У чым палягае філязофія перамогі
- Не адступаць ад свайго
- Не пераходзіць на крык
- Часам не гаварыць пра добрае, каб зьберагчы сваіх людзей
- Калі ты ня будзеш здавацца, твой сусед ня будзе здавацца
- Цяпер трэба быць вельмі спакойнымі
- Ня трэба баяцца
- Ня трэба хавацца ад гэтых вахцёраў, ад дробязі, якая баіцца сама
- Трэба захоўваць унутраны спакой
- Ня трэба дэманізаваць тых людзей, якія запалохваюць
- Ня трэба звальвацца ў гістэрыку і паніку, бо гэтага ад нас чакаюць
- Не жахацца ад прапаганды, а сьмяяцца зь яе, глядзець звысоку
Мэтафары пра шалі і катоў у двары
— Мы размаўляем 16 лютага, у дзень, калі адбыліся ператрусы ў праваабаронцаў і журналістаў, калі працягваецца суд над журналісткамі «Белсату». Давайце паглядзім на гэта больш шырока, ня проста як на чарговы этап рэпрэсій.
— Я для сябе гэта тлумачу ў выглядзе мэтафараў. Ёсьць шалі, і ёсьць два бакі. Мы цяпер у супрацьстаяньні, калі шалі ў няпэўнай раўнавазе. На іх баку дубінкі, зброя, магчымасьць арыштоўваць, кідаць за краты. Я б не называла гэта сілай, гэта проста інструмэнты для запалохваньня і вырашэньня сваіх праблемаў, і гэтых інструмэнтаў у іх, канечне, болей. На нашым баку праўда, сіла, упэўненасьць і большасьць.
І другая мэтафара. Два каты ў двары. Адзін кот прэтэндуе на сваю тэрыторыю, і другі кот прэтэндуе на сваю тэрыторыю. Усе бачылі, як яны садзяцца адзін насупраць другога, не варушацца, нічога ня робяць, а проста адзін на аднаго глядзяць. Такія самыя выпадкі бываюць у жыцьці. Думаю, што кожны ведае гэтую дуэль позіркаў, калі глядзіш на свайго суперніка, і ўнутры адчуваньне: альбо ты цяпер пераломіш сытуацыю, альбо ён — хто першы апусьціць ці адвядзе вочы.
Ведаюць гэта і настаўнікі. Калі, напрыклад, стаіш перад чалавекам, які мае ўладу ў клясе дзякуючы нэгатыўнай энэргетыцы і нэгатыўнаму ўплыву на іншых дзяцей. Рана ці позна гэта даходзіць да таго, што ён хоча цябе пераглядзець. Ён са свайго месца, ты са свайго мусіш без дубінак, без ужываньня рэпрэсій «даць па галаве». Ты мусіш толькі сілай сваёй волі яго перамагчы. Гэта не матэрыяльныя рэчы, гэта менавіта барацьба волі, барацьба праўды. І мы цяпер у такім становішчы.
Калі ўлетку падавалася, што вось-вось нехта стане апошняй сьняжынкай, і лявіна нашай перамогі сыдзе, то цяпер у выніку лютага супраціву сыстэмы і таго, што мы недзе пралічыліся, гэтая сьняжынка можа ўпасьці альбо на гэты бок, альбо на той. У нас цяпер няма нічога ні звонку, ні знутры, мы ўсе на гэтых шалях. І кожны з нас можа дадаць сваю сьняжынку на наш бок, на бок дабра і сьвятла, а можа і туды. І пераможа цяпер той кот, які не адвядзе вачэй, і той чалавек, які вытрымае позірк, які вытрымае гэтае супрацьстаяньне.
«Я перамагала заўсёды ў такіх сытуацыях»
— Вы як настаўніца сутыкаліся з сытуацыяй, калі хтосьці забраў уладу ў клясе праз нэгатыўны ўплыў, і вам трэба было гэта пераламаць. Які ваш досьвед такіх перамогаў?
— Я перамагала заўсёды ў такіх сытуацыях. Калі ты настаўнік, у цябе ёсьць перавага апрыёры, але бывае па-рознаму. Здараецца, што настаўнікі адводзяць позірк і ў выніку губляюць клясу. У гэтай сытуацыі самае галоўнае — не адступаць ад свайго. Вельмі спакойна, ні ў якім разе не пераходзіць на крык, бо крык, рэпрэсіі і гвалт нават у межах клясы — заўсёды паказчык бездапаможнасьці.
Нельга бегчы па дырэктара, па зьнешнія сілы. Гэта адразу паказьнік бездапаможнасьці. Дзеці гэтага не даруюць і зразумеюць, што ты слабы. Ты мусіш спакойна, але непахісна стаяць насупраць гэтага чалавека і глядзець яму ў вочы. Ён будзе патрабаваць ад цябе нешта простае (дзеці — вялікія маніпулятары), кшталту — можна я зараджу свой гаджэт. Некалькі дзён таму ў мяне такая чарговая дуэль адбылася.
«Я хачу зарадзіць свой гаджэт». Здаецца, нічога такога, гэта не праблема. Але я разумела псыхалягічна, што менавіта цяпер у мяне ёсьць магчымасьць яго перад усёй клясай паставіць на месца і даказаць, што я тут — улада. І таму я проста стаяла і спакойным голасам казала: «Не, нельга». Ён пачынае крычаць, хвалявацца, бо ён бачыць, што яму трэба мяне перамагаць, а яму волі не хапае, і ён пачынае лемантаваць. Ён ідзе на рэпрэсію, а я спакойна стаю і кажу: «Не, нельга». Ён кідае нешта кудысьці. А такія гістэрыкі — паказчык, што чалавек здаецца. Сеў на сваё месца, і бу-бу-бу. Але гэта ня важна, важна, што я не адвяла позірку. Я настаяла на сваім, і болей мне ад яго праблем ня будзе. І нават калі будзе нешта спрабаваць, я сваю галоўную дуэль выйграла.
«Большасьць пазытыўных навінаў не даем у эфір проста таму, што гэта можа пашкодзіць людзям, якія працягваюць працаваць»
— Зь якой меркай, зь якім настроем, зь якой пазыцыяй, з вашага пункту гледжаньня, варта цяпер сартаваць і аналізаваць навіны: з аднаго боку — з судоў і прысудаў, з другога боку — аб праявах неверагоднай салідарнасьці і ўзаемнай дапамогі? Якую герархію навінаў варта выбудаваць, каб ня страціць аптымізму і надзеі?
— Трэба разумець, што той бок працуе зараз на максымальных абаротах, яны выплюхваюць у эфір усё, што ў іх ёсьць. У іх нічога няма ў запасе. У іх няма нічога таго, што яны нам ня кажуць. А мы цяпер большасьць сваіх навінаў, і тым больш большасьць пазытыўных навінаў не даем у эфір проста таму, што гэта можа пашкодзіць тым людзям, якія працягваюць працаваць. Яны выплюхваюць усё, а мы — ня ўсё.
Мы цяпер гаворым пра благое, бо пра яго можна і трэба казаць, і не гаворым пра добрае, таму што гэта нельга, бо мы асьцярожныя і беражэм сваіх людзей. Гэта першы інструмэнт, зь якім падыходзім да навінаў. Па-другое, трэба выкарыстоўваць такі лайфхак. У мяне ён проста ўнутры, бо я настаўніца, а ўсе людзі — гэта дзеці, няважна, ім 20 ці 50 гадоў, сытуацыі паўтараюцца.
Проста трэба ўспамінаць, што было ў клясе, як гэта выглядала, калі ты быў малы і змагаўся зь нейкімі хуліганамі ў двары, калі ў цябе ў клясе нехта забраў уладу і цябе нейкім чынам рэпрэсаваў. Трэба ўспамінаць, якія інструмэнты нам дапамагалі, што мы зрабілі, што дапамагло нам перамагчы. Як правіла, гэта абсалютна простыя рэчы.
Не праблема перамагчы, праблема ў тым, што мы не кіруем сабой, не трымаем сябе ў руках. Апошнім часам раптам выплюхнулася вялікая колькасьць страху. Шмат хто страціў кантроль над сабой і пачаў звальвацца ў бездань страху. Ну, патэлефанавалі табе са школы і сказалі, што адбяруць дзіця. Супакойся, ня трэба панічна бегаць па хаце, зьбіраць валізкі і імчаць хутчэй на вакзал. Ніхто не адбярэ ў цябе дзіця. Гэта ня так проста зрабіць.
Калі ты ня будзеш здавацца, твой сусед ня будзе здавацца. Цяпер трэба быць вельмі спакойнымі, не зрывацца на крык, скандал. Спакойна, як людзі, за якімі стаіць праўда, рэагуйце на любыя такія выбрыкі. Цяпер дробныя сошкі, людзі, у якіх у кішэні даўно ляжыць БЧБ, але пакуль яны на тым баку, будуць вам тэлефанаваць і казаць, што адбяруць дзіця...
Ня трэба баяцца, ня трэба хавацца ад гэтых вахцёраў, ад гэтай драбязы, якая баіцца сама. Трэба захоўваць унутраны спакой. Мы напачатку ўлетку казалі: «Не забудзем, не даруем». Цяпер, калі ласка, кожную раніцу трэба казаць сабе: «Я не баюся». Улада робіць цяпер адзінае магчымае (у яе іншых шляхоў няма) — яна запалохвае. Дык проста давайце не баяцца.
«Калі сустракаеш зграю сабак, ты не павінен баяцца. Больш за тое, гэта і сабакам на карысьць»
— Ці можна гэта назваць тактыкай перамогі, філязофіяй перамогі, стратэгіяй перамогі ад Ганны Севярынец?
— Гэта проста нармальная чалавечая пазыцыя. Калі ты сустракаеш зграю сабак, ты не павінен баяцца. І больш за тое, гэта і сабакам на карысьць. Калі ты будзеш іх баяцца, бегаць ад іх па раёне, яны цябе дагоняць, пагрызуць, і іх адстрэліць ЖКГ. А калі ты проста паўз гэтых сабак будзеш ісьці нармальны, спакойны, абсалютна ўпэўнены ў сваёй моцы, дык і сабакі стануць нармальнымі сабакамі.
Ня трэба дэманізаваць тых людзей, якія запалохваюць. Гэта такія самыя людзі, толькі яны моцна напалоханыя. Рэпрэсуе заўсёды той, хто баіцца. Той, хто не баіцца, ня мае для гэтага ніякіх падставаў. Гэта не філязофія перамогі, гэта філязофія жыцьця. Мы не павінны баяцца нікога, акрамя ўласнага сумленьня і гістарычных безданяў, у якія заўсёды звальваецца грамадзтва, калі яно пачынае баяцца.
Мне ня так страшна чуць навіны пра тое, што прыйшлі зь ператрусам альбо арыштавалі, бо паглядзіце, як паводзяць сябе нашы арыштаваныя. Мы памятаем 2010 год, раніцу, калі дзясяткі чалавек на камэру пачалі каяцца і прасіць прабачэньня ў Аляксандра Рыгоравіча. Цяпер у нас такі адзін. Усе астатнія сядзяць, але абіраюць сваё сумленьне.
Ня трэба звальвацца ў гістэрыку і паніку. Гэта тое, чаго ад нас чакаюць. І гэта сьняжынкі на той бок. Мы губляем сваю моц і спакой і туды кладзем сьняжынкі. Цяпер з гэтых шаляў нішто не прасыпаецца. Калі вы зьнялі сьняжынку са сваёй шалі, то паклалі на іхную.
«Хіжынкова выйшла больш моцная, такая ж прыгожая, як прыклад для тысяч людзей»
— Калі Аляксандру Лукашэнку як кіраўніку Алімпійскага камітэту забаранілі ўдзельнічаць ва ўсіх мерапрыемствах Міжнароднага алімпійскага камітэту, было прынятае рашэньне пра частковае закрыцьцё краіны на выезд. Пасьля таго як прынялі рашэньне не праводзіць хакейны чэмпіянат у Менску, на Акрэсьціна забаранілі перадачы і прыбралі матрацы. За ўдзел у страйку ўвосень цяпер істотна пагоршылі ўмовы працы індывідуальных прадпрымальнікаў. Нават ёсьць такія тэорыі, што сьнег менчукам у дварах не прыбіраюць за той маштабны мірны пратэст увосень. Наколькі разбуральная помста для таго, хто помсьціць?
— Для іх разбуральная, як разбуральнае любое нэгатыўнае дзеяньне — пракляцьце, помста, нянавісьць. Гэта разбурае знутры і чалавека, і грамадзтва. Гэта закон прыроды. Для нас гэта, безумоўна, цяжка ўспрымаць і пераносіць, але паглядзіце на людзей, якім жорстка помсьцілі, на Вольгу Хіжынкову, бо гэта была натуральная помста. І што? Яна выйшла больш моцная, такая ж прыгожая, як прыклад для тысяч людзей. Для яе гэтая помста — фізычныя праблемы, якія мусіш ператрываць. У нашай краіне мы шмат трываем, хтосьці ляжаў зь дзецьмі ў нашых лякарнях, хтосьці езьдзіў у піянэрскія лягеры, мы ўсе разумеем, што такое матэрыяльныя нязручнасьці, і ўмеем іх ператрываць.
«Для беларусаў мёртвыя — ня мёртвыя, і яны цяпер усе стаяць за нашымі плячыма»
— Апошнія паўгода толькі лянівы ня робіць параўнаньні з Маркесам, цытуючы, параўноўваючы. Наўрад ці герой чытаў Маркеса ці разважаў у катэгорыях сусьветнай літаратуры. На баку прапаганды значна больш прымітыўныя творы кшталту вершаў «Накажи их, Боже, накажи». На каго ўзьдзейнічае такая прапаганда?
— Гэта як сабачы брэх. Калі чалавек баіцца, ён паводзіць сябе менавіта так. Самае жудаснае, што гэтая прапаганда пачала ўзьдзейнічаць і на нас таксама, бо мы пачалі ад яе мець нэгатыўныя пачуцьці і эмоцыі. Яна не павінна на нас узьдзейнічаць. Гэта ня нашага ўзроўню «мастацтва», прадукт. І калі бачым, то не павінны жахацца, панікаваць, а проста сьмяяцца. Паглядзіце на выступы на так званым сходзе (не памятаю, як цалкам называецца). Гэта ж стэндап, гэта фрыкі. Таму, акрамя таго, што мы павінны быць спакойныя, вытрыманыя, не дапускаць унутр сябе зьвера, мы павінны мець нейкую іронію ў стаўленьні да гэтага ўсяго, глядзець звысоку.
Калі ты адчуваеш сябе мацнейшым, разумнейшым, больш таленавітым, дык пасьмейся, навошта на адзін узровень станавіцца зь імі? Моц і спакой унутры — адчуваньне пераможцаў. Калі мы будзем запалоханыя, калі будзем усур’ёз успрымаць увесь гэты трэш, калі перастанем сьмяяцца і іранічна ставіцца да таго боку, тады мы будзем тыя, хто прайграў.
Нам ня можа быць проста. Мы апынуліся ў такой сытуацыі, што вырашаем праблемы адначасова трохсотгадовай акупацыі, Савецкага Саюзу, чэкісцкай улады над усім грамадзтвам. Гэта вялізарны гістарычны пэрыяд, і нават калі мы будзем яго вырашаць яшчэ год... Я ня веру ў гэта, я жыву ў прадчуваньні хуткіх зьменаў, я не дапускаю ніякага «О, яшчэ пяць год». Не. Але гісторыя хутка ня робіцца. Перад намі такія маштабныя задачы, што яны будуць вырашацца пэўны час.
Ня кожнаму пакаленьню выпадае такі лёс — вырашыць праблемы за ўсіх папярэднікаў. Для беларусаў мёртвыя — ня мёртвыя, і яны цяпер усе стаяць за нашымі плячыма. Уявіце, як тысячы людзей паклалі жыцьцё, каб наблізіць гэты час, а як яны зараз сталі б з намі поплеч. Яны зараз з намі ўсталі б і стаялі і два, і пяць, і сем гадоў, бо яны паклалі жыцьцё. А ў нас ёсьць абсалютны шанец перажыць гэтыя цёмныя часы і дамагчыся свайго, нягледзячы на тое, што ўсё адно будзе цяжка аднаўляцца потым, але гэта прыемны цяжар. Нам цяжка, нам страшна, як заўсёды, калі стаіш перад чалавекам, зь якім у цябе дуэль, бо ты разумееш, што міргнеш, і ўсё. Дык ня будзем міргаць.