Судзьдзі, які асудзіў на 15 сутак арышту старшыню не прызнаванага ўладамі Саюзу палякаў Беларусі Анжаліку Борыс, будзе бестэрмінова забаронены ўезд у Польшчу. Пра гэта на прэс-брыфінгу расказаў кіраўнік канцылярыі прэм’ер-міністра суседняй краіны Міхал Дворчык, паведамляе TUT.by са спасылкай на партал wiadomosci.onet.pl
Міхал Дворчык паведаміў, што ўрад Польшчы будзе рабіць захады на карысьць усіх палякаў, якія цярпяць ад рэпрэсій у Беларусі.
Ён падкрэсьліў, што прэм’ер Польшчы Матэвуш Маравецкі на пасяджэньні Рады Эўропы «падыме тэму рэпрэсій супраць польскай меншасьці ў Беларусі».
«У адпаведнасьці з указаньнямі прэм’ер-міністра Матэвуша Маравецкага судзьдзі, які асудзіў Анжаліку Борыс на 15 сутак арышту, бестэрмінова будзе забаронены ўезд на тэрыторыю Рэспублікі Польшча», — паведаміў Міхал Дворчык.
Старшыню незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі Анжаліку Борыс затрымалі 23 сакавіка і на наступны дзень асудзілі на 15 сутак за правядзеньне кірмашу рамесьнікаў «Гарадзенскія Казюкі». Як паведамляў у сваім Twitter журналіст Анджэй Пачобут (яго таксама пазьней затрымалі), яе судзіў Руслан Гурын — судзьдзя суду Ленінскага раёну Горадні.
Пазьней пракуратура завяла на Борыс крымінальную справу па артыкуле аб распальваньні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці або розьні.
Дворчык падкрэсьліў, што кожны беларускі чыноўнік і кожны, хто ўдзельнічае ў рэпрэсіях супраць польскай меншасьці ў Беларусі, «пацярпіць ад наступстваў».
«На дадзены момант мы рыхтуем плян дзеяньняў, накіраваных на дапамогу пацярпелым, — паведаміў кіраўнік канцылярыі прэм’ер-міністра Польшчы. — Мы таксама разьлічваем на салідарнасьць нашых эўрапейскіх партнэраў. Згаджацца зь перасьледам людзей толькі за тое, што яны маюць польскую нацыянальнасьць, катэгарычна нельга», — сказаў кіраўнік канцылярыі прэм’ер-міністра Польшчы Міхал Дворчык.