Мэры Лолар — спэцыяльная дакладчыца ААН пра становішча праваабаронцаў — адзначыла ўзмацненьне ціску на беларускіх праваабаронцаў з боку ўладаў.
19 сакавіка яна заклікала ўлады Беларусі зьняць усе абмежаваньні правоў грамадзянскай супольнасьці. Яе заклік падтрымалі яшчэ чатыры спэцдакладчыкі ААН.
«Ператрусы ў офісах, арышты праваабаронцаў і перашкоды працы адвакатаў сталі агульнай практыкай, — сказала Лолар. — Мне таксама паведамлялі, што некаторыя прыцягваюцца да крымінальнай адказнасьці за супрацоўніцтва з ААН і зазнаюць жорсткае абыходжаньне падчас утрыманьня пад вартай».
У сваёй заяве Лолар згадала перасьлед
- Сяргея Драздоўскага і Алега Граблеўскага з Офісу правоў людзей з інваліднасьцю, якія супрацоўнічалі з Офісам правоў чалавека ААН;
- Марыю Рабкову — каардынатарку валянтэрскай службы праваабарончага цэнтру «Вясна». Яе ўзялі пад варту летась у верасьні;
- Беларускага Прэс-клюбу, чатыры супрацоўнікі якога чакаюць суду за кратамі, а аднаго выслалі зь Беларусі.
Лолар раскрытыкавала прымус даваць падпіску пра неразгалошваньне інфармацыі, што робіць абмен інфармацыяй пра сытуацыю з правамі чалавека фактычна незаконнай.
«Прастора для ажыцьцяўленьня праваабаронцамі іхнай дзейнасьці ў Беларусі становіцца немагчыма вузкай, — адзначыла яна. — Калі праваабаронцаў, супрацоўнікаў СМІ, адвакатаў прымушаюць маўчаць, меркаваныя парушэньні правоў застаюцца бескантрольнымі і нерасьсьледаванымі».
Мэры Лоран канстатавала, што сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі працягвае пагаршацца.