У офісе і дома ў супрацоўнікаў прайшлі агляды. У выніку канфіскавалі кампутарную тэхніку і мабільныя тэлефоны. Дзейнасьць праваабаронцаў на гэты момант блякаваная, расказаў Tut.by заснавальнік арганізацыі Сяргей Драздоўскі.
«Сытуацыя такая, што я не магу дзяліцца падрабязнасьцямі з прычыны пэўных умоваў. Гэта фінансавая праверка. На гэты момант наша тэхніка знаходзіцца на надглядзе», — адзначыў ён.
Сілавікі наведаліся дадому да заснавальніка арганізацыі і бухгальтара. Таксама прайшлі агляды, тэхніку канфіскавалі.
21 студзеня Сяргей Драздоўскі і юрыст офісу Алег Грабоўскі пабывалі ў ДФР Камітэту дзяржкантролю.
«З нас узялі тлумачэньні. Алега адпусьцілі крыху раней, я прабыў там да 18-й гадзіны. Пытаньні тычыліся нашай фінансавай дзейнасьці. Мы цяпер літаральна блякаваныя. Усе дакумэнты і матэрыялы, зь якімі мы пастаянна працуем, былі ў ноўтбуках і тэлефонах. Пачатыя дасьледаваньні адназначна затармозяцца. Пэрспэктыўныя работы таксама прыйдзецца паставіць на паўзу», — сказаў Сяргей Драздоўскі.
21 студзеня прэс-служба Камітэту дзяржкатролю паведаміла, што ў дачыненьні да службовых асобаў «Офісу правоў людзей з інваліднасьцю» праводзіцца праверка.
У ведамстве заявілі, што гэта зьвязана з пытаньнямі «магчымага неправамернага завалоданьня ў пэрыяд з 2020 году па цяперашні час грашовымі сродкамі, атрыманымі ў выглядзе дабрачынных унёскаў і міжнароднай дапамогі з мэтай аказаньня дапамогі беларускім грамадзянам з інваліднасьцю».