«Мяне турбуе, што яны імкнуцца хутчэй адціснуць ЗША і зьнівэляваць нашую лідэрскую ролю ў сусьветным парадку, заснаваным на правілах, да 2050 году», — цытуе «Голас Амэрыкі» кіраўніка Індыйска-Ціхаакіянскага камандаваньня ЗША адмірала Філіпа Дэвідсана.
«Відавочна, што Тайвань — адна зь іх мэтаў, якіх яны хочуць дасягнуць да таго. Думаю, што гэтая пагроза праявіцца ў гэтым дзесяцігодзьдзі, насамрэч, у наступныя шэсьць гадоў», — заявіў ён, выступаючы ў камітэце Сэнату.
Тайвань аддзяліўся ад Кітая ў канцы грамадзянскай вайны, у 1949 годзе, і існуе пад пастаяннай пагрозай уварваньня з мацерыка.
У 1979 году Вашынгтон разарваў дыпляматычныя адносіны з Тайванем і наладзіў іх з Кітаем, але, тым ня менш, застаецца самым важным неафіцыйным саюзьнікам і вайсковым прыхільнікам вострава.
Кітай таксама выставіў шырокія тэрытарыяльныя прэтэнзіі ў багатым рэсурсамі Паўднёва-Кітайскім моры і нават пагражае амэрыканскаму востраву Гуам, падкрэсьліў Дэвідсан.
«Сёньня Гуам зьяўляецца мішэньню», — папярэдзіў ён, нагадаўшы, што кітайскія вайскоўцы апублікавалі відэа, на якім сымулюецца напад на астраўную базу, якая моцна нагадвае аб’екты ЗША на выспах Дыега-Гарсія і Гуам.
Адмірал заклікаў заканадаўцаў ухваліць ўстаноўку на Гуаме супрацьракетнай батарэі «Іджыс Эшор», здольнай перахопліваць у палёце самыя магутныя кітайскія ракеты.
Дэвідсан таксама заклікаў заканадаўцаў прафінансаваць наступальныя ўзбраеньні, «каб Кітай ведаў, што цана таго, што яны хочуць зрабіць, занадта высокая».