Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспарт зь Беларусі ва Ўкраіну ў 2020 годзе ўпаў амаль на чвэрць


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Найбольш упалі пастаўкі беларускага паліва і тытуню.

Беларусь і Ўкраіна летась істотна скарацілі ўзаемны таваразварот. У 2020 годзе экспарт зь Беларусі ва Ўкраіну ўпаў на 23,4% да 2,874 мільярда даляраў, а экспарт з Украіны ў Беларусь — на 13,8% да 1,335 мільярда даляраў. Такія зьвесткі апублікавала Дзяржаўная служба статыстыкі Ўкраіны.

Што зьмянілася ў беларускім экспарце ва Ўкраіну

Найбольш Беларусь скараціла пастаўкі паліва і нафтапрадуктаў ва Ўкраіну — на 36,9% да 1,499 мільярда даляраў. У агульным аб’ёме гандлю Беларусі з Украінай гэты від прадукцыі складае 52,2%.

Доля беларускіх угнаеньняў складае 10,1% ад усяго абʼёму гандлю, гэтыя пастаўкі таксама скараціліся — на 0,4% да 290,147 мільёна даляраў.

У той жа час Беларусь у сваім гандлі павялічыла долю наземнага транспарту да 7,4%. Пастаўкі гэтай прадукцыі на ўкраінскі рынак павялічыліся на 2,5% да 211,661 мільёна даляраў.

Адметна, што Беларусь у 2020 годзе ў 10,5 раза павялічыла пастаўкі зерневых культураў ва Ўкраіну. У грашовым вымярэньні яны склалі 5,909 мільёна даляраў.

У 9,9 раза павялічыліся пастаўкі арэхаў (4,015 мільёна даляраў), у 3,5 — малака, малочных прадуктаў, яек і натуральнага мёду (12,610 мільёна даляраў), амаль у 8 разоў — масы з драўніны (10,943 мільёна даляраў). Летась Беларусь павялічыла абʼёмы пастаўкі оптыкі ва Ўкраіну — у 1,4 раза, да 7,612 мільёна даляраў. Але гэтая прадукцыя не змагла кампэнсаваць страты гандлю ад скарачэньня паставак нафтапрадуктаў.

У гандлёвай статыстыцы Ўкраіны зьвяртае на сябе ўвагу адсутнасьць афіцыйных паставак зь Беларусі тытуню. Пры гэтым вядомы факт, што беларускія тытунёвыя вырабы займаюць першае месца паводле абʼёмаў кантрабанды ва Ўкраіну. У 2019 годзе тытуню зь Беларусі ва Ўкраіну паставілі на 27,4 тысячы даляраў.

У 2018 годзе Беларусь уваходзіла ў тройку лідэраў па продажы Ўкраіне выбуховых рэчываў. Тады цягам году Беларусь экспартавала ва Ўкраіну пораху і выбуховых рэчываў на 1,989 мільёна даляраў. У 2020 годзе Ўкраіна закупіла ў Беларусі гэтай прадукцыі ўсяго на 373,7 тысячы даляраў. Падзеньне ў параўнаньні з 2019 годам склала 74,4%.

Што зьмянілася ва ўкраінскім экспарце ў Беларусь

Украіна ў сваёй структуры гандлю зь Беларусьсю ня мае крытычных відаў прадукцыі, скарачэньне паставак якой істотна адбіваецца на агульным узроўні гандлёвых апэрацый.

Найбольшую долю ва ўкраінскім гандлі зь Беларусьсю маюць насеньне і плады алейных расьлін (10,8%), адыходы харчовай прамысловасьці (10,4%), чыгуначныя лякаматывы (9,5%) і чорныя мэталы (7%).

Украіна скараціла свае пастаўкі ў Беларусь мяса, малака, гародніны. Найбольш істотна зьменшыліся пастаўкі зерневых культураў — на 64,1% да 19,089 мільёна даляраў, тлушчаў і алею жывёльнага і расьліннага паходжаньня — на 30% да 19,089 мільёна даляраў, чорных мэталаў — на 34,4% да 93,437 мільёна даляраў, чыгуначных лякаматываў — на 31,8% да 126,798 мільёна даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG