Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кожны дзень думай аб тым, што ў нас наперадзе шчасьце». Правілы жыцьця Янкі Купалы


7 ліпеня 1882 году ў вёсцы Вязынка, што паміж Менскам і Маладэчнам, нарадзіўся Янка Купала. Звычайны беларускі хлапец з танклявымі рысамі твару мог паўтарыць лёс свайго бацькі — дробнага шляхціца, які жыў з арэнды зямлі.

Але прага да асьветы і чытаньня кніг, жаданьне спасьцігнуць сябе, свой народ і краіну вывелі Купалу на Вялікі беларускі Гасьцінец.

Гэты шлях прывёў яго да ўсьведамленьня ўласнай місіі як поўнай меры адказнасьці перад Радзімай. І тады над Беларусьсю загучала «Малітва» Купалы…

Хто ведае, можа, толькі яна і беражэ беларусаў ад апошняй, самай злоснай бяды:

«Я буду маліцца і сэрцам, і думамі,
Расьпетаю буду маліцца душой,
Каб чорныя долі зь мяцеліцаў шумамі
Ня вылі над роднай зямлёй, нада мной…»

У дзень 138-годзьдзя з дня нараджэньня Купалы прапануем чытачам нізку ягоных разваг і думак аб жыцьці грамадзтва і літаратуры (ён агучыў іх у публіцыстычных артыкулах і прыватных гутарках, лістах), а таксама своеасаблівыя «правілы жыцьця» нашага клясыка — першага народнага паэта Беларусі.

Пра выбар прафэсіі і самога сябе

«Я ня ўмею чытаць сваіх вершаў, наогул дрэнна чытаю (услых)».

***

«Каб я ня стаў паэтам, я быў бы, відаць, настаўнікам. Гэта самая цікавая работа на сьвеце. Словы „інжынэр чалавечых душ“, якія адносяцца да пісьменьніка, у большай меры, на маю думку, адносяцца да настаўніка».

***

«Я, можна сказаць, самавук. Вельмі нялёгка мне было выбівацца на дарогу. І ўсё ж, ня хвалячыся, скажу, тое-сёе зрабіў».

***

«Ня я адзін складаў свае песьні, якія заслужылі столькі ўважлівасьці, нават скажу болей, і ня я іх выдумляў, — я толькі падслухаў думкі сардэчныя беларускага селяніна і работніка ды гэтыя думкі на паперу перавёў. Такім чынам, атрымалася як бы калектыўная праца…»

***

«Я не аратар. Мне цяжка і нязвыкла выступаць перад вялікай аўдыторыяй».

Пра свабодных людзей і нявольнікаў

«У нашым краю шмат жыве палякаў, расійцаў, жыдоў, татараў. Лепшыя з гэтых людзей даўно ўжо прыйшлі да перакананьня, што свабодны беларус у сваёй незалежнай дзяржаве будзе куды прыхільней адносіцца да іх, чымся беларус, падняволены чужынцам.

У нявольніка заўсёды ёсьць больш помсты і нянавісьці к другім, чымся ў чалавека вольнага».

Пра стварэньне настрою

«Настрой ствараецца ня толькі ў душы, а і звонку. Халодная вада, брытва — найлепшая зарадка. Я не магу нічога рабіць расчухраны, а пісаць і пагатоў».

Пра благую звычку беларусаў

«Цікавыя людзі мы — беларусы! Трэба прызнацца, што якое бы ліха навокал нас і з намі самімі ні рабілася, якіх бы мы ні перажывалі нягод і крыўд — мы гэтага як бы ня бачым, а калі і бачым, то ціха церпім ды чакаем, што вось нехта прыйдзе і гэта наша ліха забярэ з сабою.

І праўда, вечна хто-небудзь і як-небудзь, а прыходзіў і намі апекаваўся, хоць нашага ліха і не забіраў».

Пра новыя формы ў мастацтве

«Мне самому часам не падабаецца дзе-што з новай формы ў мастацтве. Але ж я добра разумею, што без шуканьняў ня можа быць майстэрства, ня можа быць поступу наперад. Таму я і вітаю гэта новае, маладое. Многа зь яго адамрэ, але многа і застанецца.

Вось як у лесе: падымаецца маладняк — не прадзярэсься празь яго. А пачакай, пройдзе год дзесяць — застануцца гонкія, прыгожыя сасонкі, а рэшта — пазасыхала, спынілася…»

Пра сваё галоўнае жаданьне

«Я аднаго жадаю, каб да мяне прыходзілі ўсе, хто хоча, каб прыходзілі ў любы час».

Пра незалежнасьць Беларусі ў вачах іншых

«Калі гавораць аб незалежнасьці якой-небудзь новай дзяржавы, вызваленай вайной і рэвалюцыяй з-пад расійскага ярма, то гэта, здаецца, так і трэба, так і павінна быць.

