«Яны пазбаўляюцца ад людзей, якія іх не баяцца»
Навуковая супрацоўніца музэю Тамара Вяршыцкая расказала, што яе папярэдзілі аб непрацягненьні кантракту, які заканчваецца 2 красавіка. Гэтаксама на пачатку красавіка не працягваюць кантракт старшай навуковай супрацоўніцы музэю Галіне Кавальчук.
Іншай прычыны звальненьня ніхто не патлумачыў. Аднак Тамара Рыгораўна ўпэўненая, што прычына — у іхнай пазыцыі.
«За тое, што мы не выконваем загады накшталт — выгнаць з музэю людзей, якія прыйшлі паглядзець фільм або на экскурсію... Цярпеньне іхнае дайшло да апошняга. Зараз яны пазбаўляюцца ад людзей, якія іх не баяцца... Я ведаю, за што, бо я не прагінаюся», — мяркуе Тамара Вяршыцкая.
Апошнія некалькі месяцаў Вяршыцкая і Кавальчук па нядзелях праводзілі для наваградцаў легальныя экскурсіі пра гісторыю гораду, прыкладам, пра Адама Міцкевіча, беларускую гімназію, габрэйскі супраціў. Сярод удзельнікаў такіх экскурсій былі людзі, асуджаныя за ўдзел у недазволеных масавых мерапрыемствах (23.34 КаАП). Часта экскурсіі суправаджалі міліцыянты.
«Факт — вось гэтыя людзі перакрочылі ганак музэю, усё. Гэта злачынства», — камэнтуе Вяршыцкая.
Напрыканцы студзеня яе забралі з экскурсіі ў РАУС на апытаньне, тады ж затрымлівалі былога дырэктара школы Аляксандра Быстрыка. У Вяршыцкай пыталіся пра працэдуру арганізацыі экскурсій, хто і як замаўляе, як і дзе яны праходзяць.
«Мы нічога не парушалі. Проста выконвалі свае абавязкі», — запэўнівае Тамара Рыгораўна.
Урэшце нядзельныя экскурсіі адмянілі, бо нядзелю ў музэі зрабілі выходным днём да канца лютага. Патлумачылі гэта моцнымі маразамі.
Плянуе надалей займацца габрэйскай тэматыкай
Тамара Вяршыцкая працавала ў музэі больш за 30 гадоў, з 1988-га. Раней да яе прэтэнзій па працы не было. Наадварот, ёй давалі ўзнагароды і прэміі. Яна стала першай з музэйнікаў, каго ўзнагародзілі прэміяй Дубко, яна была лепшым музэйнікам году, яе імя ёсьць у кнізе Славы Наваградку.
Яна стварыла Музэй габрэйскага супраціву, які ўваходзіць у структуру краязнаўчага музэю, і кіруе ім. Што будзе далей з габрэйскім кірункам, Вяршыцкая ня ведае. Зь ейных словаў, невядомы і лёс краязнаўчага музэю. Ходзяць размовы, што яго могуць закрыць.
У 2016 годзе Вяршыцкую ўжо звальнялі, але ў 2018-м запрасілі вярнуцца на працу.
Яна здаўна займаецца габрэйскай тэматыкай, падтрымлівае кантакты з нашчадкамі наваградзкіх габрэяў па ўсім сьвеце. У 2019 годзе яна арганізавала ў Налібацкай пушчы сустрэчу больш як 100 удзельнікаў найбуйнейшага ў Эўропе габрэйскага партызанскага лягера і іхных нашчадкаў з усяго сьвету. Яна суправаджала сваякоў Трампа, калі тыя прыяжджалі ў Беларусь.
Тамары Вяршыцкай 63 гады. Яна скончыла інстытут замежных моваў. Валодае ангельскай, нямецкай, польскай мовамі. Зьяжджаць зь Беларусі не плянуе.
Далей яна мяркуе займацца тым жа, што і раней. Магчыма, аформіць пасьведчаньне гіда-экскурсавода як індывідуальны прадпрымальнік.
Нямецкі фонд нядаўна падтрымаў беларуска-нямецкі праект па габрэйскай тэматыцы «Жывыя мэмарыялы. Канцэпцыя для музэя-дома Ванзэйскай канфэрэнцыі ў Бэрліне і габрэйскіх партызан у Беларусі». Ён разьлічаны да 2022 году. Вяршыцкая — каардынатар праекту ў Беларусі. Ці дазволяць ёй рэалізоўваць гэты праект унутры музэю, пакуль няясна. Але яна зможа ім займацца, нават калі яе звольняць.
Цяпер наваградзкі музэй супрацоўнічае онлайн з музэямі і фондамі па ўсім сьвеце. Прыкладам, у мінулую нядзелю тут зладзілі онлайн-вэбінар з ізраільскім музэем на тэму ўцёкаў з наваградзкага гета.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.