Пра што гавораць затрыманьні і як можна расцэньваць інфармацыю галоўнага рэдактара «Эхо Москвы» Аляксея Венядзіктава пра тое, што рыхтуецца перамоўная пляцоўка па Беларусі пры АБСЭ ў Швэцыі? Пра гэта тэлеканал «Настоящее время» запытаўся ў чальца Каардынацыйнай рады Беларусі Вольгі Кавальковай.
— Акцыя сёньня (25 сакавіка. — РС), на ваш погляд, адбылася? Вы задаволеныя тым, як яна прайшла і колькі людзей выйшла?
— Тут складана сказаць, ці хтосьці задаволены, галоўнае, каб людзі былі ў бясьпецы. Насамрэч кожны прымае для сябе рашэньне, якім чынам сьвяткаваць, якім чынам выходзіць. І мне здаецца, вось кадры, якія мы сёньня бачылі: людзі выходзілі на вуліцы, людзі вывешвалі сьцягі, людзі ўключалі музыку, запускалі шары, мае сябры зараз сьвяткуюць Дзень Волі дома, слухаючы музыку. Таму кожны для сябе робіць выбар. Мне здаецца, што тая актыўнасьць, якая была напярэдадні Дня Волі, сёлета прапанавана штабам Сьвятланы Ціханоўскай, якую падтрымала Каардынацыйная рада, гэтае апытаньне на плятформе «Голас» з патрабаваньнем перамоваў — яно прапанавала людзям онлайн-актыўнасьць, яны ў яе ўключыліся, і больш як 750 тысяч людзей ужо прагаласавалі на гэтай плятформе.
І, вядома ж, сёньня, трэба сказаць, і працоўны дзень, і, у прынцыпе, ваеннае становішча ў Беларусі. Таму відавочна, што чакаць у сьвятле такіх рэпрэсій і штодзённых судовых пасяджэньняў, што людзі выйдуць вельмі моцна масава, — мне здаецца, мала хто чакаў гэтага. Але людзі, мяркуючы па маіх сацыяльных сетках, па маіх тэлефанаваньнях, дастаткова бадзёрыя і сьвяткуюць сёньня гэты дзень. Ён ніколі нам не даваўся лёгка, трэба сказаць, у Дзень Волі і ў 2017 годзе былі масавыя затрыманьні і зьбіваньні, і часта ён быў нелегальным, і людзі ўсё роўна выходзілі. Таму мы на сваёй памяці памятаем розныя Дні Волі, так што мне здаецца, што сытуацыя будзе мяняцца.
— Вы пачалі гаварыць пра тое, як улады перад акцыяй, перад Днём Волі сябе паводзілі. На гэтым хацелася б акцэнтаваць з вамі ўвагу. Гэта нешта новае, гэта нешта беспрэцэдэнтнае? Пра што гэта кажа?
— Перад Днём Волі былі прэвэнтыўныя затрыманьні, былі затрыманыя таксама лідэры зарэгістраваных партый: Ігар Барысаў, Мікалай Казлоў, таксама чалец Каардынацыйнай рады, цяпер адбывае 15 сутак арышту. Затрымліваюць актывістаў і ў рэгіёнах, і ў Менску. Гэта ня новае, паколькі прэвэнтыўныя затрыманьні былі і раней, і перад рознымі масавымі мерапрыемствамі, і перад спартыўнымі мерапрыемствамі затрымлівалі актывістаў. Гэта сапраўды такі мэтад запалохваньня людзей для таго, каб людзі не выходзілі на вуліцы.
Але вы разумееце, што такога беспрэцэдэнтнага ўзроўню ціску і рэпрэсій на працягу сямі месяцаў, якія ажыцьцяўляліся з боку ўлады, такога, вядома ж, не было. І відавочна, што калі ў горадзе ваеннае становішча, людзі, напэўна, прымаюць для сябе самі рашэньне, якім чынам ім сваю грамадзянскую пазыцыю заявіць, і выбіраюць розныя іншыя спосабы. Вось толькі што таксама зьявілася інфармацыя, што сёньня была затрыманая Аксана Зарэцкая з Каардынацыйнай рады, яна ёсьць у сьпісах. Таму я думаю, што, вядома, рэпрэсіі ўсё роўна будуць працягвацца. Але трэба сказаць, што па той колькасьці людзей, якія прынялі ўдзел у галасаваньні, і па той інфармацыйнай хвалі відавочна, што беларусы ўсё роўна не здаюцца і мабілізацыйны патэнцыял дастаткова высокі. Ніхто не зьмірыўся з станам рэчаў, якія адбываюцца ў краіне. Гэта, мне здаецца, самае важнае цяпер.
— У самым пачатку размовы вы казалі пра тое, што людзі самі прымаюць рашэньне — выходзіць ці не, але, тым ня менш, не магу вас не спытаць. Напрыклад, Сьвятлана Ціханоўская звычайна выкарыстоўвае выраз «людзі выйдуць на вуліцы», але пры гэтым я, прынамсі, не ўзгадаю, каб яна казала: «Выходзьце!». Але пры гэтым, напрыклад, Павал Латушка сёньня сказаў ужо такое слова вось прама: «Выходзьце!» — што зьяўляецца заклікам. Ці ня час ужо пераходзіць да такіх зносінаў зь беларусамі, каб сапраўды заклікаць выходзіць на акцыі?
— Павал Латушка заклікаў выходзіць ня сёньня, а яшчэ некалькі дзён таму, пяць дзён таму, напэўна, быў яго зварот аб гэтым, так, сапраўды, такі заклік быў. Але справа ў тым, што тут, мне здаецца, заклікаць ці не заклікаць — трэба разумець адказнасьць, якая ляжыць на лідэрах, якія заклікаюць людзей выходзіць.
Я вам скажу, што ў 2017 годзе ўсе лідэры сядзелі, і ў горад выйшла вялікая колькасьць людзей, тады я яшчэ не была лідэрам сваёй палітычнай партыі, але я актыўна ўдзельнічала, узяла на сябе адказнасьць адстойваць людзей, весьці камунікацыю зь міліцыяй, каб людзей не затрымлівалі. Мне здаецца, што наша велізарная перамога якраз складаецца з такіх рашэньняў кожнага чалавека: у нейкія моманты браць удзел у жыцьці краіны, рабіць тое, што кожны можа.
Ведаеце, вам скажу шчыра, што, напэўна, заклікаць выходзіць можна, але вы паглядзіце на гэтыя кадры — і куды выходзіць? У абложаны горад зь вялікай колькасьцю аўтазакаў, і калі кожны дзень судовыя паседжаньні, учора чарговы прысуд, гэта сем гадоў 25-гадоваму дызайнэру — вядома ж, улада зрабіла ўсё для таго, каб людзі адчувалі страх, але страху ў людзей усё роўна няма. Настрой у людзей унутрана пратэставы нікуды ня дзеўся. І што будзе адбывацца далей? Далей гэта незаплянаваныя акцыі пратэсту, гэта рэакцыя на паводзіны ўлады. Вядома ж, відавочна, што Лукашэнка і сілавікі рыхтаваліся да сёньняшняга дня на працягу тыдня: сьцягвалі ва ўсе гарады вайсковую тэхніку. Таму далей пратэст дакладна масавы будзе, але ён будзе такім рэактыўным хутчэй, на мой погляд, чым прызыўным.