Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ня ведаю, ці даводзілася вам ужо ламаць чалавечыя лёсы». Муж зьняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай зьвярнуўся да сьледчых


Журналіст Ігар Ільяш.
Журналіст Ігар Ільяш.

Журналіст Ігар Ільяш, муж палітзьняволенай Кацярыны Андрэевай, напісаў адкрыты ліст сьледчым Фрунзэнскага РАСК Менска Ігару Курыловічу і Ігару Кудзелі, якія вялі сьледзтва ў крымінальнай справе супраць журналістак «Белсату».

20 студзеня мінула два месяцы з таго моманту, калі Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай выставілі абвінавачаньне паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак«) за жывы відэаэфір з плошчы Пераменаў 15 лістапада, калі сілавікі разганялі акцыю памяці забітага актывіста Рамана Бандарэнкі і разбуралі народны мэмарыял.

Абвінавачаньне цалкам абсурднае, піша Ігар Ільяш, акцэнтуючыся на прыкладзе сваёй жонкі. Кацярына пазбаўленая свабоды толькі за тое, што паказала ўсяму сьвету супрацьстаяньне сілавікоў і абаронцаў народнага мэмарыялу Рамана Бандарэнкі, перакананы ён.

«Ня ведаю, чым вы займаліся раней і ці даводзілася вам ужо ламаць чалавечыя лёсы на загад начальства. Але вы дакладна не нарадзіліся злачынцамі. Вы імі сталі. Гатовы паверыць, што за межамі працы вы — наймілейшыя людзі, якія клапоцяцца аб сваіх блізкіх, паважаюць старэйшых і дапамагаюць сябрам. Ва ўсякім разе, па-за службай вам наўрад ці прыйшло б у галаву выкрасьці дзьвюх дзяўчат, павезьці іх у Жодзіна і трымаць у зняволеньні два месяцы. Але на працы вы робіце менавіта так», — цытуе ліст Ігара Ільяша «Белсат».

У псыхалёгіі гэта называецца «паасобнае мысьленьне» — калі нормы і прынцыпы чалавека працуюць у адной сфэры ягонага жыцьця, але зусім не працуюць у іншай, піша журналіст.

«Вы зрываецеся на відавочны абсурд: гаворыце ў вочы сваякам Кацярыны, што яна нібыта не журналістка, што ніякіх прафэсійных абавязкаў не выконвала. Мала таго, што гэта нахабная хлусьня, дык яна яшчэ і пазбаўленая сэнсу: быццам нежурналістаў незаконна пазбаўляць свабоды можна. Але гэта абʼектыўна ўсё, што вы можаце сказаць. Калі паспрабуеце сфармуляваць, у чым палягае „крымінальнае злачынства“, напэўна, ня зможаце стрымаць сьмех, настолькі гэта будзе па-дурному выглядаць. А вы ж лічыце сябе людзьмі разумнымі», — зьвяртаецца да сьледчых Ігар Ільяш.

«Ігар Віктаравіч, Ігар Уладзімеравіч! Ваша гісторыя — гэта сумная гісторыя самаразбурэньня асобы, прычым незваротнага. І я цяпер кажу не пра юрыдычныя наступствы вашых дзеяньняў (хоць неўзабаве будуць і яны), а пра чыста чалавечыя. А гэта страшней за тыя 3 гады зьняволеньня, якімі вы пагражаеце Кацярыне і Дарʼі. Так, на жаль, ваша гісторыя не ўнікальная — гэты шлях прайшло незьлічонае мноства людзей. Але зусім ужо згубіцца ў гэтай плыні ў вас не атрымаецца: вы былі сьледчымі ў справе Кацярыны Андрэевай. А гэта вечнае таўро».

Як кажа Ігар Ільяш, жонка ў адным зь лістоў пісала, што сьледчыя казалі: маўляў, яе справу ніхто ня будзе асьвятляць, бо ў яе «звычайная хуліганка». Але цяпер відавочна, што яны моцна памыляліся.

Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову праваабаронцы прызналі палітвязьнямі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG