Выжыць
Выжыць
За гісторыяй сваякоў Дональда Трампа –
Беларусь,якую пакінулі габрэі
Аляксандра Дынько

Сёньня, 26 верасьня, ля Музэя супраціву ў Наваградку адкрыюць першую частку мэмарыялу ў памяць ахвяраў Навагрудзкага гета. 74 гады таму ў гэты дзень 250 вязьняў гета ўцяклі ў лес праз загадзя выкапаны тунэль. Прататыпам помніку дзяўчынцы стала малалетняя Міхле Сасноўская, замардаваная нацыстамі пры ранейшай спробе ўцячы. У цырымоніі адкрыцьця помніка чакаецца ўдзел дыпляматаў, дасьледчыкаў Галакосту зь Вялікай Брытаніі, Аўстраліі і Канады, а таксама былых вязьняў гета і канцлягераў.

Свабода зноў публікуе неверагодную гісторыю ўратаваньня навагрудзкай сямьі Кушнэраў — цяперашніх сваякоў прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа.

Амэрыканскі мільярдэр Чарльз Кушнэр кожнага са сваіх унукаў перад паўналецьцем прывозіць у Наваградак. На месца гета, адкуль у Галакост уцякла ягоная маці Рая.
«У ноч Рош-а-Шана 1943 году 250 габрэяў, што засталіся ад 20-тысячнага гораду, уцяклі праз тунэль, які яны карпатліва вырылі пад плотам… Брат маёй бабулі Ханон, у гонар якога названы мой бацька, быў забіты… Мая бабуля схавалася ў лесе, дзе далучылася да атраду Бельскіх. Мой дзед тры гады жыў у нары ў лесе, шукаючы ежу, хаваючыся ад усіх і сплючы ў гэтай нары ў «рускую» зіму. У сапраўднай нары, якую ён сам вырыў», — Джарэд Кушнэр, сын Чарльза Кушнэра, малады і заможны зяць кандыдата ў прэзыдэнты ЗША ад рэспубліканцаў Дональда Трампа, каб абараніць цесьця ад абвінавачаньняў у антысэмітызьме, публічна ўспамінае гісторыю сваёй сям’і.
Джарэд Кушнэр
«Якія розныя высновы з досьведу нашых продкаў, — твітам адкажа на гэты допіс кузэн Джарэда архітэктар Марк Кушнэр. — Мы павінны выказвацца супраць нянавісьці. Антысэмітызм гэта ці што іншае».
Лоры Гастэн, чыя маці Лінда Кушнэр нарадзілася ў пасьляваенным лягеры для ўцекачоў у Італіі, заходзіць у наваградзкі барак, дзе жыла яе бабуля, і плача, плача.
Лінда, Джарэд і Марк — унукі беларускіх габрэяў Раі і Ёзафа Кушнэраў. Рая родам з Наваградку, Ёзаф — з Карэліч. Яны перажылі Галакост, у якім на тэрыторыі Беларусі загінула 800 тысяч габрэяў. Пасьля вайны выехалі ў ЗША, нарадзілі чатырох дзяцей, заснавалі пасьпяховы бізнэс і пабачылі шмат унукаў.
Унучка Раі і Ёзафа Кушнэраў Лоры Гастэн на адзін дзень прыляцела з Чыкага на радзіму продкаў. Разам зь ёю дачка Саманта і муж Бэрнард. Іх суправаджае Тамара Вяршыцкая (зьлева)
«Нашае жыцьцё — гэта цуд. Мы выжылі ў лягерах, гета і лясах. Гэта цуд, што мы сталі нармальнымі людзьмі. Наша жыцьцё цудоўнае, жыцьцё нашых дзяцей і нашых унукаў цудоўнае. Мы ніколі ня марылі, што з попелу і руінаў мы выжывем і пачнём жыць звычайным жыцьцём і ствараць новыя пакаленьні», — казала Рая Кушнэр у 1982 годзе.
Габрэі як мы
«Сёньня абшчыны няма, габрэяў фактычна няма. А тыя, што ёсьць, такія самыя, як мы, — з Тамарай Вяршыцкай, заснавальніцай Музэю габрэйскага супраціву ў Наваградку, мы стаім у будынку старога бараку. Са сьцен на нас глядзяць фатаздымкі габрэяў рознага ўзросту. Тут жа ўваход у тунэль, празь які ўцяклі 250 апошніх зь некалькіх дзясяткаў тысяч насельнікаў гета.
Першы раз Чарльз Кушнэр прыехаў у Наваградак у 1989 годзе разам з маці Раяй. Яна паказала яму месца, дзе да вайны стаяў іхны дом. Сям’я Кушнэраў — Навум Зэйдэль і Хінда — жыла ў цэнтры і мела чатырох дзяцей: трох дачок — Эстэр, Раю і Лею — і малодшага сына Хонана.
Сям’я Кушнэр да вайны: зьлева направа Эстэр, Лея, Навум Зэйдэль, Хоня, Рая
«У майго таты было дзьве крамы вырабаў з футра, ён прадаваў мужчынскія капелюшы. Мы жылі камфортна. Дзеці хадзілі ў прыватныя школы… Да вайны мы адчувалі антысэмітызм. Палякі зайздросьцілі нам, бо ў габрэяў былі крамы. Але мы не былі багачамі, не былі элітай, мы былі сярэднім клясам…» — распавядала Рая Кушнэр.
У канцы 19-га — на пачатку 20 стагодзьдзя габрэі ў Наваградку складалі каля 80 працэнтаў насельніцтва. Напярэдадні Другой сусьветнай 6000 чалавек з трохі больш як 11 000 жыхароў Наваградку былі габрэямі.
«У нас не было ніводнага пагрому ніколі!» — кажа Вяршыцкая. — Ніякага параўнаньня з тым, што было ў Расеі і ў Цэнтральнай Польшчы. У нас антысэмітызм зьявіўся ў 30-я гады пасьля сьмерці Пілсудскага».
«Беларусы, габрэі і палякі для царскага ўраду былі “іншародцы”, — тлумачыць беларуска-ізраільскі дасьледчык Леанід Смілавіцкі. — Палякі — трохі вышэй, габрэі і беларусы ніжэй. Палякі пагардліва ставіліся і да беларусаў, і да габрэяў. Да габрэяў як да “хрыстапрадаўцаў”, а да беларусаў як да “халопаў”, “хамаў”».
Але, сьцьвярджае Сьмілавіцкі, паміж беларусамі і габрэямі не было ніякага супрацьстаяньня, і яны шчыльна падтрымлівалі адны адных эканамічна. Габрэйскі рамесьнік абслугоўваў беларускага селяніна і наадварот.
«Гэта былі дзьве культуры, якія існавалі ў мястэчку паралельна і не перасякаючыся. У іх не было міжнацыянальных шлюбаў, абсалютна розныя погляды на сям’ю, маёмасьць, працу і так далей. Але і першыя, і другія былі незаможныя. Гэта былі людзі, занятыя штодзённай цяжкай працай, як правіла, без эксплюатацыі — сяляне і рамесьнікі, — кажа ён. — Ва Ўкраіне, напрыклад, была іншая сытуацыя. Габрэі Беларусі больш займаліся вывучэньнем Торы, а габрэі Ўкраіны — зараблялі грошы, былі заможныя. І там было да чаго прад’явіць прэтэнзіі з пункту гледжаньня клясавага антаганізму, эксплюатацыі і гэтак далей».
«Кушнэры карысталіся павагай, — распавядае Вяршыцкая. — А габрэйская абшчына была супэрарганізаваная». Патронам яе разьвіцьця Тамара называе ўраджэнца гораду Аляксандра Гаркавага, які на пачатку ХХ стагодзьдзя апынуўся ў ЗША.
«У 1921 годзе Гаркавы прыяжджае сюды зь дзьвюма валізамі грошай, якія сабралі амэрыканскія мігранты, каб дапамагчы мясцовай абшчыне, — кажа Вяршыцкая. — Грошы пайшлі на тое, каб стварыць інфраструктуру, якая складалася з 15 камітэтаў, 8 зь іх мелі эканамічны характар, а 7 — культурна-асьветніцкі. Зьявіліся прытулак для старых, прытулак для сірот, якія атрымлівалі ня толькі ежу і ложак, але адукацыю і прафэсію».
Габрэйскія дзеці ў Наваградку атрымлівалі адукацыю ўсіх ступеняў. У абшчыны быў свой спартовы клюб “Макабі”. Пажарная каманда горада складалася з габрэяў, дзейнічалі моладзевыя арганізацыі, клюб, тэатар.
Тагачаснае жыцьцё наваградзкіх габрэяў адлюстравана ў фільме «Наваградак. 1931», які на замову Гаркавага зьняла польская студыя «Зэніт»
Людзі, што запаўняюць кожны кадар гэтай стужкі, у наступным дзесяцігодзьдзі страшнай сьмерцю загінуць у Галакосьце.
Рая Кушнэр
«Уся наша сям’я была пад 200 чалавек», — Рая Кушнэр палічыла ўсіх сваіх шматлікіх цёцяў, дзядзяў і іхнія сем’і. — Выжылі толькі я, мой бацька і мая сястра. Пасьля вайны ў мяне засталося толькі двое стрыечных».
Ніхто з гэтых людзей не застаўся ў Беларусі.
Ён спытаў, што ў музэі ёсьць пра габрэяў. А я кажу: «Пра якіх габрэяў?»
«Музэй габрэйскага супраціву» Вяршыцкая адкрыла ў Наваградку ў 2007-м — «без рубля беларускіх грошай». «Уся гэтая гісторыя вярнулася гораду пасьля таго, як я сустрэлася з Джэкам Каганам. Ён мяне спытаў, што ёсьць у музэі пра габрэяў. А я кажу: «А пра якіх габрэяў?».
Праз паўстагодзьдзя Джэк (Ідэль) Каган, самы малодшы ўдзельнік капаньня тунэля і ўцёкаў з гета, вярнуўся ў Наваградак, паставіў на месцы расстрэлаў габрэяў мэмарыяльныя знакі, узнавіў гісторыю гета і яго насельнікаў.
«Калі я пачала ствараць музэй, маімі калегамі былі тры пэнсіянэры, члены партыі, зь іх два партызаны, — распавядае Тамара. — Тэма вайны заняла ў нас дзьве залі, яны былі прысьвечаныя партызанскаму руху, Сталінграду, Курскай бітве, бітве за Маскву. Пра акупацыю мы фактычна нічога ня ведалі».
А ў 1998 годзе Ідэль Каган, які на той момант ужо даўно жыў у Лёндане, напісаў кнігу «Як я застаўся ў жывых».
«Я адчувала, наколькі для яго гэта жывое. Гэта не была нейкая «Вялікая Айчынная вайна», гэта была яго вайна, у якой загінула яго сям’я, у якой ён ляжаў на гэтых нарах. Тут у гета яму без наркозу і інструмэнтаў ампутавалі пальцы на нагах, ён тут два гады галадаў, ня мыўся больш за год у гэтым бараку», — кажа Вяршыцкая.
У пакоі на 13 квадратных мэтраў барака жылі па 22 чалавекі. Цяпер у ім рэплікаваныя нары з надпісамі.
Рая Кушнэр згадвала, што праблемы для габрэяў пачаліся ўжо ў 39-м, калі прыйшлі «рускія». Бацькаву краму нацыяналізавалі, а тых, хто быў больш заможны, адпраўлялі ў Сыбір. Хтосьці падказаў Навуму Кушнэру, што іхняя сям’я наступная. Хінда схавала дзяцей у розных дамах, і іх не знайшлі.
«Яны прыйшлі ў суботу, схапілі людзей, пасадзілі іх у вагоны і адправілі ў Сыбір, — распавядала Рая. — І тыя, каго адправілі ў Расею, мелі шчасьце выжыць».
Чуткі, што немцы забіваюць габрэяў, даходзілі з цэнтральнай Эўропы. Але тут, у Наваградку, дзе немцаў памяталі яшчэ па Першай сусьветнай, гэтым чуткам ніхто ня верыў. Першыя дні, распавядае Рая, усё было спакойна, габрэі змаглі вярнуцца ў свае дамы. Неўзабаве ім загадалі насіць жоўтыя зоркі і забаранілі хадзіць па тратуарах. Пасьля ўсіх наваградзкіх габрэяў — 6 тысяч чалавек — сабралі ў гета на Пярэсецы разам з 22 тысячамі габрэяў з бліжэйшых гарадоў.

26 ліпеня 1941 году ў гета далі загад сабраць 50 маладых прыгожых дзяўчат, сярод якіх была і 18-гадовая Рая Кушнэр. Нацысты прывялі іх на гарадзкую плошчу, тую самую, дзе яны гулялі па выходных да вайны. На плошчы граў аркестар. Тут жа сабралі ўсю інтэлігенцыю — дактароў, адвакатаў, настаўнікаў…
«Яны забівалі іх, а музыка грала. Па бруку цякла кроў. Нам загадалі мыць гэтыя камяні. Мы складалі мёртвыя целы на падводу, а зь яе зьвешваліся галовы. Мы зналі гэтых людзей. Музыка грала, а мы змывалі кроў з камянёў. Пасьля немцы зладзілі на плошчы баль і танцавалі». Тады забілі 52 чалавек.
Памятны знак на адным зь месцаў расстрэлу габрэяў з Наваградзкага гета
Аднойчы малодшы брат Раі Ханон трапіў у групу хлапцоў, якім загадалі разаграваць водаправодныя трубы ў доме гарадзкога кіраўніцтва. П’яныя нямецкія афіцэры, якія балявалі ў доме, выйшлі і дзеля жарту сталі страляць па хлапцах, якія палілі вогнішча на зямлі. Забілі ўсіх. На наступны дзень маці і бацька Раі пабеглі на месца і пачулі там стогны. Хоню знайшлі ўсяго ў апёках, але жывога. Яго выхадзілі дактары ў гета.
«Расстрэльвалі габрэяў літоўцы, эстонцы і ўкраінцы, — кажа дзейная дырэктарка Наваградзкага гісторыка-краязнаўчага музэю Марына Ярашук. — Беларусы не хацелі. У апошняй акцыі ўжо мясцовая паліцыя ўдзельнічала».
Старэйшую дачку Эстэр Кушнэры страцілі ў сьнежні 1941-га, падчас аднаго з масавых расстрэлаў.
«Немцы стаялі ў сваёй прыгожай нацысцкай уніформе і белых пальчатках. Яны казалі: «Ты направа, ты налева». Направа — паміраць, налева — жыць. Нам ён сказаў: «Вы ўсе направа», — Рая згадвала, як перад адпраўкай на сьмерць загадвалі здаць усе свае рэчы. Хінда сказала: «Дзеці, бяжыце. Лепш быць застрэленым тут, чым капаць сабе магілу. Бяжыце, можа хто з нас выжыве». Эстэр пабегла ў будынак, але малады паляк выцягнуў яе і адправіў у ланцуг на сьмерць. У гэтым момант усю сям’ю Кушнэраў уратаваў загад захаваць майстроў па футры.
«Мы ішлі выжываць і бачылі, як яна ідзе паміраць», — сказала Рая. Тады было расстраляна 5100 чалавек.
Некалькі сотняў габрэяў, у асноўным рамесьнікаў, маладых хлапцоў і дзяўчат, перавялі ў баракі на вуліцы Карэліцкай, там цяпер музэй. «У гэтым лягеры апынуліся людзі, якія адносіліся да катэгорыі патрэбных, — кажа Вяршыцкая. Тыя, хто валодаў рамёствамі і мог працаваць. — Калі ў 1943 годзе гебітскамісар выдаў загад, каб беларуская моладзь прайшла адукацыю ў майстэрні ў гета, гэта стала адным з сыгналаў, што гета ліквідуюць зусім. Што ўсіх габрэяў пазабіваюць».
Увесь час у гета габрэі цяжка працавалі. «Мы шылі капелюшы і шынялі. Немцы давалі нам перапынак, і мы гатавалі бульбу, у нас была ежа. Мы спадзяваліся, што ўсё скончыцца. Але яны прыйшлі зноў. Гэтым разам па малых дзяцей».
Рая Кушнэр распавядае, як дзесяць дзяцей, у тым ліку сына і дачку яе дзядзі, удалося схаваць у нішы сярод газэт. Але хутка немцы вярнуліся з аўчаркамі і знайшлі іх.
«Яны не выкарыстоўвалі кулі, гэта было задорага. Яны прыдушвалі іх нейкім белым парашком. Бацькі плакалі і крычалі. Вы можаце сабе ўявіць, як крычаць бацькі? У гета больш не засталося дзяцей. У майго дзядзі быў дзесяцігадовы сын і васьмігадовая дачка. Ён і ягоная жонка стаялі і глядзелі, як немцы забіваюць іх. Пасьля гэтага забойства людзі ў гета пачалі думаць пра ўцёкі».
З гэтага гета 7 траўня 1943 году разам зь іншымі павялі на расстрэл Хінду Кушнэр.
Сэлекцыя адбывалася ў будынку польскага суду. Сёньня гэты будынак застаўся амаль такі самы, як тады. «Мой бацька, брат, сястра і я глядзелі праз вакно, як яны вядуць маю маці», — сьведчыла Рая Кушнэр.
«Маці забілі на нашых вачах. Немцы скідалі целы ў магілу за паўкілямэтра ад гета. Мы плакалі і крычалі, — Рая Кушнэр распавядала, што немцы стралялі ў іх бок. — Яны добра рабілі сваю працу, зьнішчаючы нас. З трыццаці тысяч габрэяў тады засталося 300–350 чалавек».
Плітка з шасьціканцовай зоркай — падлога польскага суду, дзе адбывалася сэлекцыя.
Перайшлі мяжу паміж сьмерцю і жыцьцём
Гліністы квадрат 70 на 70 см — на тэрыторыі былога гета ёсьць здымак кавалка тунэлю, які наваградзкія габрэі тры месяцы капалі начамі пасьля дзённай працы.
«Мы яго вельмі доўга шукалі, — распавядае Тамара Вяршыцкая. — Уся тэрыторыя была прарыта траншэямі. У 20 мэтрах ад барака мы яго страцілі. Гэтая тэрыторыя перакопвалася шмат разоў, ён быў цалкам зьнішчаны».
Раскопваць тунэль узяліся ў 2012 годзе. Разам зь пяцьцюдзесяцьцю нашчадкамі тых, хто ў ноч на 26 верасьня 1943 году ў навальніцу і залеву прапоўз гэтыя дзьве сотні мэтраў пад зямлёй.
«Перайшлі мяжу паміж сьмерцю і жыцьцём», — кажа Вяршыцкая.
Уваход у тунэль быў схаваны пад нарамі
Тэрыторыя гета была абнесеная плотам, тут жа жыла ахова, нешматлікіх ужо на той момант насельнікаў пералічвалі па галовах. «У гета заставалася 70 маладых людзей, яшчэ 3–4 старэйшых, сярод якіх мой бацька. І астатнія — маладыя дзяўчаты, як я», — сьведчыла Рая Кушнэр. Яе сястры Леі на той момант было 13 год.
«Усё арганізоўвалася ў таямніцы. Ніхто ня ведаў, як гэта ўсё адбывалася, — кажа дзейная дырэктарка музэю Марына Ярашук. — Хтосьці здабываў, чым капаць тунэль. Хтосьці вырабіў вазок, каб зямлю зь яго вывозіць. Хтосьці шыў мяхі з адзеньня. Хоня Кушнэр капаў тунэль разам зь сябрам кожную ноч з 3 да 5 гадзіны».
Гэтыя рэчы знайшлі пры раскопках. Капаць гліністую зямлю рыдлёўкай было немагчыма, ёю нагружалі зямлю на вазок. Тунэль літаральна праскрэблі мэталічнымі рэчамі — напрыклад, лыжкамі і відэльцамі.
Тунэль капалі па начах, бо ўдзень была праца. Усярэдзіну правялі асьвятленьне, зрабілі драўляную рэйкавую дарогу, каб на вазку вывозіць зямлю. Яе спачатку хавалі на гарышчы і паміж сьценамі, пазьней зрабілі адгалінаваньні ў самім тунэлі. На паверхню выводзілі трубы з адтулінамі, каб у тунэль пранікала паветра. Ахову прывучалі нібыта да непаладак з электрычнасьцю, каб у дзень уцёкаў можна было адключыць яе зусім. У самім тунэлі была самаробная сыгналізацыя.
Спробы ўцячы з гета рабіліся і раней. Тых, каго лавілі, забівалі, а целы ўцекачоў разьвешвалі на дрэвах у самім гета. Сем’і ўцекачоў расстрэльвалі.
«Аднаму хлапцу з Карэліч ідэя зьбегчы з гета была не даспадобы. Ён пачаў казаць: «Навошта вы гэта робіце? Будзе толькі горш, калі вы ўцечаце. Яны зловяць і заб’юць нас», — казала Рая Кушнэр. — Хлопцы, якія капалі тунэль, баяліся, што ён усё распавядзе немцам. Яны не маглі пакінуць яго жыць. Немцы ўсё адно б яго забілі. Інстынкт выжываньня прымушае людзей рабіць усё што заўгодна. Хлопцы завялі яго ў тунэль і задушылі».
Быў складзены пайменны сьпіс, і паводле яго першымі ў тунэль спускаліся маладыя хлопцы. Пасьля дзяўчаты, а старэйшых пакінулі ў канцы.
«Мы баяліся, што калі ў кагосьці зь іх стане кепска з сэрцам ці ён самлее, то ў тунэлі зашчэмяцца ўсе». Малодшы брат Раі Хоня быў сярод першых. Раі і Леі таксама прапаноўвалі спускацца ў тунэль першымі, але яны пайшлі апошнімі разам з бацькам Навумам.
Навум Зэйдэль Кушнэр, бацька Раі і Леі
«Мы хацелі застацца зь ім. Мы адчувалі: тое, што здарыцца з нашым бацькам, мусіць здарыцца і з намі. Гэта было рызыкоўна. Калі б немцы зразумелі, што першыя змаглі ўцячы, то яны б застрэлілі астатніх. Мы былі гатовыя памерці».
Рая кажа, што ўцекачы падзяліліся на групы і трымаліся за адну вяроўку. У кожнай групе быў кіраўнік. Але калі людзі апынуліся наверсе, яны кінуліся ў розныя бакі. «Гэта пачуцьцё свабоды, — мяркуе Рая. — Яны страцілі кантроль».
Наступным ранкам немцы злавілі тых маладых хлапцоў, якія выйшлі з тунэля першымі. «Выжылі хіба 2–3 зь іх», — сьведчыла Рая. Іх расстралялі на гарадзкой плошчы. Верагодна, так загінуў малодшы брат Раі і Леі — Хоня.
Частку тунэля плянуюць закансэрваваць пад празрыстай накрыўкай. На сьцяне — фатаздымак таго, як цяпер выглядае тунэль.
Рая, Лея і іх бацька Навум усю ноч ішлі па лесе разам зь яшчэ адным габрэйскім хлопцам. Бацьку дзяўчаты амаль несьлі на руках, бо яму стала блага.
«Мы ішлі і ішлі, пакуль не дайшлі да «польскага» дома. Жанчына адкрыла дзьверы і адразу пазнала нас: «А, Кушнэры, у вас была футравая крама. Я дам вам хлеба, вады і цыбулі, але вы ня можаце застацца тут. Вы мусіце сысьці».
Да вайны мы ўсе добра жылі, усе харошыя былі
Ацалелыя габрэі з Наваградку, у тым ліку былыя партызаны з атраду Бельскага, сабраліся пасьля вызваленьня, каб пабачыцца і справіць набажэнства ў памяць загінулых
(Photo credit: United States Holocaust Memorial Museum, courtesy of Yehuda and Lola Bell Collection)
«У нас на вясельлі быў танец, калі танцавалі толькі тыя, хто выжыў, — Тувія, Рая, мой бацька, мой дзядзька», — згадвае муж Лоры Бэрнард Гастэн, бацькі якога, усходнеэўрапэйскія габрэі, таксама выжылі ў Галакосьце.
«На нашым вясельлі бабуля Рая ўстала і сказала: «Мы ўсе тут дзякуючы аднаму чалавеку — Тувіі Бельскаму», — распавядае яе ўнучка Лоры Гастэн, наведваючы музэй.
«Як яны з гета паўцякалі, то ў лесе сядзелі, вось у гэтым, — 80-гадовая Ірына Казлоўская зь вёскі Макрэц паказвае рукою ў бок поля, дзе застаўся невялікі гаёк. — А там быў гушчар. А Костусь быў з партызанамі і ноччу іх развозіў. У Ізьве падводы чакалі. Тады іх на падводы і павязуць у пушчу».
Ірына Казлоўская: «Вайна пабрала шмат людзей — вінных і нявінных. Былі добрыя людзі, а цяпер людзей добрых няма. Усе злыя, усе наглыя, усе ня любяць адзін аднаго. А некалі людзі жылі добра. Мы жылі на футары, жылі дружна. А цяпер як дзе да каго зойдзеш, дык адны плёткі! Балтаюць і балтаюць.
Дзядзькі Ірыны Казлоўскай — Канстанцін і Іван — дапамагалі габрэям зьбегчы з гета і прыводзілі іх у габрэйскія партызанскія атрады. Рая Кушнэр сьведчыць, што пасьля ўцёкаў яны некалькі дзён хаваліся ў лесе, а ў атрад братоў Бельскіх іх на падводах пераправіў селянін, пра якога ведалі, што ён дапамагае габрэям. Ці быў гэта Канстанцін Казлоўскі, які ў вайну ўратаваў больш за 500 габрэяў, невядома.
«Уся нашая сям’я гаварыла па-яўрэйску, гадаваліся разам у дварэ, забаўляліся, усё ведалі. Бельскі быў, Рыся тут жыла, Рысін дзед Шмойла, Яселевічы тут жылі, — згадвае Ірына Казлоўская. — Бельскія добрыя былі, усе харошыя былі, што ў нас жылі, ніхто не кусаўся. Усе добра сябравалі, добра жылі. Нельга крыўдзіцца. Бельскія ўцяклі, пайшлі ў партызаны і паехалі ў Амэрыку. А старога іх (Давід Бельскі — бацька братоў Бельскіх) — з двара немцы забралі ў машыну, расстралялі, і брата расстралялі. А сястра іх была замужам за Зыгмарам нейкім, то яна зь дзіцём малым пайшла легла ў яму сама. І іх застрэлілі. Каля Літоўкі быў цэлы барак, дзе іх білі-душылі. Там зямля варушылася. Дзяцей душылі, дзіця за руку схопяць — у машыну кідалі. Страшна было, ня дай Бог. Чаго зьдзекавацца зь людзей так? — ледзьве суцішвае сьлёзы спадарыня Ірына.
Іван Казлоўскі па загадзе Тувіі Бельскага працаваў у паліцыі і дапамагаў габрэям уцячы з гета. Іван загінуў у 22 гады. Яго брат Канстанцін Казлоўскі прызнаны праведнікам сьвету.
У атрад Тувіі Бельскага трапілі Навум, Рая і Лея Кушнэры. «У лесе было 1000 ці 1100 чалавек, — згадвала Рая. — Нехта зьбіраў дровы, нехта рабіў іншую працу, у асноўным на зямлі. Хлапцы на конях ахоўвалі лягер. Яны сачылі за немцамі і палякамі. Мы баяліся, што калі немцы нас не заб’юць, гэта зробяць палякі. Мы заставаліся ў лесе 9 месяцаў. Некаторыя пражылі так 4 гады».
Тут Рая сустрэла свайго будучага мужа Ёсіфа Бярковіча з Карэлічаў. Ён уцёк зь іншага гета, выкапаў у лесе зямлянку і жыў там некалькі гадоў разам з братам і сёстрамі.
Дарога з Наваградку да Налібак такая, што партызаніць можна і цяпер. Памяць пра «партызанскую зону» тут жывая, хоць старых жыхароў засталося надзвычай мала.
Галівудзкі фільм «Defiance», у якім Тувію Бельскага грае Дэніэл Крэйг, здымалі ня тут. «Я спытала ў Арона Бельскага, малодшага з братоў Бельскіх, што праўда ў гэтым фільме, — кажа Тамара Вяршыцкая. — Ён сказаў мне: “Дзьве рэчы. Першая — мае браты сапраўды ўратавалі тысячу габрэяў. Другая — лясы каля Вільні вельмі падобныя да тых, у якіх мы партызанілі”».
Лягер Бельскіх за вёскай Кляцішча нам паказвае лясьнік. І праз столькі год тут, на месцы «Ляснога Ерусаліму», засталіся глыбокія равы, калодзеж.
Лясьнік кажа, пару гадоў таму знайшлі тут кулямёт, вінтоўкі і нямецкі нож. «Брахня», — рэагуе на гэта налібацкі старажыл Станіслаў Бэрнардавіч Акуліч. — Ён жа малады, што ён можа ведаць!»
«У нас мястэчка было! Яўрэі былі! Базар быў у панядзелак! — Станіслаў Бэрнардавіч кажа, што ў 43-м яму было ўжо дзесяць год, і ён «лятаў па пушчы, як казёл». — У нас ад царквы сюды аж наверх было ўсё як мае быць. Тратуары былі. У габрэяў сад вялікі быў. Яны гандлявалі. Трэба ўвесну кавалак хлеба, ідзеш да іх!»
Сям’я Станіслава Акуліча дапамагала габрэйскім партызанам у вайну: «Прыходзілі да нас кароўку забраць, сьвіня. Ім жа трэба было жыць. Нас яны ня крыўдзілі, мы ж былі партызанская зона».
Мэце выратаваньня як мага большай колькасьці габрэяў у атрадзе Бельскіх было падпарадкавана ўсё. Іншыя партызанскія атрады габрэяў не прымалі і нават расстрэльвалі як магчымых шпіёнаў. А старэйшы зь Бельскіх — Тувія — казаў: «Лепш уратаваць адну габрэйскую бабулю, чым забіць дзесяць немцаў».
У атрадзе пяклі хлеб, працавалі кухня, шпіталь, лазьня, выраблялі скуры і шылі адзеньне. Тут гадавалі быдла, былі гароды. Тут жа ў лесе дзяцей вучылі ў школе і гралі вясельлі паводле юдэйскага абраду.
Пры гэтым атрад быў абсалютна баяздольны. Бельскія маглі абараніць сябе. Яны помсьцілі мясцовым, якія выдавалі габрэяў.
У Кляцішчах зусім выпадкова мы сустракаем 93-гадовую Ванду Аляксандраўну Судзенку. Сярод іншых успамінаў пра вайну яна распавядае, як яе маці забілі «габрэйскія партызаны».
Ванда Судзенка: «Мама пайшла з хлопцам вясковым, бо ў нас карова ў лесе хадзіла і заблукала. На Краснай горцы на іх нарвалася. А тата быў солтысам пры Польшчы. Яны палічылі, што хочам іх здаць. Адзін гаварыў з мамаю, а другі ззаду сякерай маме па галаве».
Гэты выпадак у сваёй кнізе апісвае Джэк Каган. Сваіх Бельскія абаранялі жорстка. Атрад Тувіі быў адзіны, які ня страціў людзей падчас самай буйной акцыі супраць партызан «Герман» у ліпені 1943 году. Тады некалькі сотняў габрэйскіх партызан схаваліся на высьпе пасярод дрыгвы каля вёскі Красная Горка. «Недалёка ад вострава вартавыя сустрэлі беларускую жанчыну. Яны вырашылі, што яна шпіёнка, і забілі яе на месцы».
Немцы хацелі забіць, рускія не давалі жыць
— А цяпер ёсьць у вас габрэі? — пытаюся ў Налібаках у Станіслава Бэрнардавіча.
— Ніводнага няма, — кажа ён. — Яшчэ ў 45-м годзе нашых налібацкіх ужо ў Аўстрыі сустракалі. Пагаварылі зь імі там, кажуць, ня слухайце нікога, там папялішча. Пайшлі далей на Амэрыку, у Ізраіль тыя налібацкія габрэі. А чаго ж яны сюды паедуць? Хіба дурныя?»
Кушнэры апынуліся ў ЗША пры канцы 40-х. Іх будаўнічая імпэрыя пачыналася з таго, што Ёсіф рабіў цесьляром і начаваў у дамах, якія будаваў. «Калі Чарлі (сын Раі і Ёзафа Чарльз Кушнэр. — РС) аднойчы прынёс дахаты гітару, якую на адзін дзень узяў у школе, Ёсіф разьбіў яе аб калена і сказаў: «Хлапец мусіць вучыцца, як зарабляць на жыцьцё, а не займацца лухтой». Чарльз найлепшым чынам разьвіў бацькаў бізнэс, якім цяпер кіруе ягоны сын Джарэд — той самы зяць Дональда Трампа.
Саманта і Лоры Гастэн (у цэнтры), унучка і праўнучка Раі Кушнэр, ідуць уздоўж тунэля, па якім іхняя бабуля ўцякала з гета
— Як так атрымалася, што Наваградак быў больш як напалову габрэйскім горадам, меў такую супольнасьць, і з гэтага не засталося нічога, нават памяці? — пытаюся я ў Тамары Вяршыцкай.
— А як гэта адбылося з усёй краінай, вы мне скажыце? — адказвае яна.
«Тут няма нічога складанага, — тлумачыць Леанід Сьмілавіцкі. — Калі казаць пра Наваградак, то, карыстаючыся тым, што да 1939 году Наваградак быў у польскай дзяржаве, усе габрэі паводле польска-савецкага пагадненьня 1946 году мелі права выехаць безь перашкод. Што яны і зрабілі. Зразумелі, што такое савецкая ўлада. Даведаліся, што такое антысэмітызм у партызанскім руху. Там былі ня толькі людзі, якія ратавалі, але і тыя, хто зводзіў рахункі. І апасаліся, што гэтая фортка закрыецца і іх больш ня выпусьцяць».
Ад габрэйскага Наваградку засталося няшмат. Шасьціканцовыя зоркі на дамах перарабілі ў пяціканцовыя. На франтоне гэтага дома ацалеў ключ.
«Немцы хацелі забіць нас, а рускія не давалі нам жыць іншым чынам. Такое было вызваленьне», — кажа Рая Кушнэр.
Поўнае адмаўленьне габрэйскага ладу жыцьця — вось што вызначала савецкае паваеннае стаўленьне да габрэяў. «Забарона на мову, культуру, на абшчыннае жыцьцё, забарона рэгістраваць сынагогі і ствараць супольнасьці. Усё, што дае габрэю адчуць сябе габрэем, — тлумачыць Сьмілавіцкі. — І габрэі былі пастаўленыя перад выбарам: або яны ўдзельнічаюць у працэсе паскоранай асыміляцыі, або робяцца пэрсонай нон-грата (кажучы мовай тых гадоў — пасобнікамі буржуазна-габрэйскіх нацыяналістаў)».
Цяпер ужо ўголас гаворыцца, што савецкая гістарыяграфія наўмысна замоўчвала Галакост, запісваючы яго ахвяраў у «савецкіх грамадзян». «Пасьля вайны была шырока пашыраная думка, што габрэі не ваявалі, не супраціўляліся, пасіўна сядзелі ў эвакуацыі і чакалі, калі савецкія войскі іх вызваляць», — кажа пра гэта нямецка-амэрыканская дасьледчыца Аніка Вальке.
Сабраць сябе па кавалачках і жыць далей
Жыцьцё сучасных Кушнэраў разнастайнае, часам стасункі ўнутры гэтай сям’і параўноўваюць нават з гісторыяй Каіна і Абэля. Чарльз гэтак пасварыўся зь сястрой і братам, што справа дайшла да суду. Два гады турмы ён атрымаў за незаконныя ўнёскі ў фонд кампаніі і ўхіленьне ад сплаты падаткаў. Таксама Чарльз спрабаваў перашкодзіць удзелу ў судовым паседжаньні сваёй сястры Эстэр і падаслаў да ейнага мужа прастытутку. Гэты факт увайшоў у абвінавачаньне. Чарльз прасіў у сястры прабачэньня, але казаў, што бацькі ніколі б не ўхвалілі яе рашэньня выступіць супраць яго ў судзе.
Чарльз Кушнэр таксама заснаваў Габрэйскую акадэмію імя Ёзафа Кушнэра і ешыву імя Раі Кушнэр у Лівінгстоне, штат Нью-Джэрзі.
Але кожны з Кушнэраў, кажуць у сям’і, павінен пабываць у Наваградку. 21-гадовая Саманта Гастэн, праўнучка Раі і Ёсіфа, якая разам з бацькамі на адзін дзень прыляцела сюды з Чыкага, кажа: «Для мяне гэтая гісторыя — прыклад, як пражыць сваё жыцьцё, выйсьці замуж за габрэя, выхаваць дзяцей габрэямі».
Лоры, унучка Раі Кушнэр, кажа, што да 1982 году бабуля ніколі не гаварыла пра Галакост і тое, што давялося перажыць у Беларусі.
«Як яны змаглі аднавіць сваё жыцьцё пасьля гэтага?» — пытаюся я ў яе.
«Калі бабуля і дзядуля прыехалі ў Амэрыку ў 1949-м, у іх не было нічога. Яны працавалі. Яны былі настолькі сканцэнтраваныя на адбудове, на здабываньні грошай. Я ня ведаю, якая сіла іх вяла. Я магу толькі ўявіць, але яны змаглі, гэтаксама як і многія іншыя, хто выжыў, — адказвае яна. — Нас заўжды захапляла, колькі вясельляў было ў гэтых лягерах для ўцекачоў. Яны хацелі, каб іх стала больш. Хацелі сабраць сябе па кавалачках і ісьці наперад. Гэта было цяжка зрабіць, але яны змаглі. У канцы жыцьця ў маёй бабулі былі ўнукі, былі праўнукі. Мой дзядуля, на жаль, не дажыў да праўнукаў, але яны ў яго ёсьць».
Сям’я Кушнэраў у 1971 годзе
(photo credit: Yad Vashem)
«Ведаеце, што я бачу агульнае паміж габрэйскім і беларускім мэнталітэтам? — кажа Леанід Сьмілавіцкі. — Выжыць пры любых абставінах. Беларусь — гэта прахадны двор з Эўропы ў Расею, беларусаў увесь час тапталі, забівалі заваёўнікі. Таму, што б ні здарылася, — “абы не было вайны”. У габрэяў было тое самае: выжыць — самае галоўнае багацьце і дасягненьне габрэя. Усё астатняе пасьля. Так можа паводзіць сябе толькі народ, які пастаўлены ў экстрэмальныя ўмовы».
«Мая бабуля жыла і радавалася жыцьцю, — кажа Лоры Гастэн. — Яна не хацела забываць таго, што здарылася, і мы ня хочам. Але хочам жыць. Я думаю, што гэта досыць тыпова для тых, хто выжыў. Я тут, таму што мне і маім дзецям важна бачыць месца, адкуль мы. Жыцьцё ў Амэрыцы сапраўды цудоўнае, і трэба схіліць галаву перад тымі, хто так шмат уклаў у яго, цяжка працаваў і выжыў».
Credits

Аўтар: Аляксандра Дынько. Фота: Радыё Свабода,RFERL, Мэмарыяльны музэй халакосту (ЗША). Дызайн і распрацоўка Pangea Design.

2016 © Pangea Digital, Радыё Свабода