Прэм’ер-міністар Чэхіі Андрэй Бабіш звольніў свайго дарадцу, эпідэміёляга Рамана Прымулу. Той у чацьвер выступіў за ўвядзеньне ў краіне жорсткага карантыну ў сувязі з ростам колькасьці заражаных каранавірусам, а празь некалькі гадзін пасьля гэтай заявы рэпартэры сфатаграфавалі дарадцу прэм’ера сярод гледачоў на матчы футбольнай Лігі Эўропы «Славія» (Прага) — «Лэстэр».
Бабіш заявіў, што Прымула — добры спэцыяліст, але ў яго «цалкам адсутнічае сацыяльная інтэлігентнасьць».
Увосень Прымула, за посьпехі пры барацьбе з першай хваляй эпідэміі вясной 2020 года узнагароджаны найвышэйшай узнагародай Чэхіі, быў вымушаны пакінуць пасаду міністра аховы здароўя пасьля таго, як правёў працоўную сустрэчу ў рэстаране, парушыўшы распараджэньне ўраду аб закрыцьці рэстаранаў.
На гэты раз, мяркуючы па ўсім, ён не парушыў ніякіх правілаў — хоць спартовыя спаборніцтвы і праходзяць у Чэхіі без гледачоў, магчымыя выключэньні для VIP-гасьцей. Акрамя Прымулы, на матчы былі яшчэ некалькі вядомых асоб. Тым ня менш паводзіны дарадцы прэм’ера выклікала мноства нэгатыўных камэнтароў — у тым ліку і з прычыны яго выступаў у падтрымку жорсткіх карантынных захадаў, аж да абмежаваньняў на выхад з дому.
- Сытуацыя з каранавірусам у Чэхіі застаецца напружанай. Лік заражаных на душу насельніцтва — адзін з самых высокіх у Эўропе. З пачатку сьнежня ў краіне закрылі большасьць крамаў, кавярні і рэстараны, большая частка школьнікаў навучаецца дыстанцыйна, аднак сытуацыя не паляпшаецца.
- Усяго за час эпідэміі — амаль за год — каранавірусам было інфікавана ўжо больш за 10 адсоткаў насельніцтва Чэхіі, гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў у сьвеце. Памерлі амаль 20 тысяч чалавек. Пры гэтым вясной сытуацыя ў краіне, наадварот, была прыкметна лепшая, чым у большасьці краін ЭЗ.