Незалежная Польшча, Літва, Украіна, Латвія і гэтак далей — усе яны маюць права на гэта, усіх іх можна прызнаць, нават можна і дапамагаць ці то фізычна, ці маральна, і незалежнасьць гэтых дзяржаў не выклікае ніякіх вялікіх спрэчак. (…)

А вось загаварыце вы аб беларускай незалежнасьці… Тут вам цэлую кучу нагавораць усялякіх перашкод, недарэчнасьцяў, што аж вушы вянуць, слухаючы. На ўсякую іншую незалежнасьць кожны з вамі згодзіцца, абы толькі не на беларускую».

Пра паэтаў, народ і гісторыю

«Мала мець талент — трэба ўмець яго аддаць свайму народу».

***

«Ня ўсё тое золата, што блішчыць, ня ўсё тое народнае, дзе войканьні, аханьні, падгалошваньні. Народнае тое, што глыбока і праўдзіва перадае думы, мары запаветныя народа, што кранае душу народа, што акрыляе сэрца чалавечае».

***

«Гісторыя народаў у нашы часы творыцца не гадамі, а днямі. Кожны дзень штось прыносе, кожны дзень творыць штось новае, вялікае».

Пра цемру, сонца і ранак

«Многа сонца трэба чалавеку. Толькі ня ў чэрствую істоту. Туды колькі ні лі, усё намарна, калі ў самім сэрцы няма сонечнага праменьчыка… Няхай жыве сонца, хай зьнішчыцца змрок!»

***

«Вось былі маленькімі і добрымі, баяліся цемры і не любілі яе. Сталі дарослымі і злоснымі — баімся сьвятла. Але гэта ўсё няпраўда. Станем вялікімі і добрымі і зноў будзем радавацца сьвятлу і сонцу».

***

«Ранак — куды лепшы час для дзейнасьці чалавека ўжо хоць таму, што за ноч усё адпачывае, а пасьля адпачынку зьяўляецца вялікая прага да жыцьця, да дзейнасьці. Вось чаму нельга працаваць ноччу, асабліва маладому чалавеку».

Пра самае блізкае

«Тое, што больш блізкае і роднае, заўсёды павінна быць для сэрца незвычайным».

Пра фальшывых прарокаў і ворагаў Беларусі

«На беларускай зямлі было і цяпер ёсьць шмат фальшывых прарокаў, шмат рэнэгацкіх душ, што за лыжку поснай поліўкі з чужой міскі запрадаюць сябе і свой народ у рабства чужынцам…»

***

«Шчасьлівы край гэта — наша бацькаўшчына Беларусь! Які час гістарычны ні возьмем, зь якога боку цяпершчыны ні глянем, адусюль, як у Піліпаўку сьнег, сыпаліся і сыплюцца на яе апекуны. І кожны з гэтых няпрошаных апекуноў цягне душу беларускую на свой млын».

***

«Расьце нязгода, расьце нянавісьць — рэчы, нікому не патрэбныя, апрача хіба ворагам нашага народа».

Пра Тараса Шаўчэнку

«З усіх пісьменьнікаў сьвету Шаўчэнка самы моцны духам. Ён мужны, як сам народ. Я не магу сабе ўявіць паэта, які не вучыўся б у вялікага Шаўчэнкі… А ўкраінскія народныя песьні! У адной песьні — цэлае стагодзьдзе. Адна песьня — драма, аповесьць або паэма… Вось так я напісаў сваю „Бандароўну“.

Пачаў я пісаць вершы пасьля таго, калі прачытаў „Кабзара“. Украінскі народны паэт, яго мова выклікалі ў мяне любоў да роднай, беларускай мовы».

Пра неабходнасьць веры

«Хіба жывая вада з нашых казак гэта не народная вера ў адраджальную сілу зямлі?»

***

«Верце, што мы зьяўляемся дзейнымі асобамі, героямі чараўнічай песьні, чудатворчай містэрыі, якую тварыць на Беларусі паклікала нас само жыцьцё.

У гэтых чарах, у гэтым выяўленьні бясьсьмертнага чалавечага духу — наша пабеда, наша слава і шчасьце — цяпер і ў будучыні».

***

«Вера прыводзіць перамогу».

Пра самае рызыкоўнае пытаньне да паэта

«Што значыць — над чым я працую? Задаць такое пытаньне паэту — рызыкоўна. Можна атрымаць адказ — „ні над чым“, але можна і сказаць — „над усім“».

Пра сваё юнацтва

«Прыход свайго юнацтва я сустрэў чатырма магіламі. Памёр бацька, а сьледам за ім брат і дзьве сястры ў адзін тыдзень. Гэта страшэнна мяне змагло».

***

«Дырэктар [Менскай рэальнай школы] мяне прымаў без экзамэну, але бацька пастанавіў не аддаваць у школу, а ісьці гаспадарыць.

Гаспадар зь мяне выйшаў кепскі. Гаспадаркі не любіў, а вазіўся заўсёды з кніжкамі, за што меў ад бацькі частую нагонку».

***

«Маладосьць прайшла мая страшэнна пагана. Чытаньне кніжак без разбору, а чытаў я іх вельмі шмат, разбудзіла маю фантазію. І вось у душы маёй быў вечна нейкі пякельны разлад. Ніяк ня мог я пагадзіць акружаючага рэальнага жыцьця з жыцьцём думак, фантазіі, якія пачарпнуў з кніг».

***

«Захавалася ў мяне адна фатаграфія. Мне да болю цяжка глядзець на яе. Я сфатаграфаваны там у сялянскай сьвітцы — на мяне глядзіць белакуры твар юнака-селяніна. Ці ж не паказальная гэта фатаграфія!

Сялянскі хлапец, праняты вялікай верай у будучыню свайго народа, поўны энтузіязму і паэтычнага запалу, я разам з такімі ж, як і я, маімі таварышамі-паэтамі былі галасамі забітага і замучанага да крыві польскімі панамі і царскімі сатрапамі слаўнага народа.

Мы імкнуліся выражаць думы народа, яго крыўду, яго пакуты. Плакалі разам зь ім, гнеўна бунтавалі і верылі ў яго будучыню».

Пра працу над «Словам пра паход Ігаравы»

«Я так зжыўся з творам, што, зрабіўшы пераклад, як бы адчуў сябе сааўтарам „Слова“ і гляджу на гэту сваю працу як на сваю ўласную творчасьць».

Пра задачы мастацтва

«Мастак і паэт павінны абуджаць у чалавеку імклівасьць і ўпэўненасьць. Упэўненасьць у тым, што ні пры якіх выпрабаваньнях ён не загіне, а імклівасьць патрэбна выхоўваць у чалавеку для таго, каб ён хутка рэагаваў на супраціўленьне і хутка яго пераадольваў».

***

«Калі гавораць гарматы — музы маўчаць? Наадварот, у дні баёў музы працуюць з двухсотпрацэнтнай нагрузкай».

***

«Усё павінна быць ад сэрца, тады гэта будзе непараўнальнае, тады кожны верш абавязкова запомніцца ўсім, хто яго прачытае. І ніколі не спадабаецца тое, што надуманае, павярхоўнае. Натуральнае і сапраўднае — вось што кранае чалавека».

***

«Добрая ў нас прырода. Многа пра яе пісаць трэба… І маладыя хлопцы глядзяць на яе ўжо іншымі вачыма, чым глядзелі мы. Але адна справа — дрэва ў лесе, а другая — у вершы. Тут яно павінна ўжо ня лісьцем шумець, а чалавечым голасам гаварыць».

Пра дзяцей і гісторыю аднаго верша

«Я за ўсё сваё жыцьцё не напісаў нічога значнага для дзяцей. Я ў даўгу перад імі».

***

«Справа была летам. Жыў я на дачы, у Ляўках. Аднойчы мы ішлі з таварышам па вясковай вуліцы і так захапіліся сваёй гутаркай, што забыліся пра ўсё на сьвеце. Раптам з брамы, насустрач нам, выбег хлопчык — загарэлы, зь белымі льнянымі валасамі. Ад неспадзеўкі мы спыніліся.

Хлопчык бег, кружачы перад сабой рукамі, і гудзеў, падрабляючыся голасам пад гук самалёта. Ён быў так захоплены сваёй гульнёй, што не зьвярнуў на нас ніякай увагі і, як страла, прамчаўся міма. Твар у яго быў сур’ёзны, сабраны на адной думцы. Мяне гэта ўразіла.

— Кім быць хочаш? — крыкнуў я яму наўздагон.

Ён, не спыняючыся, павярнуў да мяне галаву і звонкім дзіцячым голасам адказаў:

— Лётчыкам!

Гэтая сустрэча пакінула ў сэрцы цёплы, радасны сьлед. Вобраз хлопчыка стаяў у маіх вачах, і я напісаў верш «Хлопчык і лётчык».

Пра шлях, будучыню і шчасьце

«Кожны дзень думай аб тым, што ў нас наперадзе шчасьце».

***

«І мы паўміраем, можа, не дачакаўшыся, калі мінецца няшчасьце. А зямля наша — будзе. Пэўна ж, не такая краіна, як цяпер, але з усім добрым, што выгараваў і выкаваў народны дух, які жыве ў яе імені».

***

«Шчасьлівы сягоньня той, хто можа глядзець адкрытымі сумленнымі вачыма ў вясёлыя вочы нашай будучыні».

***

«Мала што можа чапляцца за ногі ў вялікай дарозе».

***

«Пачакайце, сьвет зьдзівіцца, як мы цяпер закрочым наперад… Жыве наша Беларусь!»

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Думкі перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG