Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Lawtrend: кіраўнікоў Офісу правоў людзей з інваліднасьцю «фактычна затрымалі за супрацоўніцтва з ААН»


Сяргей Драздоўскі (зьлева) і Алег Граблеўскі.
Сяргей Драздоўскі (зьлева) і Алег Граблеўскі.

Пра гэта сайту Праваабарончага цэнтру «Вясна» заявіла дырэктарка Цэнтру прававой трансфармацыі Lawtrend Вольга Смалянка.

У сілавікоў былі прэтэнзіі да таго, што Офіс накіраваў некалькі чалавек да адвакатаў, якія дапамагалі ім бараніць свае правы ў судах за «масавыя беспарадкі», расказваў да арышту дырэктар Офісу правоў людзей з інваліднасьцю Сяргей Драздоўскі.

Вольга Смалянка патлумачыла «Вясьне», што Офіс супрацоўнічаў з ААН у Беларусі для дапамогі людзям з інваліднасьцю і іншым уразьлівым групам насельніцтва. Пры гэтым грошай на адвакацкія паслугі Офіс ад ААН не атрымліваў.

«Фактычна іх затрымалі за супрацоўніцтва з ААН», — сказала Вольга Смалянка.

Паводле яе, некалькі супрацоўнікаў ААН таксама затрымалі і дапыталі.

Алега Граблеўскага трэці месяц утрымліваюць у СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску. Сяргея Драздоўскага — пад хатнім арыштам.

Паводле Вольгі Смалянкі, ім прадʼявілі абвінавачаньне ў махлярстве (артыкул 209 Крымінальнага кодэксу).

Але ні ў сваякоў, ні ў сяброў, ні ў калег няма доступу да інфармацыі, у якім стане Сяргей Драздоўскі і Алег Граблеўскі. Адвакаты нічога не гавораць, бо далі падпіску пра невыдаваньне.

21 студзеня Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю пачаў праверку ў дачыненьні да службовых асобаў Офісу правоў людзей з інваліднасьцю. Падстава — «магчымае неправамернае завалоданьне грашовымі сродкамі, атрыманымі ў выглядзе дабрачынных унёскаў».

У офісе арганізацыі прайшоў ператрус, канфіскавалі ўсю кампутарную тэхніку.

2 лютага Сяргея Драздоўскага і юрыста арганізацыі Алега Граблеўскага цэлы дзень дапытвалі ў ДФР. Пры гэтым Алега Граблеўскага разьдзелі дагала.

3 лютага іх узялі пад варту. 5 красавіка працягнулі тэрмін утрыманьня яшчэ на 2 месяцы.

Офіс правоў людзей з інваліднасьцю займаўся асьветніцкай дзейнасьцю, рабіў экспэртныя заключэньні ў прававых пытаньнях і прапанаваў ініцыятывы дзеля ўдасканаленьня нацыянальнага права.

У Офіс зьвярталіся людзі па прававыя кансультацыі ў пытаньнях інваліднасьці.

«Дзякуючы дзейнасьці гэтай арганізацыі наша краіна далучылася да Канвэнцыі правоў інвалідаў», — адзначыла Вольга Смалянка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG