Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мадэрнізаваная эстэтыка як інтэлектуальны «эфэкт ачужэньня»


«Эфэкт ачужэньня», або «фаў-эфэкт» (ад нямецкага Verfremdungseffekt) — гэта з Брэхта. Папулярна кажучы: каб глядач ня толькі захлынаўся эмоцыямі, як у Станіслаўскага, але і думаў, рэжысэр раз-пораз аглушае рэцыпіентаў драматычнага акту абсурдна-нечаканай інтэрмэдыяй сярод дынамічнага разгортваньня сцэнічнага дзеяньня. У «Бэрлінскім Ансамблі» яшчэ часу ГДР, які ўжо ўзначальвала Гелена Вайгель, удава драматурга, мне давялося назіраць, як трыюмфальны танец «Яблочко» выконваў рэвалюцыйны рускі матрос з фігурай рахітычнага хіляка і антуражам хіжага пірата.

Гэты тэатральны сцэнічны прыём узьбягае мне на яў, калі я назіраю за спробамі мадэрнага прачытаньня клясыкі розных жанраў або рашучага сьцьвярджэньня разьняволенай эстэтыкі і этыкі ва ўласных творах на шляху да «сучаснага мастацтва» і дэмакратычных каштоўнасьцяў. Тэма старая, але пра яе трэба гаварыць. Гэта ёсьць у Эўропе і ў нашых блізкіх суседзяў.

Мадэрнізаваная эстэтыка расстаўляе свае пасткі так, што творца можа міжволі сасьлізнуць у гарэзію і страціць адчуваньне мяжы паміж дабром і злом. Пры ўспрыманьні твораў нашых «разьняволеных» аўтараў пачуцьцё эстэтычнай няёмкасьці паглыбляецца тым, што нам у кантэксьце пэўнай запозьненасьці пад выглядам мадэрну прапаноўваюць эстэтычнае азадзьдзе «цывілізаванага» сьвету ці біцьцё мёртвага ільва. Тады зьяўляюцца творы кшталту «Кавы са спэрмай», ці сьцёбу «Марат Кэйзі мэйкс мі крэйзі» (крытыка культу піянэра-героя Марата Казея), або паэтычная гульня словаў «Лісты з-пад коўдры» (цяжка пазбавіцца ад алюзыі на Каліноўскага), «Хлопчык і копчык», «Пляўкі» (сугучна зь «Ляўкі») і г. д. Ня ўсе партызаны былі бязгрэшныя, але ж уявіце сабе, што гэты сцэнічны сьцёб паэтычнага сямейнага дуэту слухала б з залі сястра Марата Арыядна, выцягнуўшы ў праходзе пратэзы абедзьвюх ног, адмарожаных падчас той партызанскай апэрацыі, калі ўзарваўся разам зь немцамі ейны брат. Нават калі б гэта быў чысты міт, як з тымі панфілаўцамі, публічнае блюзьнерства з памерлых нагадвае танец дэманаў на начных могілках.
Я ня ўбачыў Каіна, які ўсьмерціў беларускую літаратуру, «здрадзіўшы ёй». Я ўбачыў укрыжаваную ахвяру.

Апагеем такой эстэтыкі стаў «Гамбурскі рахунак» нашага гамбурскага беларуса, які нічога новага не сказаў нам пра нашую літаратуру, а толькі, дэманструючы сваю «мазаічную начытанасьць» і вялікадушныя спробы зьмясьціць нашых «беллітаўцаў» у Мэтэрніхаўскі сад, напісаў «Каяна Лупаку» ды зьмяшаў беларускі гародчык з францускім палісадам, параўноўваючы сапраўдныя пакуты каханьня галоўнага героя «Дзьвюх душ» Максіма Гарэцкага з сартраўскімі літаратурна-сэксуальнымі экспэрымэнтамі «новага арыстакрата-мандарына», а глыбока трагічны стрэл «Рускага» гэтага ж аўтара з абыякавым забойствам араба экзыстэнцыйным маргіналам Марсо, які, выпіўшы каву каля трупа ўласнай маці ў моргу, пайшоў расслабіцца на пляж (гэта з «Чужаніцы» Альбэра Камю).

