нічога не паведамлялі.
Я бачыў у акно, што з самае раніцы да вечара ў той дзень мая жонка стаяла пад ДФР. Потым я даведаўся, што яна некалькі разоў падыходзіла да супрацоўнікаў і пытала, ці тут мы знаходзімся. Ёй адказвалі, што такіх няма, хоць мае зьвесткі дзяжурны запісваў пры ўваходзе ў будынак ДФР.
Калі нас перавозілі на Акрэсьціна, сваякам пра гэта таксама не паведамілі. З будынку ДФР нас выводзілі нейкімі сакрэтнымі сьцежкамі, каб людзі, якія сабраліся каля дзьвярэй будынку, нас ня бачылі. На Акрэсьціна мяне зьмясьцілі ў камэру з трыма зьняволенымі. Усе — «палітычныя».
Важная дэталь: за ўвесь час у СІЗА я меў зносіны з адвакатам толькі пару разоў па дзьве хвіліны. Абгрунтоўвалі гэта тым, што няма вольных пакояў для размоваў — нягледзячы на тое, што, згодна з пратаколам тлумачэньня правоў і абавязкаў затрыманых, я маю права гутарыць з адвакатам неабмежаваную колькасьць разоў і працягласьць часу. Натуральна, за дзьве хвіліны нармальна параіцца і сказаць нешта зразумелае досыць складана.
31 сьнежня ў 12 гадзін у судзе Партызанскага раёну Менску меў адбыцца разгляд хадайніцтва майго адваката аб зьмене меры стрыманьня для мяне. Аднак у 12:15 мяне выклікаў сьледчы (ізноў жа без майго адваката) і паказаў дакумэнт, дзе было напісана, што ў выніку праведзеных з 28 сьнежня сьледчых дзеяньняў сьледчага не ўдалося высьветліць якіх-небудзь парушэньняў, учыненых мною. Таксама ў гэтым дакумэнце было пазначана, што зь мяне зьнятыя ўсе падазрэньні, мера стрыманьня скасаваная і мяне вызваляюць.
Каля выйсьця ў сваёй машыне мяне чакала жонка. Аднак перада мной спыніўся яшчэ адзін аўтамабіль, зь яго выйшлі двое — мужчына і жанчына. Сказалі, што яны з дэпартамэнту міграцыі і што мне трэба да іх. Мякка кажучы, я быў у шоку: што яшчэ са мной адбудзецца? Я сеў у іхную машыну, але папрасіў даць мне магчымасьць сказаць жонцы, што адбываецца. На што мне адказалі — нельга. Калі шчыра, гэтая практыка хаваньня інфармацыі, калі ніхто нічога нікому не паведамляе, — жахлівая рэч, цяжкая псыхалягічна.
У машыне мне паказалі новую пастанову: я падлягаю прымусовай дэпартацыі з забаронай уяжджаць у Беларусь цягам дзесяці гадоў. Аднак абгрунтаваньня, за што мне такая забарона (максымальна магчымая) і чаму мяне трэба дэпартаваць проста сёньня — у гэтым дакумэнце я ня ўбачыў, магчыма, проста не дачытаў да гэтага, хапіла першых радкоў.
Затым супрацоўнікі дэпартамэнту сказалі, што сёньня дэпартаваць мяне не змогуць, бо праз паўтары гадзіны ім трэба ісьці «ахоўваць елкі». З гэтай прычыны мяне зьмесьцяць у іхны ізалятар, а 5 студзеня, пасьля святаў, ужо адправяць самалётам у Расею. Я спытаў, ці ёсьць хоць нейкі шанец пазьбегнуць вяртаньня ў СІЗА. «Калі пасьпееце знайсьці за паўтары гадзіны білет і вылецець з краіны — то вось ваш шанец», — адказалі мне.