У жніўні 2020 году яго сям’я, па яго словах, апынулася пад атакай грамадзтва. Тады Іван Кубракоў узначальваў менскую міліцыю, піша «СБ».
«Я і мая сям’я падвяргаліся ціску. Была спроба ўплыву на дзіця ў школе. Таксама пагражалі спаліць машыну, пісалі рознае ў пад’езьдзе, на паштовай скрыні, пакідалі запіскі і гэтак далей».
Па словах Кубракова, яго 12-гадовая дачка «перажывала, але не баялася». І ў жніўні ішла ў школу сама, хоць бацька прапаноўваў правесьці яе ў школу.
Раней пра цкаваньні і пагрозы заяўлялі міністар замежных спраў Уладзімер Макей са сваёй жонкай і шэраг міліцыянтаў.
За напады на мірных пратэстоўцаў і іншыя дзеяньні, зьвязаныя зь іх сьмерцямі і катаваньнямі, на сілавікоў пасьля 9 жніўня не завялі ніводнай крымінальнай справы. Колькасьць асуджаных пратэстоўцаў на канец лютага складае каля 160 чалавек. Некалькіх чалавек асудзілі па крымінальных артыкулах за абразу Лукашэнкі і пагрозы сілавікам і іх сем’ям.