Аўтары пэтыцыі заклікалі найбуйнейшага пакупніка мінэральных угнаеньняў Yara International спыніць супрацоўніцтва зь «Беларуськаліем».
Яны лічаць, што спробы Yara паўплываць на кіраўніцтва «Беларуськалія», каб яно перастала парушаць правы працоўных і перасьледаваць страйкоўцаў, не дадуць плёну.
«Кампанія знаходзіцца пад поўным кантролем незаконнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і проста ня мае магчымасьці рабіць тое, што правільна з гледжаньня закону і этыкі».
«„Беларуськалій“ ёсьць адной з асноўных крыніц фінансаваньня АМАПу Лукашэнкі, а таксама КДБ і атрадаў катаваньняў, якія нясуць адказнасьць за зьняволеньні, згвалтаваньні, катаваньні і перасьлед дзясяткаў тысяч людзей», — гаворыцца ў пэтыцыі.
«Мы ўпэўненыя, што з вашай падтрымкай Беларусь у самы блізкі час стане свабоднай», — пішуць аўтары пэтыцыі.
У студзені Yara International заявіла, што трымаецца ўнівэрсальнага парадку дня ў галіне правоў чалавека, у тым ліку права на страйк, і падтрымлівае вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека ў асуджэньні парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі. Яна выказала спадзяваньне, што «Беларуськалій» будзе паважаць правы работнікаў і ўстрымлівацца ад рэпрэсіўнай палітыкі.
Кіраўніцтва «Беларуськалію» заявіла, што гатова працягваць узаемадзеяньне з Yara International, зьняць дысцыплінарныя спагнаньні з работнікаў, а звольненых раней — прыняць назад.
У адказ страйкам «Беларуськалію» заявіў, што аднаўленьне кантрактаў магчымае толькі ў выпадку выкананьня ранейшых патрабаваньняў:
- спыненьне перасьледу за грамадзянскую пазыцыю,
- вызваленьне палітвязьняў і ўдзельнікаў мірных пратэстаў,
- пачатак крымінальных спраў у дачыненьні да сілавікоў,
- прыцягненьне Аляксандра Лукашэнкі і Лідзіі Ярмошынай да адказнасьці за фальсыфікацыю выбараў.
Страйкам заклікаў кампанію Yara разарваць кантракт зь «Беларуськаліем».