Як паведамляе арганізацыя «Прававая ініцыятыва», 3 красавіка валянтэр Міжнароднага камітэту расьследаваньня катаваньняў у Беларусі пасьля адміністрацыйнага арышту стаў падазраваным у крымінальнай справе паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
Пры затрыманьні і ператрусе яго катавалі, каб атрымаць доступ да кампутара і тэлефона. Падчас адміністрацыйнага арышту ён таксама перажыў негуманнае стаўленьне — камэру залівалі хлёркай, кідалі ў карцар у бесчалавечныя ўмовы, аказвалі моцны псыхалягічны ціск.
6 красавіка сілавікі правялі ператрус у кватэры праваабаронцы, экспэрта АБСЭ БДІПЧ Эніры Браніцкай. Афіцыйнай падставай назвалі крымінальную справу аб масавых беспарадках. Аднак на словах супрацоўнікі паведамілі, што рэальнай прычынай зьяўляецца дзейнасьць Міжнароднага камітэту расьсьледаваньня катаваньняў у Беларусі. Падчас ператрусу канфіскавалі тэхніку, асабістыя грошы.
Міжнародны камітэт у расьсьледаваньні катаваньняў у Беларусі заяўляе: нягледзячы на беспрэцэдэнтны ціск, актывісты працягнуць сваю працу.
«Нагадваем, што ўрад Беларусі абавязаны забясьпечваць правы чалавека і свабодную дзейнасьць праваабарончых арганізацый у адпаведнасьці зь міжнароднымі дамовамі. Мы аказваем дапамогу грамадзянам усімі законнымі мэтадамі, у тым ліку з дапамогай міжнародных мэханізмаў дзеля абароны правоў чалавека», — гаворыцца ў заяве арганізацыі.
Калі хтосьці сутыкнуўся зь перасьледам за абарону сваіх правоў, праваабаронцы просяць паведаміць ім праз телеграм-бот.