36-гадовага магілёўца Андрэя Драздова, інваліда 3-й групы, за ўдзел у жнівеньскай акцыі пратэсту аштрафавалі, пабілі ў міліцыі і заблякавалі яму рахунак. У размове са Свабодай ён расказвае пра сваё жыцьцё, поўнае нядолі і выпрабаваньняў.
У Андрэя рэдкае генэтычнае захворваньне цягліц. Тры гады ён жыў у прытулку з бадзягамі ды былымі асуджанымі. Там ратаваўся ад нуды і роспачы, рэстаўруючы старыя кнігі ды робячы на замову нататнікі.
Пра Андрэя Драздова. Сьцісла
- Родам з Асіповічаў. У Магілёве жыве 10 гадоў. Мае спэцыяльнасьць сталяра-станочніка.
- Інвалід 3-й групы з дыягназам «паступовая цяглічная міядыстрафія». Мае пэнсію 96 рублёў. На лекі патрабуецца штомесяц 250 рублёў.
- Робіць на прадпрыемстве таварыства інвалідаў па зроку «Ціфлос» машыністам экструдэра. Заробак «бруднымі» — 400 рублёў. За пакой у інтэрнаце плаціць 40 рублёў.
- Захапляецца рэстаўраваньнем старых кніг, вырабам нататнікаў ды штодзёньнікаў. Рамантуе электроніку і электрапрыборы.
- У жніўні яго схапілі сілавікі, зазнаў у пастарунку гвалт і атрымаў за ўдзел у пратэсьце штраф 270 рублёў.
Праз хваробу кінуў улюбёнае цясьлярства
Хваробу цягліц у Андрэя дыягнаставалі ў дзяцінстве. Ад яе памёр ягоны старэйшы брат. Год ад году Андрэй слабне. Вымушаны быў кінуць улюбёнае цясьлярства, бо ня мог пераносіць цяжкі драўляны матэрыял для сваіх вырабаў. Кажа, што цяпер працуе толькі з кардонам.
Пра сваю хваробу Андрэй ведае шмат, таму «далёка наперад не зазірае» і кажа, што «гады тры ў яго яшчэ ёсьць». Стараецца пра гэта ня думаць, бо непрыемна. Пра сваё жыцьцё гаворыць, што ў ім усяго хапала, і згадвае словы маці-нябожчыцы: «Што ні здараецца, тое да лепшага». На нечую дапамогу не спадзяецца і ў кожнай цяжкой сытуацыі стараецца бачыць новыя для сябе магчымасьці.
Андрэй рэгулярна наведвае службу ў пратэстанцкай царкве і кажа, што пасьля яе адчувае душэўны спакой, у яго паляпшаецца настрой і зьнікаюць кепскія думкі.
Год таму ён дамогся невялікага пакоя ў кватэры, пераробленай у камуналку. Дзеліць яе з двума суседзямі. Жытло вымагае рамонту і замены сантэхнічнай камунікацыі. Каб даць рады праблемам, Андрэй паціху прыкупляе неабходны матэрыял. Перакананы, што, акрамя яго, наўрад ці хто прывядзе кватэру да ладу, бо ўладальнік інтэрнату мае на ўсё адну адгаворку: няма сродкаў.
Трохпавярховы інтэрнат стаіць у месцы кампактнага пражываньня людзей з праблемамі зроку. Гэты раён вядомы магілёўцам прыбіральняй у двары. У яе ходзяць жыхары двух суседніх дамоў. Андрэю і ягоным суседзям пашанцавала — прыбіральні ёсьць у кватэрах.
У гэтым жа раёне месьціцца і прадпрыемства таварыства інвалідаў па зроку «Ціфлос». Больш за 50 гадоў таму разам зь ім узьвялі інтэрнаты для работнікаў і мясцовую інфраструктуру.
Пра жыцьцё невідушчых суразмоўца апавядае са спачуваньнем. Лічыць, што ўлада ўспамінае пра іх рэдка. Двор, дзе яны бавяць час, у ямінах; ходнікі ў выбоінах, а калі сёлета намяло сьнегу, то яго прыбіраў з уласнай ініцыятывы работнік «Ціфлосу».
«Тры з паловай гады жыў разам з бадзягамі і былымі асуджанымі»
Андрэй родам з Асіповічаў. У Магілёў перабраўся дзесяць гадоў таму да жонкі. Адносіны ўрэшце ня склаліся, і яны разьвяліся. У Асіповічах тым часам памерла маці. З дома, які яна набыла за свае грошы, яго выпісаў айчым, які стаў аднаасобным уладальнікам матчынага жытла.
Андрэй тры гады судзіўся зь ім, каб атрымаць ва ўласнасьць паўдома, але марна. Па ягоных словах, пасьля ўступленьня ў сілу зацьверджаных Лукашэнкам паправак у Жыльлёвы кодэкс ён апынуўся на вуліцы. Раней домаўладальнік ня мог выселіць чалавека, калі таму не было куды падацца, і дзяржава абавязвалася знайсьці яму кут і прапісаць. Папраўкі ў закон такія гарантыі скасавалі.
Андрэй адзначае, што тады ўпершыню сутыкнуўся зь несправядлівасьцю, і стаўленьне да чыноўнікаў зьмянілася. На ягоную думку, яны жывуць у сваім сьвеце і праблемамі простага чалавека не цікавяцца.
Колькі год ён наймаў у Магілёве жыльлё і працаваў у сталярцы ў прыгарадным пасёлку. Калі прыватнае прадпрыемства збанкрутавала, Андрэя прытуліў цэнтар часовага знаходжаньня асобаў бяз пэўнага месца жыхарства. Ягоныя насельнікі (бадзягі ды тыя, хто апынуўся на вуліцы пасьля турмаў) ратаваліся ў цэнтры пераважна ўзімку, а ўлетку разьбягаліся.
«Тады мне не было куды падзецца, — згадвае Андрэй. — Жытла ў мяне не было, грошай таксама. 3,5 года я пражыў у цэнтры. Працаваў на розных прадпрыемствах, але ніводнае ня мела інтэрнатаў».
На жыцьцё ў цэнтры не наракае. У ягоным пакоі, разьлічаным на пяць чалавек, жылі пастаянна два-тры. Пра жыхароў цэнтру кажа, што гэта складаны кантынгент. Многія неахайныя ў побыце, са зладзейскімі паводзінамі і няпростай жыцьцёвай гісторыяй, якую ня ўсім расказваюць. Найчасьцей яны паміраюць на вуліцы і знаходзяць спачын на безыменным участку могілак.
Андрэй прыгадвае, што ў цэнтры пазнаёміўся з чалавекам, чыя гісторыя была падобная да ягонай. Адрозьненьне было ў адным. Ягонае жытло забрала дзяржава, бо доўгі час лічыла ўладальніка зьніклым бязь вестак. Ён доўга дамагаўся прытулку, і яму выдзелілі пакой у інтэрнаце, дзе праз два гады ён памёр ад анкалёгіі.
«Калі працую з кнігай, успамінаю Скарыну»
У прытулку для бяздомнікаў Андрэй вярнуўся да даўняга свайго захапленьня: рэстаўраваньня старых кніг і вырабу заказных нататнікаў ды штодзёньнікаў. Гэты занятак ратаваў яго ад нуды ды роспачы.
У прытулку для бяздомнікаў яму выпала працаваць, як ён цьвердзіць, зь Бібліяй, выдадзенай у 1678 годзе. У ёй знасілася вокладка, і ўладальніца, варажбітка з прыгараднай вёскі, папрасіла праз знаёмцаў абнавіць кнігу. Па ягоных словах, старое выданьне Бібліі было сямейнай рэліквіяй, якую перадавалі з пакаленьня ў пакаленьне.
«Тады я зьведаў сапраўды моцныя эмоцыі, — апавядае суразмоўца. — Я нават баяўся да той Бібліі дакранацца, а ня тое што зь ёю працаваць. Кніга была настолькі старая, што яе старонкі ледзьве не рассыпаліся ў руках, настолькі крохкія яны былі. Тры дні рыхтаваў сябе да працы зь ёю».
Андрэй хаваў старадрук у кабінэце дырэктара, бо разумеў, што ён каштуе вялікіх грошай. Ягоным суседзям было бяз розьніцы, што прысабечваць і прадаваць за бутэльку.
Найчасьцей яму даводзіцца абнаўляць духоўныя кнігі, пераважна Біблію. Для ўладальнікаў яны каштоўныя, бо захоўваюць памяць аб памерлых родзічах. Андрэй кажа, што цану за сваю працу над кнігамі прапануе вызначыць кліенту. Прызнаецца, што болей за 20 рублёў яму не давалі.
«Калі з кнігамі працую, то часта згадваю пра Францыска Скарыну. Мне здаецца тады, што між намі існуе сувязь», — адзначае Андрэй.
Аднойчы яму даводзілася «правіць» беларускамоўны штодзёньнік. Уладальнік папрасіў перарабіць вокладку, бо заводзкая яму не падабалася — хацеў, каб выглядала ўнікальнай.
Як правіла, зазначае суразмоўца, зробленымі ім нататнікамі не карыстаюцца. Яны служаць упрыгажэньнем інтэр’еру.
Па словах Андрэя, за 15 гадоў ён выратаваў больш за сотню кніг і зрабіў пад тысячу нататнікаў.
«Мяне калоціць ад бясчынства, якое творыцца ў краіне»
Летась 12 жніўня Андрэя Драздова затрымалі сілавікі на прыпынку грамадзкага транспарту. Завезьлі ў Кастрычніцкі аддзел міліцыі і там зьвінавацілі ва ўдзеле ў пратэсьце. Падчас допыту адзін з супрацоўнікаў яго некалькі разоў ударыў ды парваў яму куртку. Свае дзеяньні здымаў на відэакамэру. Андрэй кажа, што ніхто зь міліцыянтаў, у тым ліку жанчыны, не спыніў гвалт.
Два дні яго трымалі ў ізалятары, а потым судзьдзя Краўчанка аштрафавала на 270 рублёў за ўдзел у пратэсьце. Скарга ў Сьледчы камітэт на неправамерныя дзеяньні міліцыянтаў засталася без задавальненьня.
Пазьней судовыя выканаўцы забралі ў Драздова кампутар, мабільны тэлефон ды заблякавалі рахунак, на які налічвалася пэнсія.
Па словах Андрэя, сплаціць 296 рублёў штрафу яму дапамагла неабыякавая жанчына. Сваю тэхніку ён забраў толькі праз два месяцы ў краме канфіскату. Яе ўжо выставілі былі на продаж.
«Тое, як са мной абыходзіліся ў міліцыі, ніколі не забудзецца, — кажа мужчына. — Цяпер стараюся менш праглядаць навіны з падобнымі тэмамі. Цяжка супакоіцца. Калоціць ад таго бясчынства, якое творыцца ў краіне».
Ён верыць, што рана ці позна ўсё ў Беларусі наладзіцца, бо «кепскае ня можа панаваць вечна».