«Наш кліент пастаянна жыве ў Польшчы з 2017 году. З таго часу мы дапамагаем яму легалізаваць сваё знаходжаньне і працу, а таксама весьці бізнэс у Польшчы, — сказаў газэце Rzeczpospolita юрыст беларуса Вадзіма, выдачы якога дамагаўся Менск пры дапамозе ордэру Інтэрполу.
Улады Беларусі абвінавацілі Вадзіма ў махлярствах, якія ён нібыта ўчыніў у 2011 і 2014–2017 гг. Мужчына ў сваю чаргу запэўніў польскіх праваахоўнікаў, што ён невінаваты.
Польскі суд, які разглядаў справу Вадзіма, выклікаў сьведак зь Беларусі і ўстанавіў, што за просьбай беларускіх уладаў прыцягнуць яго да адказнасьці стаіць толькі адна мэта: палітычныя рэпрэсіі.
У сваім рашэньні адмовіць у выдачы польскі судзьдзя таксама зьвярнуў увагу на тое, што Аляксандар Лукашэнка не прызнаецца як прэзыдэнт шэрагам краінаў, у тым ліку Польшчай, і што ў Беларусі парушаюцца правы чалавека.