Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кітаі судзяць ганконскіх актывістаў, якія спрабавалі ўцячы на Тайвань


Затрыманыя ўдзельнікі пратэсту супраць закону аб нацыянальнай бясьпецы, Ганконг, ліпень 2020 г.
Затрыманыя ўдзельнікі пратэсту супраць закону аб нацыянальнай бясьпецы, Ганконг, ліпень 2020 г.

У Кітаі 28 сьнежня пачаўся суд над 10 дэмакратычнымі актывістамі, арыштаванымі летам 2020 году пры спробе атрымаць прытулак на Тайвані.

Пра гэта паведамляе Бі-Бі-Сі.

Працэс пачаўся ў горадзе Шэньчжэнь на поўдні Кітаю і быў закрыты для замежных журналістаў і дыпляматаў, таму пра яго мала што вядома.

Берагавая ахова Кітаю перахапіла 12 жыхароў Ганконгу ва ўзросьце ад 16 да 33 гадоў у жніўні сёлета, калі яны спрабавалі пакінуць краіну на лодцы і пераправіцца на Тайвань. Прыхільнікі апазыцыі ў Ганконгу зрабілі такую спробу пасьля прыняцьця закону аб нацыянальнай бясьпецы.

Двое з арыштаваных непаўналетнія, таму іх справы будуць разглядацца асобна.

Справу супраць затрыманых крытыкавалі яшчэ да пачатку судовага разбору. ЗША заклікаюць «неадкладна вызваліць» актывістаў.

«Іх так званым злачынствам было пазьбегнуць тыраніі», — заявіў прадстаўнік пасольства ЗША ў Пэкіне.

У адказ МЗС Кітаю запатрабаваў ад Вашынгтону «неадкладна спыніць умяшаньне ва ўнутраныя справы Кітаю ў сувязі з праблемамі Ганконгу».

Восем затрыманых былі абвінавачаныя ў незаконным перасячэньні мяжы, за што прадугледжана да году пазбаўленьня волі. Яшчэ дваіх абвінавачваюць у арганізацыі такога перасячэньня, ім пагражае да сямі гадоў турмы.

Зь мінулага году сотні жыхароў Ганконгу шукаюць прытулку на Тайвані, каб пазьбегнуць ціску на дэмакратычныя пратэсты ў рэгіёне, які да 1990-х гадоў быў брытанскай калёніяй.

Што варта ведаць наконт пратэстаў у Ганконгу

Што такое ўвогуле Ганконг?

Ганконг — спэцыяльная адміністрацыйная адзінка Кітайскай Народнай Рэспублікі, знаходзіцца на поўдні Кітаю, на ўзьбярэжжы Паўднёва-Кітайскага мора. Гэта адзін з асноўных фінансавых цэнтраў Азіі і сьвету.

Ганконг разьмяшчаецца на паўвостраве Каўлун (Цзюлун), а таксама яшчэ на 260 малых астраўках. На поўначы мяжуе са спэцыяльнай эканамічнай зонай Шэньчжэнь у складзе кітайскай правінцыі Гуандун. У Ганконгу жыве больш за 7 мільёнаў чалавек на 1104 км2 — тэрыторыя амаль у 190 разоў меншая, чым Беларусь.

Доўгі час Ганконг належаў Вялікай Брытаніі і перайшоў пад сувэрэнітэт Кітаю ў 1997 годзе. Гораду гарантаваная шырокая аўтаномія ў рамках мадэлі «Адна краіна — дзьве сыстэмы» да 2047 году.

Што выклікала пратэсты?

Улады Ганконгу ўнесьлі ў парлямэнт законапраект аб экстрадыцыі правапарушальнікаў, якія падазраюцца ў крымінальных злачынствах, на мацерыковы Кітай. Экстрадыцыя з Ганконгу цяпер магчымая толькі на падставе дамоваў, якія былі заключаныя яшчэ да пераходу гораду пад юрысдыкцыю КНР.

У чэрвені 2019 году дакумэнт выклікаў шматлікія пратэсты жыхароў Ганконгу. Крытыкі дакумэнту казалі, што ён мог быць выкарыстаны для перадачы ў рукі кітайскага правасудзьдзя дысыдэнтаў і несправядліва перасьледаваных людзей.

Антыўрадавы пратэст у Ганконгу, 20 кастрычніка 2019
Антыўрадавы пратэст у Ганконгу, 20 кастрычніка 2019

Дэманстрацыі выліліся ў масавы рух з патрабаваньнем дэмакратычных пераўтварэньняў. Адміністрацыя Ганконгу неаднаразова абвяшчала пра адмову ад законапраекту. Аднак пратэстоўцы пачалі патрабаваць афіцыйна адклікаць дакумэнт і працягнулі маршы пад лёзунгамі абароны сувэрэнітэту Ганконгу ад дамаганьняў Кітаю.

23 кастрычніка 2019 году ўлады Ганконгу афіцыйна адклікалі законапраект. Аднак гэта не спыніла пратэстаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG