Міністар замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс пракамэнтаваў запыт Генпракуратуры Беларусі аб экстрадыцыі Сьвятланы Ціханоўскай.
«Літва была і будзе каменнай сьцяной, за якой знойдуць прытулак дэмакратычныя сілы, якія перасьледуе рэжым. Такім чынам, кожны, хто знайшоў прыстанішча ў Літве, можа адчуваць сябе ў бясьпецы, што яго не перададуць рэжыму — ні за барацьбу за дэмакратыю, ні за свабоду слова або рэлігіі. А беларускаму рэжыму мы можам сказаць: хутчэй пекла замерзьне, чым мы возьмемся разглядаць вашы патрабаваньні», — заявіў літоўскі міністар.
Генпракуратура Беларусі накіравала ў Літву просьбу аб экстрадыцыі Ціханоўскай. Гэта зроблена «для прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці за злачынствы супраць парадку кіраваньня, грамадзкай бясьпекі і дзяржавы», — праінфармавалі «Інтэрфакс» у Генпракуратуры.
Працэдуру экстрадыцыю Сьвятланы Ціханоўскай раней ініцыяваў Сьледчы камітэт.
Пра тое, што Літва ня выдасьць Ціханоўскую Лукашэнку, заяўляў у інтэрвію DW намесьнік міністра замежных справаў Літвы Мантас Адаменас.