Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор запатрабаваў 10 гадоў калёніі сябру Шутава, застрэленага салдатам


Аляксандар Кардзюкоў падчас суду. Берасьце, 16 лютага
Аляксандар Кардзюкоў падчас суду. Берасьце, 16 лютага

19 лютага ў Берасьцейскім абласным судзе дзяржаўны абвінаваўца папрасіў прысудзіць 10 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму Аляксандру Кардзюкову, які 11 жніўня быў побач з Генадзем Шутавым, калі таго сьмяротна паранілі ў галаву.

19 лютага прайшлі спрэчкі бакоў. Абвінавачваньне палічыла даказанай віну загінулага Генадзя Шутава ў супраціве, а Аляксандра Кардзюкова — у супраціве з ужываньнем гвалту і замаху на забойства асобы, якая выконвае абавязкі па ахове грамадзкага парадку, паведамляе Tut.by.

Пракурор просіць для Кардзюкова 10 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Шутава, які памёр ад раненьня ў галаву, пракурор просіць прызнаць вінаватым у супраціве — і вынесьці прысуд без прызначэньня пакараньня.

  • 16 лютага ў Берасьці пачаўся судовы працэс у справе Аляксандра Кардзюкова і Генадзя Шутава, які загінуў ад агнястрэльнага раненьня, атрыманага 11 жніўня на вуліцы Маскоўскай у Берасьці. Кардзюкоў і загінулы Шутаў на працэсе зьяўляюцца абвінавачанымі.
  • Аляксандра Кардзюкова абвінавачваюць у замаху на забойства вайскоўца (той падчас пратэстаў быў у цывільным). Кардзюкоў кажа, што ўсё было ня так, як пададзена ў абвінавачваньні.
  • Пацярпелымі выступаюць вайскоўцы сілаў спэцыяльнага рэагаваньня (вайсковая частка № 89417 сілаў спэцыяльных апэрацый) Раман Гаўрылаў і Арсеній Галіцын.
  • Паводле вэрсіі сьледзтва, у Шутава і Кардзюкова ўзьнік канфлікт з вайскоўцамі Гаўрылавым і Галіцыным, якія былі ў цывільным і мелі пры сабе пісталеты Макарава. Гаўрылаў, абараняючыся, спачатку стрэліў у паветра, а потым вырашыў стрэліць у Шутава, «у вобласьць левага перадплечча», але ня змог сканцэнтравацца пасьля ўдару па галаве і трапіў Шутаву ў патыліцу. Кардзюкоў адкінуў вэрсію, што першым нападаў з трубой на вайскоўцаў.
  • Падчас паседжаньня стала вядома, што загад выкарыстаць узброеных вайскоўцаў (у падпарадкаваньні берасьцейскага АМАПу) падчас пратэстаў аддаў камандуючы войскамі Сілаў спэцыяльных апэрацый Беларусі генэрал-маёр Вадзім Дзенісенка.

Ахвяры беларускіх пратэстаў. Што важна ведаць

Аляксандар Тарайкоўскі, Аляксандар Віхор, Генадзь Шутаў і Раман Бандарэнка (зьлева направа)
Аляксандар Тарайкоўскі, Аляксандар Віхор, Генадзь Шутаў і Раман Бандарэнка (зьлева направа)

За ўвесь час пратэстаў пры розных абставінах загінулі сама меней 4 чалавекі. Пры гэтым улады і кіраўніцтва МУС ні разу не прызналі, што людзі загінулі ад рук сілавікоў. Гэтыя людзі на сёньня лічацца ахвярамі пратэстаў:

  • Аляксандар Тарайкоўскі, 34 гады, Менск, застрэлены сілавікамі на вуліцы Прытыцкага;
  • Аляксандар Віхор, 25 гадоў, Гомель, памёр пасьля зьбіцьця ў міліцыі;
  • Генадзь Шутаў, 43 гады, Берасьце, застрэлены сілавіком;
  • Раман Бандарэнка, 31 год, Менск, пабіты да непрытомнасьці, памёр у шпіталі.

Таксама дагэтуль невядомыя абставіны сьмерці яшчэ некалькіх чалавек. Іх сваякі і сябры лічаць, што яны маглі быць забітыя падчас пратэстаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG