«Мы павінны абараняць, умацоўваць і абнаўляць дэмакратыю, — цытуе Байдэна «Голас Амэрыкі». — Мы павінны даказаць, што наша мадэль не зьяўляецца перажыткам нашай гісторыі. Гэта адзіны і найлепшы спосаб рэалізаваць абяцаную намі будучыню. І калі мы будзем працаваць разам з нашымі дэмакратычнымі партнэрамі зь сілай і ўпэўненасьцю, я ведаю, што мы дамо рады любой задачы і апярэдзім любога суперніка».
Джо Байдэн стаў першым прэзыдэнтам ЗША, які выступіў з прамовай на Мюнхэнскай канфэрэнцыі бясьпекі.
Прэзыдэнт ЗША таксама заявіў аб «пераломным моманце», які цяпер наступіў у сусьветнай барацьбе паміж дэмакратыяй і аўтакратыяй.
«У занадта многіх краінах, у тым ліку ў Эўропе і ЗША, дэмакратычныя працэсы знаходзяцца пад пагрозай… Гісторыкі вывучаць гэты момант і напішуць пра яго. Гэта пераломны момант. І я ўсім сэрцам веру, што дэмакратыя павінна перамагчы», — сказаў Байдэн.
Прэзыдэнт ЗША заявіў, што найбуйнейшыя дэмакратыі з рынкавай эканомікай павінны працаваць разам над рашэньнем праблем, якія ствараюць іншыя буйныя краіны, такія як Расея і Кітай, а таксама вырашаць шматлікія глябальныя праблемы, пачынаючы зь нераспаўсюджваньня ядзернай зброі і заканчваючы зьменамі клімату і кібэрбясьпекай.
Байдэн падкрэсьліў, што Расея, на яго думку, «зламысна» і мэтанакіравана рабіла дзеяньні для дэстабілізацыі абстаноўкі ў Злучаных Штатах, Эўропе і іншых краінах. Ён заклікаў саюзьнікаў падтрымаць Вашынгтон.
Што тычыцца Кітаю, Байдэн заклікаў дэмакратычныя дзяржавы працаваць разам, каб процідзейнічаць палітыцы кітайскага ўраду, пра якую ён сказаў, што яна «супярэчыць нашым каштоўнасьцям».
Джо Байдэн таксама заявіў, што расейскі прэзыдэнт Ўладзімір Пуцін імкнецца аслабіць эўрапейскі альянс, і падкрэсьліў сваю нязьменную падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны.
Паводле Байдэна, «адстойваньне сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны застаецца жыцьцёва важнай праблемай для Эўропы і Злучаных Штатаў». Прэзыдэнт ЗША дадаў, што «праблемы, зьвязаныя з Расеяй, могуць адрозьнівацца ад праблем з Кітаем, але яны настолькі ж рэальныя».