Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кангрэсоўцы просяць Байдэна адрэагаваць на пагрозы расейскіх уладаў на адрас Радыё Свабода


 Джо Байдэн у офісе Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, Прага, 1997
Джо Байдэн у офісе Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, Прага, 1997

Чальцы Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША зьвярнуліся да прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна з просьбай адрэагаваць на пагрозы расейскіх уладаў на адрас мэдыякарпарацыі Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода

На думку аўтараў звароту, новыя абмежаваньні, якія ўводзяць Раскамнагляд і Міністэрства юстыцыі супраць прадстаўніцтва РСЭ/РС у Маскве і журналістаў мэдыякарпарацыі, «недапушчальныя і не павінны застацца без сур’ёзных наступстваў для расейскага боку».

Аўтары ліста, прадстаўнікі Дэмакратычнай і Рэспубліканскай партыяў, нагадваюць, што ў гэтыя дні супрацоўнікі Раскамнагляду занятыя складаньнем 130 пратаколаў, якія прадугледжваюць штрафы на сотні тысячаў даляраў для мэдыякарпарацыі і яе праектаў за парушэньне новых правілаў маркіроўкі матэрыялаў у адпаведнасьці з заканадаўствам аб «замежных агентах». Першае судовае пасяджэньне аб прызначэньні штрафаў заплянаванае на 27 студзеня.

Кангрэсоўцы — аўтары звароту — заклікаюць адміністрацыю Байдэна разгледзець магчымасьць увядзеньня санкцыяў супраць расейскіх афіцыйных асобаў, адказных за ціск на СМІ, а таксама прывесьці ўмовы працы расейскіх дзяржаўных СМІ ў ЗША ў адпаведнасьць з абмежавальнымі мерамі, зь якімі сутыкаюцца журналісты РСЭ/РС у РФ.

У апошнія гады Дзяржаўная Дума прыняла, а прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў шэраг законаў, якія сурʼёзна ўскладняюць працу замежных мэдыя ў Расеі. Радыё Свабода, тэлеканал «Настоящее время» і іншыя праекты РСЭ/РС уносіліся ў пералік «замежных агентаў» Міністэрства юстыцыі пачынаючы з 2017 году. Карпарацыя выконвае патрабаваньні Мін'юсту, падаючы дадзеныя аб сваёй фінансавай дзейнасьці і разьмясьціўшы згадку пра статус «замежнага агента» на сваіх сайтах, хоць і расцэньвае гэтае заканадаўства як несправядлівае і юрыдычна спрэчнае.

РСЭ/ РС не зьяўляецца агентам ніводнага з урадаў: законы ЗША гарантуюць журналісцкую незалежнасьць мэдыякарпарацыі, не дапускаючы палітычнага і цэнзурнага ўмяшаньня ў рэдакцыйную дзейнасьць.

Новыя патрабаваньні Раскамнагляду расплывістыя, тэхнічна збольшага невыканальныя, яны відавочна ставяць задачай стварэньне перашкодаў распаўсюду інфармацыі, лічаць у РСЭ/РС. Паводле новага заканадаўства аб «замежных агентах» журналістам, якія супрацоўнічаюць з мэдыякарпарацыяй, пры пэўных умовах пагражае крымінальны перасьлед. Расея знаходзіцца на 149-м з 180 месцаў у сусьветным індэксе свабоды друку, які складае арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў».

Адразу пасьля інаўгурацыі Джо Байдэн правёў кадравыя перастаноўкі ў Агенцтве ЗША па глябальных мэдыя (USAGM), якое каардынуе працу амэрыканскага міжнароднага вяшчаньня. Прэзыдэнт прыняў адстаўку кіраўніка USAGM Майкла Пэка, прызначанага на гэтую пасаду ў сярэдзіне 2020 году Дональдам Трампам.

23 студзеня новая кіраўніца USAGM Кела Чао звольніла прызначанага месяц таму Пэкам прэзыдэнта Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Тэда Ліпеня. Зьмянілася таксама кіраўніцтва «Голасу Амэрыкі» і іншых СМІ, працу якіх курыруе USAGM.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG