На гэтыя пытаньні Свабоды адказвае палітычны аналітык Арцём Шрайбман.
Што адбылося 25 сакавіка?
- Вулічная фаза пратэсту, якую мы назіралі летась, падаўленая
- Гэта ня значыць, што пратэст памёр, што ён не адновіцца
- Але спадзевы на веснавую хвалю наўрад ці матэрыялізуюцца
- Я не чакаю, што ў бліжэйшыя месяцы мы ўбачым адраджэньне пратэстаў
- Пратэсты, як і я цяпер, пайшлі на дэмбель, але і мяне, і іх могуць прызваць ізноў
- Незадавальненьне ўладай, непрызнаньне легітымнасьці абраньня Лукашэнкі нікуды не падзеліся ў значнай часткі грамадзтва, калі ня ў большасьці
- Цана выхаду на вуліцу сёньня велізарная, магчыма, самая высокая за ўсю найноўшую гісторыю Беларусі
- А вера ў перамогу шляхам мірных вулічных пратэстаў сёньня не на вышыні, у тым ліку і ў пратэставага актыву
- У разрыве паміж настроямі шырокага апазыцыйнага поля ў Беларусі і настроямі дыяспары і ляжыць праблема
Успамін пра жнівень-2020
- 12–13 жніўня 2020 году былі вельмі сьвежыя эмоцыі наконт гвалту ў першыя дні пасьля выбараў
- І менавіта гэта, а не фальсыфікацыі на выбарах, было каталізатарам таго, што незадавальненьне вылілася на вуліцы
- Цяпер людзі адаптаваліся да пэўнага ўзроўню гвалту, ён выклікае абурэньне, але не выклікае такіх вострых эмоцыяў
- Ну, і ўлада сёньня ўсё ж тысячамі людзей у засьценках не катуе
- Тады быў вельмі важны фактар — ланцугі салідарнасьці жанчын у белым
- І тады недзе на тыдзень адкрылася вакно магчымасьцяў, калі рэпрэсіяў амаль не было
- Цяпер няма адчуваньня, што гэтае вакно адчыненае
- Цяпер улада падтрымлівае адчуваньне, што ня тое што за выхад на вуліцу, а нават за шкарпэткі не таго колеру будзе пакараньне
- На 25 сакавіка ніхто і не заклікаў да масавай акцыі
- Ва ўлады банальныя праблемы з аналітыкай. Яны ў тым ліку і ў тым, што яны перасьцерагаліся масавых пратэстаў на 25 сакавіка
Галасаваньне на «Голасе» — «вынік ніжэйшы за сярэдні»
- Мне здаецца, што лічбы галасаваньня на «Голасе» па прапанове Ціханоўскай наконт перамоваў горшыя, чым чакалі ў яе штабе
- 750 тысячаў з улікам піяру, які быў вакол гэтай ініцыятывы, — гэта вынік ніжэйшы за сярэдні
- На хвалі дэмабілізацыі пратэсту спрабаваць паказаць, як шмат прыхільнікаў пераменаў — гэта магло стаць самастрэлам
- Ціханоўская зараз на «Голасе» сабрала не нашмат больш, чым ёй у жніўні даў ЦВК
- Я ня бачу наўпроставай сувязі паміж пратэставым патэнцыялам і колькасьцю затрыманых 25 сакавіка
- Учора затрымлівалі вельмі шмат абсалютна выпадковых мінакоў, іх доля была значна вышэйшая, чым падчас пратэстаў у лістападзе-сьнежні
- Для новых пратэстаў павінны скласьціся ўмовы, пакуль іх няма
- Людзі сталі больш упэўненымі ў сваіх поглядах
- Сацыялягічныя апытаньні паказваюць, што ўзровень падтрымкі ўлады не падвысіўся, узровень падтрымкі пратэсту застаўся такі самы, які быў увосень
- У пэўнага, невялікага кола пратэстоўцаў ёсьць пэўнае расчараваньне ў Сьвятлане Ціханоўскай, але яно не ператвараецца ў сымпатыі да Лукашэнкі
Дылема Лукашэнкі: закручваць ці адкручваць гайкі
- Я ня думаю, што ўлада зараз адчувае, што яна цалкам здушыла пратэст
- Гледзячы па яе паводзінах 25 сакавіка, яна так сябе не адчувае, яна чакала нечага іншага
- Пасьля поўнага сыходу пратэсту з вуліцаў павінна прайсьці некалькі месяцаў, да году, каб сілавая машына і сам Лукашэнка супакоіўся
- Пасьля 2010 году для выхаду на траекторыю дээскаляцыі спатрэбілася пару гадоў
- Тады ціск на СМІ, на праваабаронцаў, брутальнасьць міліцыі на масавых акцыях сталі слабець толькі ў 2013–2014 гадах
- Летась шок і траўма для сыстэмы былі нашмат большыя, чым 10 гадоў таму
- Вызваленьне 50 палітвязьняў можа спыніць прыняцьцё далейшых санкцыяў, і гэта не абавязкова спародзіць новыя пратэсты, так што ва ўлады ёсьць прастора для манэўру
- Лукашэнка наўрад ці пойдзе на дээскаляцыю, пакуль ня выбудуе дакладную траекторыю транзыту ўлады
Заклік Латушкі мяняць рублі на даляры і забіраць банкаўскія ўклады
- У жніўні 2020 году людзі пайшлі ў абменьнікі, і Нацбанк быў вымушаны выкінуць больш за мільярд даляраў на валютныя інтэрвэнцыі, хоць вялікую дэвальвацыю ён тады прадухіліў
- Чакаць, што зараз людзі адрэагуюць на заклік Латушкі мацней, чым у жніўні летась, я б ня стаў
- Але ёсьць адчуваньне надыходу фінансавага крызісу, нечага падобнага да 2011 году
- І вось далей чуйныя беларусы могуць і пабегчы ў абменьнікі. І не на заклік Латушкі, а таму, што адчуюць — прыйшоў час туды бегчы
- Але калі гэта адбудзецца, не відавочна, што гэта падарве сыстэму
- Гэта падарве кіраванасьць і зьнізіць падтрымку Лукашэнкі, але ці прывядзе гэта да пратэставай мабілізацыі?
- Хуткае зьбядненьне можа прывесьці да высілкаў дзеля ўласнага выжываньня, а не да супольных намаганьняў зрынуць уладу