Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Разьдзелі дагала. Прамацалі, празванілі ўсё, што можна». Юрыст расказаў пра зьдзекі ў ДФР. ВІДЭА

абноўлена

Сяргей Драздоўскі (зьлева) і Алег Граблеўскі. Фотакаляж
Сяргей Драздоўскі (зьлева) і Алег Граблеўскі. Фотакаляж

Дырэктар «Офіса правоў людзей з інваліднасьцю» Сяргей Драздоўскі 2 лютага 7 гадзін правёў на допыце ў Дэпартамэнце фінансавых расьсьледаваньняў КДК. 

Разам зь Сяргеем Драздоўскім, які перасоўваецца ў вазку, быў юрыст і праваабаронца Алег Граблеўскі.

Падрабязна пра тое, што адбывалася за зачыненымі дзьвярыма, ён распавёў Свабодзе і расказаў на сваёй старонцы ў Facebook.

«Прыехалі ў ДФР у 9:30 разам зь Сяргеем і двума адвакатамі. Запытаў, як заехаць на вазку. Падняліся на трэці паверх на ліфце. Дзяжурны патэлефанаваў камусьці, сказаў: „Інваліды прыехалі“. Спусьціўся чалавек, павёў на чацьвёрты паверх... Мяне завялі ў пакой з надпісам „1 аддзел“, там былі два чалавекі. Паведамілі, што чакаем, калі прывязуць нашу тэхніку, а пакуль пагаворым», — апісвае Алег Граблеўскі, дадаючы, што размова пачалася ў «мяккіх тонах».

«Разумееце, Алег Валяр’янавіч, вы парушалі заканадаўства. Вось цяпер вырашаецца вашае пытаньне. І калі раскажаце пра ўсё — паедзеце дадому, а не — вымушаныя этапаваць на „Валадарку“. Адтуль выйдзеце праз 5 гадоў у лепшым выпадку».

Я адказаў: „Каб вы сапраўды хацелі разабрацца, разабраліся б і безь мяне“. Пацікавіўся, дзе мой адвакат і які ў мяне статус. Мне было сказана, што адваката «зьелі», а статусу няма, самі прыйшлі.

„Добра, хлопцы, пайшоў тады дадому. Як увайшоў — так і выходжу. І іду да выхаду“. Гэта каля 10-й.

Мне ўсьлед: „Стаяць, я табе зараз пайду!“

„Окей, а з гэтага моманту вы мяне ўжо незаконна ўтрымліваеце. Вось мая дамова з адвакатам, далейшая размова толькі ў яго прысутнасьці“.

Забягае мужчына: „Ты ў мяне праз 10 хвілін засьпяваеш салаўём, раз ня хочаш гаварыць“.

Вырывае ў мяне дамову і крычыць, што папера падробленая.

„Хлопцы, — кажу я, — у ізраільскай арміі, калі чалавек трапляе ў палон, паводле інструкцыі павінен гаварыць усё, што ведае. Галоўнае — захаваць жыцьцё. Я вам усё раскажу, бо ўспрымаю пагрозу як рэальную“.

Яны адчулі посьпех і заўсміхаліся: „Зусім іншая размова!“ Стаў ім цытаваць Канвэнцыю, чытаў лекцыю хвілін дзесяць. Потым яны зразумелі, што гэта ня тое. І кажуць: „Ты нам абяцаў расказаць усё, што ведаеш“...

...Мяне схапілі, зафіксавалі і сталі разьдзяваць. Разьдзелі дагала. Прамацалі, абмацалі, празванілі ўсё, што можна. Загадалі сесьці голым на крэсла і глядзець толькі на рог стала.

Я сказаў: „Хлопцы, ідзіце на ...“.

Спакойна апрануўся. Яны аслупянелі, сказалі: „Ну борзы трапіўся“. Далей, а гэта да 16:30, мы сядзелі моўчкі...

Тады мне сказалі: „Пішы, што адмовіўся ад тлумачэньняў“ і далі раздрукаваны блянк, дзе пазначана, што я азнаёмлены з арт. 27 Канстытуцыі і прэтэнзій ня маю.

Артыкул 27 Канстытуцыі мне невядомы. Мне яго зачыталі. Я сказаў, што не ўспрымаю інфармацыю на слых. Мне яе раздрукавалі.

Яны зразумелі, што я зьдзекуюся. Сказалі, пішы як хочаш. Я напісаў: і пра разьдзяваньне, і пра ўсё ў кантэксьце катаваньняў і бесчалавечнага абыходжаньня. Пасьля гэтага сказалі ісьці...»

Алег Граблеўскі кажа, што на разьвітаньне паспрабаваў пакпіць — маўляў, вы ж хацелі пагаварыць, вас нешта цікавіць? Урэшце даў сябе ўгаварыць і пайшоў, падсумоўвае ён.

Адвакатаў за ўвесь гэты час у памяшканьне так і не дапусьцілі.

Паводле Сяргея Драздоўскага, прэтэнзіі кантралёраў палягаюць у тым, што «Офіс правоў людзей з інваліднасьцю» накіраваў некалькі чалавек да адвакатаў, якія дапамагалі ім бараніць свае правы ў судах за «масавыя беспарадкі». Падчас допыту работнікі ведамства называлі яго «злачынцам і махляром».

21 студзеня ў «Офісе правоў людзей з інваліднасьцю» і дома ў супрацоўнікаў прайшлі агляды. Супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледваньняў Камітэту дзяржкантролю канфіскавалі кампутарную тэхніку і мабільныя тэлефоны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG