Тое, што нейкіх паўгода таму здавалася немагчымым і абсурдным, стала беларускай паўсядзённасьцю. Яшчэ на пачатку мінулага лета, калі ўлада ўбачыла, зь якой вялізнай цікавасьцю сотні тысяч людзей сочаць за жывымі рэпартажамі з вуліц беларускіх гарадоў, нас, прадстаўнікоў незалежных мэдыя, спрабавалі ўгаворваць і шантажаваць. Кіраўнікі Міністэрства інфармацыі, МЗС, МУС выклікалі на гутаркі, настойліва і цьвёрда, але ўсё ж у рамках закону ўгаворвалі спыніць альбо абмежаваць стрымы, пагражалі пазбаўленьнем акрэдытацый. Потым журналістаў сталі затрымліваць на тры гадзіны — нібыта для праверкі дакумэнтаў. Потым — біць і саджаць «на суткі» на Акрэсьціна.
І вось цяпер два гады турмы толькі за тое, што дзяўчаты-журналісткі выконвалі сваю працу, вялі жывы рэпартаж з грамадзка значнай падзеі.
Беларусь імкліва рухаецца ў той час, які незнаёмы сёньняшняй моладзі і нават саракагадовым. Але які добра памятаем мы, тыя, каму за пяцьдзясят.
Той, хто памятае брэжнеўскія зьезды КПСС, з лукашэнкаўскага «народнага сходу» не сьмяецца
Апошні брэжнеўскі зьезд КПСС (дваццаць шосты) адбыўся роўна сорак гадоў таму, у лютым 1981-га. Гэта сёньня, пераглядаючы ў ютубе старую тэлехроніку, можна паблажліва ўсьміхацца з вонкава дабрадушнага і бяскрыўднага «дарагога Леаніда Ільіча» зь пяцьцю залатымі геройскімі зоркамі на пінжаку, з невыразным замаруджаным маўленьнем і яўнымі прыкметамі лёгкага старэчага маразму на твары. А тады ўсё выглядала зусім па-іншаму. Кожны савецкі грамадзянін цьвёрда ведаў: за гэтымі кумачовымі дэкарацыямі і няўцямнымі прамовамі — востры позірк з-за тоўстых шкельцаў акуляраў старшыні КДБ Юрыя Андропава.
Тады таксама былі праваабаронцы, але дзе? У мардоўскіх лягерах. А яшчэ дысыдэнты — у псыхушках. І вальнадумныя журналісты і пісьменьнікі сустракаліся. Хто пасьпеў уцячы — у эміграцыі, хто не пасьпеў ці не пажадаў — «на хіміі» праз абвінавачаньне ў дармаедзтве.
У лютым 1981-га 26-гадовы Аляксандар Лукашэнка быў намесьнікам камандзіра танкавай роты па палітычнай частцы і, напэўна ж, паводле абавязку службы старанна назіраў і канспэктаваў усё, што адбывалася на чарговым «лёсавызначальным» партыйным зьезьдзе. Пра што ён тады думаў і пра што марыў? Можна толькі здагадвацца. Але і стылістыка, і рыторыка, і атмасфэра, і атрыбутыка скліканых ім так званых «Усебеларускіх народных сходаў» — дакладна адтуль, з брэжнеўскіх зьездаў.
Сёньня ён вядзе Беларусь у той сьвет, да той мадэлі, якая яму з маладых гадоў блізкая і зразумелая, у якой ён узгадаваны і сфармаваны. Высновы з таго досьведу вельмі простыя. Брэжнеў да апошняга ўздыху трымаў краіну ў абцугах, не гуляў ні ў якія «лібэралізацыі» і «дэмакратызацыі» — і ў выніку застаўся пры ўладзе нават тады, калі нібыта кіраваў краінай, не прыходзячы ў прытомнасьць у крамлёўскай клініцы.
Іншы прыклад: Гарбачоў, які распачаў перабудову і дэмакратыю, дазволіў людзям гаварыць, што захочуць і выбіраць тых, каму вераць — а ў выніку страціў уладу ўсяго за пяць гадоў свайго кіраваньня... Іншыя прыклады з айчыннай гісторыі мінулага стагодзьдзя толькі пацьвярджаюць гэта правіла. Сталін ніколі ня цацкаўся зь лібэраламі, вальнадумцамі і крытыканамі, трымаў акружэньне ў страху — і ўладарыў да сьмерці. А Хрушчоў паспрабаваў аслабіць цуглі, дапусьціў вальнадумства, спыніў рэпрэсіі — і ў выніку страціў уладу і быў выпраўлены на пэнсію.
Калі б Гарбачоў не распачаў сваю авантуру зь перабудовай і галоснасьцю — можа, ён бы і сёньня быў Генэральным сакратаром ЦК КПСС, кіруючы Савецкім Саюзам ужо 36-ы год? Што замінала б? Праўда, тады б і дырэктар шклоўскага саўгаса «Гарадзец» наўрад ці падняўся б па намэнклятурнай лесьвіцы вышэй за сакратара райкама партыі ў сельскай гаспадарцы...
Рэцэпт пажыцьцёвай улады
Якая Канстытуцыя? Якія складаныя і мудрагелістыя схемы транзыту ўлады? Якія надзеі на грамадзянскі дыялёг ці «круглы стол»? Усе дзеяньні рэжыму апошніх тыдняў проста лямантуюць: «Забудзьце!» Дымавая заслона зь нібыта напружанай працай над праектамі Канстытуцыі, з «дыялёгавымі пляцоўкамі» і абяцанымі ў няпэўнай будучыні рэфэрэндумам і новымі выбарамі неабходны роўна дзеля таго, каб зацягнуць час, адцягнуць грамадзкую ўвагу, забалбатаць праблему. А тым часам імкліва і дынамічна аднаўляць тую знаёмую з маладосьці камфортную для аднаасобнага ўладара сыстэму, пры якой пры ўладзе можна заставацца да магільнай дошкі. А дзеля гэтага — застрашыць, заціснуць, перасаджаць усіх, хто ня згодны.
Зь лягеру аптымістаў чуецца: «Ды што вы параўноўваеце? Гэта немагчыма. ХХІ стагодзьдзе. У нас інтэрнэт, тэлеграм-каналы, лічбавізацыя, глябалізацыя...»
А чаму, уласна, немагчыма? Калі мільёны савецкіх рублёў траціліся на «глушылкі», то чаму нельга мільёны рублёў беларускіх патраціць на блякаваньне інтэрнэту (альбо стварэньне свайго ізаляванага ад сьвету ідэалягічна правільнага аналягу інтэрнэту — кітайскія таварышы тут могуць дапамагчы). Для тых, хто без інфармацыі з-за мяжы ўжо зусім ня можа абысьціся — можна ўвесьці талёны. Выдача — з санкцыі ідэалягічнай управы.
Што, за мяжу ўсе паўцякаюць? А калі тую мяжу перакрыць (першыя захады, дарэчы, ужо зроблены). Як выяжджалі за мяжу з брэжнеўскага СССР — гэта асобная вялікая гісторыя. Бязь візы бюро райкаму партыі і КДБ савецкі грамадзянін нават замежны пашпарт ня мог атрымаць.
Вяртаньне ў 80-я
Сорак гадоў таму, седзячы перад экранам тэлевізара і канспэктуючы прамову «дарагога Леаніда Ільіча» пра тое, як нечувана вырас дабрабыт савецкага народу і да якіх неймаверных вышынь гэты дабрабыт узьнімецца да 1990 году, мы, тагачасныя старшаклясьнікі, ведалі: у рэальнасьці дабрабыт у нашым вясковым сяльпо здараўся хіба што перад якім-небудзь вялікім камуністычным сьвятам альбо перад выбарамі, калі раптам там на паліцах на некалькі гадзін зьяўлялася каўбаса альбо масла. А так брэжнеўскі дабрабыт — гэта шэрагі бляшанак з рыбнымі кансэрвамі ды слоікаў з салёнымі гуркамі...
У горадзе было крыху багацей, але не аж занадта. У гастраномах можна было арыентавацца бяз вывесак, па смуродзе. Там, дзе сьмярдзіць гнілой цыбуляй — аддзел гародніны; дзе заляжалымі каровінымі капытамі — мясны.
Затое ў ідэалягічным пляне — стэрыльная чысьціня. Ні апазыцыянэраў, ні пратэстоўцаў, ні нязручнай праўды. І толькі «бурныя працяглыя аплядысмэнты, якія пераходзяць у авацыі» пасьля кожнай прамовы пажыцьцёвага правадыра.
...Гэты шлях, безумоўна, тупік, але гісторыя сьведчыць, што тупікі бываюць такімі даўгімі, што хопіць на некалькі пакаленьняў.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.