Аляксандар Лукашэнка прыгразіў пераарыентаваць экспартныя патокі нафтапрадуктаў — зь Літвы ў Расею. Разьбіраліся, як гэта паўплывае на эканоміку.
Коратка:
- Перанакіроўваць экспартныя патокі нафтапрадуктаў зь Літвы ў Расею — нявыгадна. Ня менш як 2 гады пойдзе на тое, каб нарасьціць аб’ёмы да цяперашніх.
- Асноўны пакупнік нафтапрадуктаў зь Беларусі за апошнія паўгода — Украіна. З партоў пад Санкт-Пецярбургам да Ўкраіны далёка.
- Палітычныя праблемы ў адносінах з Польшчай, Літвой і Ўкраінай могуць адбіцца на гандлі з гэтымі краінамі ў доўгай пэрспэктыве.
- Палітычныя праблемы таксама адаб’юцца на рээкспарце тавараў з ЭЗ у Расею.
- Таваразварот з Польшчай, Літвой і Ўкраінай — гэта мільярды даляраў штогод, таму палітычныя праблемы з гэтымі краінамі акажуць вялікі ўплыў на эканоміку.
Што з продажам нафтапрадуктаў
Аляксандар Лукашэнка прыгразіў пераарыентаваць экспартныя патокі нафтапрадуктаў зь Літвы — на Расею. У «Белнафтахіме» пацьвердзілі, што гэтая праца ўжо вядзецца. Значыць, прадаваць беларускія нафтапрадукты будуць не праз порт у Клайпедзе, а праз парты ў Расеі.
Такі варыянт, па-першае, нявыгадны. Па-другое, забясьпечыць ранейшы аб’ём трафіку расейскія парты ня могуць у бліжэйшыя 2 гады. Так мяркуе эканаміст Леанід Заіка.
«Нафтапрадукты мяжой рэнтабэльнасьці маюць працягласьць дастаўкі ў 500 кілямэтраў, гэта яшчэ прыбыткова, а 501 — ужо непрыбыткова. Гналі нафту за 300 кілямэтраў да Клайпеды. А цяпер продаж нафтапрадуктаў будзе стратны, гэта ня мае эканамічнага сэнсу, бо цяпер будуць гнаць за 600 кілямэтраў і далей», — кажа Леанід Заіка.
Асноўнымі пакупнікамі нафтапрадуктаў зь Беларусі былі Вялікая Брытанія і Нідэрлянды.
Як адаб’юцца на эканоміцы сваркі зь Літвой, Польшчай і Ўкраінай
Аляксандар Лукашэнка пасьля выбараў ня раз агрэсіўна выказваўся на адрас Літвы і Польшчы, як і беларускія чыноўнікі. Украіна ў адказ на вяртаньне Расеі затрыманых «вагнэраўцаў» сьпярша адклікала свайго амбасадара зь Беларусі, пасьля ён усё ж вярнуўся. Гэтыя краіны — адны з асноўных гандлёвых партнэраў Беларусі.
Таваразварот з Польшчай за паўгода склаў 1,1 мільярда даляраў, зь Літвой — 633 мільёны даляраў, з Украінай — 2 мільярды даляраў. Такія лічбы публікуе Белстат.
Асноўныя прадукты, якія экспартуюцца зь Беларусі ў гэтыя краіны:
- Нафтапрадукты
- Калійныя ўгнаеньні
- Матэрыялы дрэваапрацоўкі
Паводле эканаміста Beroc Дзьмітрыя Крука, палітычныя праблемы могуць паўплываць на гандаль у доўгатэрміновай пэрспэктыве.
«Рэзкага зьніжэньня ня будзе, бо там ёсьць вялікая дывэрсыфікацыя па таварах. Можа быць агульная тэндэнцыя на зьніжэньне, але ня толькі з прычыны палітычных пытаньняў — да кантрактаў зь Беларусьсю могуць пачаць ставіцца насьцярожана, але шмат якія кантракты заключаюцца на вялікі тэрмін», — мяркуе Дзьмітры Крук.
Паводле эканаміста, калі праблемы з гандлем будуць нарастаць, то могуць узьнікнуць праблемы з гандлем прадуктамі дрэваапрацоўкі, бо «на гэтым рынку дынамічная канкурэнцыя».
Таксама «можа пацярпець імпарт садавіны», мяркуе Дзьмітры Крук. Гэта якраз той самы рээкспарт эўрапейскіх прадуктаў у Расею: яблыкі, грушы з Польшчы.
«Калі такія схемы існуюць, то яны выгадныя для беларускага боку. Гэтыя схемы могуць пацярпець. Калі істотнага пагаршэньня ў палітычных стасунках ня будзе, то рэзкага падзеньня гандлю ня будзе таксама», — кажа Дзьмітры Крук.
За паўгода Беларусь імпартавала з Польшчы яблыкаў, грушаў і айвы на 67 мільёнаў даляраў (агулам з усіх краін на 100 мільёнаў), а экспартавала за гэты час яблыкаў, грушаў і айвы на 8,6 мільёна даляраў. Асноўны пакупнік садавіны — Расея.
За паўгода Беларусь экспартавала нафтапрадуктаў на 979 мільёнаў даляраў. Асноўнымі пакупнікамі былі Ўкраіна (509 мільёнаў даляраў) і Вялікая Брытанія (249 мільёнаў даляраў). Калі патокі экспарту нафтапрадуктаў пераарыентуюць на расейскія паўночныя парты, шлях да Ўкраіны будзе няблізкі.
Пры гэтым экспарт нафтапрадуктаў скараціўся ў параўнаньні з такім жа пэрыядам летась у 2,7 раза. І гэта адбылося яшчэ ў першыя паўгода, у студзені-чэрвені, да выбараў і палітычнага крызісу.