Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Маскве адхіліў скаргі РСЭ/РС на штрафы, зьвязаныя з статусам «замежнага агента»


Цьвярскі раённы суд Масквы 3 сакавіка пакінуў без задавальненьня апэляцыі мэдыякарпарацыі Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.

РСЭ/РС абскарджвае рашэньні суду першай інстанцыі, які 10 лютага пацьвердзіў штрафы, накладзеныя агенцтвам «Роскомнадзор» за невыкананьне загаду аб новым парадку маркіроўкі паведамленьняў рэдакцыямі – «замежнымі агентамі».

«РСЭ/РС катэгарычна ня згоднае з рашэньнямі накласьці гэтыя штрафы, — заявіў прэзыдэнт радыё Джэймі Флай. — Мы ня згодныя і зь сёньняшнім рашэньнем суду адхіліць нашыя скаргі на гэтыя рашэньні. Новы загад „Роскомнадзора“ — гэта напад дзяржавы на свабоду сродкаў масавай інфармацыі, гэта парушэньне расейскай Канстытуцыі і закону „Аб СМІ“».

Прэзыдэнт РСЭ/РC адзначыў, што правілы маркіроўкі зьместу, на выкананьні якіх настойвае «Роскомнадзор», зьяўляюцца ўмяшаньнем у працу журналістаў і ставяць сваёй задачай фармаваньне нэгатыўнага стаўленьня аўдыторыі да працы Радыё Свабода, тэлеканалу «Настоящее время» і іншых рэдакцый мэдыякарпарацыі. Па словах Флая, РСЭ/РС аспрэчыць сёньняшнія рашэньні ў судах вышэйшай інстанцыі.

Нягледзячы на судовы перасьлед і ціск Крамля, заявіў Флай, РСЭ/РС не пакіне сваю ўсё большую аўдыторыю ў Расеі: «РСЭ/РС ня спыняць спробы паўплываць на нашу рэдакцыйную незалежнасьць і падарваць здольнасьць дастукацца да чытачоў, гледачоў і слухачоў у той момант, калі расейскае грамадзтва востра мае патрэбу ў аб’ектыўнай і незалежнай інфармацыі».

У 2021 годзе сайты расейскай службы Радыё Свабода рэгіструюць больш за 16 мільёнаў наведваньняў за месяц.

Згодна з патрабаваннямі агенцтва «Роскомнадзор», праекты РСЭ/РС мусяць, у прыватнасьці, разьмяшчаць у пачатку любых сваіх аўдыё- і відэаматэрыялаў 15-сэкундны гукавы фрагмэнт або відэатытр, які паведамляе пра статус замежнага агента. Маркіроўцы падлягаюць, апроч іншага, усе без выключэньня тэксты на сайтах, паведамленьні і пасты ў сацыяльных сетках, незалежна ад іх абʼёму.

У сьнежні 2020-га і студзені 2021 году «Роскомнадзор» накіраваў у ТАА «РСЭ/РС», якое прадстаўляе інтарэсы мэдыякарпарацыі ў Расеі, паведамленьні аб сотнях адміністрацыйных пратаколаў па фактах парушэньня загаду. Супраць мэдыякарпарацыі пачалі 260 адміністрацыйных справаў, 142 штрафы пацьверджаныя судзьдзём 423-га судовага ўчастку Масквы. Агульная сума штрафаў, накладзеных на ТАА «РСЭ/РС» і яе генэральнага дырэктара, можа ў выніку перавысіць 70 мільёнаў расейскіх рублёў (амаль 950 тысяч даляраў). Прадстаўнік «Роскомнадзора» заявіў агенцтву «Интерфакс», што ў ведамстве гатовыя далей павялічваць штрафы; заканадаўства Расеі дазваляе таксама блякаваць сайты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG