Паводле словаў Міхаіла Грыба ў інтэрвію дзяржаўнаму агенцтву «Минск-Новости», яшчэ ў самым пачатку выбарчай кампаніі ў інтэрнэце разгарнулася маштабная дзейнасьць для інфармацыйнага ўзьдзеяньня на супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і іх сем’яў: «публікаваліся абразы, паклёпніцкія зьвесткі, пагрозы». Усе гэтыя каналы, як думае Грыб, стваралі з адной мэтай — «дэстабілізаваць працу міліцыі».
Але падарваць маральны дух міліцыянтаў не ўдалося, бо Грыб адзначыў, што яны ўсе «зрабілі свой выбар», дакладна ўсьведамляючы, што «служаць правапарадку, закону і народу, кіруючыся заканадаўствам, Канстытуцыяй і Статутам». Апошнія падзеі нібыта яшчэ больш «зьядналі міліцэйскі калектыў».
Таксама генэрал-маёр падкрэсьліў, што міліцыя на працягу значнага часу адзначае тэндэнцыю зьніжэньня «дэструктыўных праяваў».
«Усяго ў час правядзеньня выбарчай кампаніі і ў постэлектаральны пэрыяд зарэгістравана больш за 600 злачынстваў, накіраваных на дэстабілізацыю абстаноўкі ў сталіцы, чвэрць зь якіх склалі злачынствы, зьвязаныя з супрацівам супрацоўнікам органаў унутраных спраў i iншым асобам, якія ахоўваюць грамадзкі парадак, гвалтам ці пагрозай прымяненьня гвалту ў дачыненьні міліцыянтаў».
Паводле статыстыкі Грыба, каля пятай часткі злачынстваў — хуліганства, а кожнае шостае — апаганьваньне будынкаў і псаваньне маёмасьці.
Акрамя таго, кіраўнік менскай міліцыі выказаўся за захаваньне практыкі лячэбна-працоўных прафілякторыяў (ЛПП), якія неаднаразова міліцыі прапаноўвалі ліквідаваць.
«Хай і на час, але яны ізалююць грамадзяніна, які злоўжывае алькаголем, ад нядобрага атачэньня. Ён прывыкае да пэўнага распарадку дня, дысцыпліны. Той год, пакуль чалавек будзе знаходзіцца ў ЛПП, яго сям’я зможа жыць спакойна».
40-гадовага Грыба прызначылі начальнікам менскай міліцыі ў кастрычніку мінулага году, раней ён год і сем месяцаў узначальваў міліцыю ў Віцебску. У сталіцы ён зьмяніў на пасадзе Івана Кубракова, які пайшоў на павышэньне, атрымаўшы ад Лукашэнкі пасаду міністра ўнутраных спраў.
Ад 9 жніўня 2020 году па фактах перавышэньня службовых паўнамоцтваў супраць міліцыянтаў не пачалі ніводнай крымінальнай справы.