У сваім новым эсэ «Ганаровая варта на могілках» Ян Максімюк, як заўсёды акуратненька ды інтэлектуальна, паведаў нам пра адносіны нарвэсцаў да Кнута Гамсуна, нобэлеўскага ляўрэата і фашыстоўскага калябаранта. Не параўноўваючы Янку Купалу з Гамсунам у каштоўнасным сэнсе, а толькі яшчэ раз, як і ў сваёй ранейшай публікацыі «Цёмная камора белліту», сьцьвярджаючы сваё права чытача выказвацца «бязьлітасна» з халодным сэрцам крытыка-«пазытывіста» з свайго інтэлектуальнага эўрапэйскага «далёка», аўтар эсэ неяк ускосна, 25-м кадрам (для сярэдняга чытача) уціснуў Янку Купалу ў ня вельмі прыстойную кампанію. Лёгіка простая: там здрада гуманістычным пачаткам чалавецтва, тут — паэтычнае калябаранцтва — здрада літаратуры, паводле аўтара, ня менш цяжкая, чым банальны данос. Але ж не халоднае сэрца і зьнітаванасьць са сваім, родным, павінны былі падказаць чытачу і крытыку Максімюку, што аналёгія паміж Гамсунам і Купалам — цёмны інтэлектуальны рэфлекс, народжаны «пазытывісцкімі» дэманамі, бо аўтар «Зарослых сьцежак» быў сьвядомы і перакананы фашыст, а наш Купала — быў узорным вязьнем савецкага канцлягеру і пісаў панэгірыкі пачварнай сыстэме, робячы экзыстэнцыйны выбар паміж уласным жыцьцём і сьмерцю. Мы яшчэ ня ведаем (і ці даведаемся калі?), ці толькі ўласнае жыцьцё Купалы стаяла на кану, калі яго ставілі перад жудасным выбарам.

Пра «цёмныя каморы» беларускай літаратуры ўсе — і пісьменьнікі, і тыя, хто чытае беларускія кніжкі — даўно ўсё ведаюць. Я асабіста, калі ў 80-х гадах пісаў артыкул «Мова Янкі Купалы» для купалаўскай энцыкляпэдыі, зьведаў пэўны эстэтычны шок, папрацаваўшы ў архівах і прачытаўшы тады ўсё даступнае Купалава і пра Купалу. Я ня ўбачыў Каіна (я так успрымаю «Каяна Лупаку»), які ўсьмерціў беларускую літаратуру, «здрадзіўшы ёй». Я ўбачыў укрыжаваную ахвяру. Божа, да чаго давялі чалавека! Я эстэтычна ўпэўніў сябе, што Купала ляцеў насустрач свайму збавеньню, калі падаў з высокіх паверхаў маскоўскага гатэлю, падаў як уцякач- нявольнік. Падаў, «рвучы путы, скруты, блюшчы», каб «расстацца з ночай».

Якія балючыя словы ды інтанацыі праломваліся ў той цёмнай каморы праз «аптымістычны» сацыялістычны асфальт 30-х гадоў! «Сыходзіш, вёска, зь яснай явы, як сон журботны, нежаданы ...» , «гарбы тваіх нямых курганаў ... парэжа сталь, як нож баранаў», «твае сівыя забабоны усьмерціць радыёвы гоман». Услухайцеся ў стомленыя інтанацыі апошніх строфаў верша «Госьці» («Ка мне у госьці з прывітаньнем шчырым// і з песнямі калгаснікі прыйшлі...»): «Ды шмат яшчэ аб чым мы гаманілі,//А больш за ўсё аб дасягненнях тых... (тут я зьвяртаю ўвагу на слова „тых“ і Купалава шматкроп’е)//Спрасоння недзе певень хлопнуў крыллем, // На небе ўсходзіў месяц залаты.» Апошняя страфа гучыць як уласны прысуд-разьвітаньне: «І госці выйшлі. Ціша наступіла.// Тут адна думка ўзбегла мне на яў: // Калгаснікам адвагі не хапіла// Прасіць, каб песню аб калгасе склаў».

Прачытайце верш «Шоў я пушчаю ...» і вам, магчыма, адкрыецца, як сон, пра што мог думаць Янка Купала ў апошнія імгненьні свайго жыцьця.

Пра ўсё гэта, помніцца, мы гаварылі на імправізаваных «купалаўскіх чытаньнях» у 1986 годзе ў баку ад афіцыйнага сьвята паэзіі ў Ракуцёўшчыне, у коле аднадумцаў — Уладзіміра Конана, Лявона Луцкевіча, Алеся Марачкіна, Уладзімера Содаля, Алега Мінкіна, Вінцука Вячоркі, Алега Бембеля... Забыліся некаторыя імёны, шмат каго з тых суразмоўцаў ужо няма сярод нас. Але засталіся ў памяці сылюэты словаў ад людзей зь цёплымі сэрцамі. Нездарма ж кажуць, што паэзія — гэта тое, што застаецца, калі забываюцца словы. Ад мадэрнізаванага інтэлектуалізму застаецца толькі цемра. Гэта для мяне. Можа, я і памыляюся ў пошуках маёй беларускай ідэнтычнасьці?

Літаратурная дыскусія на Свабодзе
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG