Палітвязень Марыя Калесьнікава зьвярнулася да адвакатаў у розных краінах сьвету, якія маюць сусьветны аўтарытэт. У яе звароце гаворыцца:
«Мы — носьбіты паходняў на пахаваньні», — казала пра сябе і сваіх калегаў вядомая адвакатка Соф’я Калістратава, якая ў савецкія часы абараняла палітычных зьняволеных. 50 гадоў таму ў гэтым рэгіёне выбітная абарона не магла прабіцца празь бессэнсоўнасьць судовай сыстэмы. У асобна ўзятай краіне нічога не зьмянілася. Выдатныя прафэсіяналы садзяцца ў турмы і пазбаўляюцца ліцэнзіі; маюць зносіны з падабароннымі ў пакоях, набітых мікрафонамі; слухаюць абвінаваўчыя прысуды для сваіх кліентаў, нягледзячы на бліскуча праведзеную юрыдычную працу.
Мой адвакат Ільля Салей пад хатнім арыштам.
Мой адвакат Максім Знак у тым самым СІЗА, што і я.
Майго адваката Аляксандра Пыльчанку пазбавілі ліцэнзіі.
Маю адвакатку Людмілу Казак хочуць пазбавіць ліцэнзіі.
Супадзеньне? Не. Рэжым прыбірае ўсіх, хто павінен абараняць мяне. Ён нападае і не дае мне абараняцца.
У адным са сваіх выступаў я казала, што справіцца з доўгім пратэстам рэжым ня зможа і ў яго застануцца два шляхі — альбо рэформы і допуск новых людзей да кіраваньня, альбо стаць адкрыта паліцэйскай дзяржавай, меншасьцю, якая супрацьстаіць большасьці. На рэформы патрэбная сьмеласьць, якой у дзеючай улады няма, таму яна зрабіла відавочны выбар.
Тыя, хто спускае загады, даручаюць брудную працу сваім падначаленым. Нехта ж займаецца абгрунтаваньнем пазбаўленьня паважаных адвакатаў ліцэнзіі. Нехта ж рыхтуе і падпісвае паперы. Як апраўдваюць сябе гэтыя людзі, якія забіраюць працу ў Людмілы Казак, маці траіх дзяцей?
Рэжым спадзяецца, што хутка адвакаты ў краіне скончацца. Што яшчэ трохі, і ніхто не адважыцца абараняць Марыю Калесьнікаву. Я перакананая, што гэтага ня здарыцца. Хутчэй скончацца грошы, выдзеленыя на паліцэйскую дзяржаву.
Я прашу адвакатаў з сусьветным імем не заставацца ўбаку. З вашымі калегамі ў Беларусі абыходзяцца, як са злачынцамі. Зь іх зьдзекуюцца, іх перасьледуюць, ім пагражаюць і плююць у твар. Нам патрэбная вашая дапамога. Дапамажыце нам не застацца безь недатыкальнага права — права на абарону».