Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Маскве аштрафаваў Радыё Свабода, абвінаваціўшы ў парушэньні закону аб замежных агентах


Савецкая карыкатура на Радыё Свабода
Савецкая карыкатура на Радыё Свабода

Судзьдзя Цьвярскога суду Масквы сёньня вынес першыя рашэньні па пратаколах аб адміністрацыйных правапарушэньнях, што склаў Раскамнагляд у адносінах да СМІ, прызнаных у Расеі так званымі замежнымі агентамі.

Пратаколы тычацца мэдыякарпарацыі Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода (РСЭ / РС) і яе праектаў. Расейская юрыдычная асоба карпарацыі і яе генэральны дырэктар аштрафаваныя на агульную суму 1 мільён 100 тысяч рублёў (прыкладна на 15 тысячаў даляраў).

Суд не прыняў да ўвагі пярэчаньні адвакатаў мэдыякарпарацыі. Кіраўніцтва РСЭ / РС, якое лічыць заканадаўства аб замежных агентах несправядлівым і юрыдычна спрэчным, разглядае пытаньне аб падачы апэляцыі на судовае рашэньне. У РСЭ / РС лічаць, што патрабаваньні Раскамнагляду абмяжоўваюць свабоду журналісцкай дзейнасьці, а тэхнічна, да таго ж, збольшага невыканальныя.

Заяву ў Раскамнагляд з інфармацыяй пра тое, што РСЭ / РС не выконвае загад ведамства, які з 30 кастрычніка 2020 году робіць больш жорсткімі правілы маркіроўкі кантэнту на ўсіх плятформах, на пачатку лістапада 2020 году падаў генэральны дырэктар Агенцтва фэдэральных навінаў Яўген Зубараў.

29 сьнежня Раскамнагляд правёў праверку па гэтай заяве, пасьля чаго накіраваў у ТАА «РСЭ / РС», якое прадстаўляе інтарэсы мэдыякарпарацыі ў РФ, паведамленьні аб складаньні сотняў адміністрацыйных пратаколаў па фактах парушэньня загаду. Згодна з плянамі ведамства, іх складаньне завершыцца на пачатку сакавіка. Агульная сума штрафаў можа скласьці сотні мільёнаў рублёў.

Радыё Свабода і яго рэгіянальныя праекты, тэлеканал «Настоящее время», а таксама яшчэ некалькі падразьдзяленьняў Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода былі ўключаныя ў сьпіс «СМІ — замежных агентаў» у канцы 2017 году. Занесеныя ў сьпіс выданьні абавязаныя, у прыватнасьці, падаваць рэгулярныя фінансавыя справаздачы аб сваёй дзейнасьці і пэўным чынам маркіраваць свае публікацыі.

РСЭ / РС выконвае сфармуляваныя ў 2017 годзе патрабаваньні расейскага заканадаўства аб СМІ — «замежных агентах», хоць ацэньвае дзеяньні расейскіх уладаў як «небясьпечныя намаганьні, скіраваныя на перасьлед журналістаў, і крокі да таго, каб грамадзяне Расеі атрымлівалі толькі ўхваленую Крамлём інфармацыю». Кіраўніцтва карпарацыі неаднаразова адзначала, што яе статут гарантуе журналісцкую незалежнасьць і не дапускае палітычнага і цэнзурнага ўмяшаньня ў рэдакцыйную палітыку.

«СМІ — замежным агентам» у Расеі могуць прызнаць і фізычную асобу. У сьнежні Міністэрства юстыцыі РФ прызнала такімі пяць чалавек, трое зь іх — журналісты, якія супрацоўнічаюць з Радыё Свабода.

Расейскае заканадаўства аб некамэрцыйных арганізацыях і СМІ — «замежных агентах» неаднаразова крытыкавалася ўрадамі заходніх краінаў і міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі. Расейскія прадстаўнікі шмат разоў сьцьвярджалі, што «закон аб СМІ — замежных агентах» — «люстраная рэакцыя» на патрабаваньні амэрыканскага заканадаўства аб рэгістрацыі ў ЗША расейскага тэлеканалу RT у якасьці «замежнага агента».

Пры гэтым RT ажыцьцяўляе кругласуткавае тэлевяшчаньне ў кабэльных сетках па ўсёй тэрыторыі ЗША, у той час як доступ да кабэльных сетак і эфірнага тэле- і радыёвяшчаньня для замежных СМІ ў Расеі вельмі абмежаваны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG