Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрымалі ў Міжнародны дзень людзей з інваліднасьцю, аштрафавалі і выклікалі ў пракуратуру


Марш людзей з інваліднасьцю 5 лістапада
Марш людзей з інваліднасьцю 5 лістапада

Юрыя затрымалі на маршы людзей з інваліднасьцю. Ён мае II групу інваліднасьці: моцна кульгае і амаль ня рухаецца левая рука.

Юрыя затрымалі падчас акцыі людзей з інваліднасьцю 3 сьнежня, у Міжнародны дзень людзей з інваліднасьцю.

«Мы сабраліся насупраць парку Чалюскінцаў у сквэры, размаўлялі, елі печыва, нават плякатаў не было ніякіх. Стаялі супрацоўнікі ДАІ, каб нікога не падвезьлі туды, стаяла з аднаго боку 5-6 бусаў, зь іншага — 7 ці 8. Міліцыянты сказалі, што прайсьці нам не дадуць. Мы тады сказалі, што пастаім на месцы, але нам і гэта забаранілі і папрасілі ісьці па адным да плошчы Якуба Коласа», — прыгадвае Юры.

На акцыю ён вырашыў пайсьці ўпершыню, бо «у краіне не працуюць законы, а толькі ўказы».

«У нас у краіне несправядлівасьць, законы не працуюць, у абыход Канстытуцыі прымаюцца папраўкі, указы, дэкрэты. Мне падабалася Канстытуцыя, якая была раней. А ў нас захацелі — павялічылі пэнсійны ўзрост, захацелі — яшчэ нешта зрабілі», — тлумачыць Юры.

Урэшце ўсіх па адным забралі ў бусікі і адвезьлі ў РУУС, расказвае ён. Там аформілі пратаколы, і на наступны дзень праз скайп адбыўся суд.

«Ніхто не стаў нас слухаць, як і што было. У мяне абмежаванае перасоўваньне, я папрасіў даслаць мне дадому рашэньне суду. Далі штраф — 20 базавых», — расказвае Юрый.

«У пракуратуры прачыталі лекцыю»

Пасьля Юрыя выклікалі ў пракуратуру. Ён кажа, што гэта было падобна да лекцыі — каб ён больш ня ўдзельнічаў ні ў якіх акцыях.

«Мне расказалі, як гэта няправільна — хадзіць на маршы. Як дрэнна, што я не паважаю дзяржаву, выказваю сваю думку. Сказалі, што калі не перастану хадзіць, то будуць праблемы: сьпярша буду плаціць штрафы, пасьля можа быць крымінальная справа. Расказалі, якія ёсьць артыкулы і што за гэта бывае. Такая сабе лекцыя», — прыгадвае Юры.

Калі ён выходзіў з пракуратуры, заўважыў, што ў чарзе на падобную гутарку стаялі яшчэ чалавек 15.

«Такія выклікі — масавая зьява»

Каардынатар Офісу правоў людзей з інваліднасьцю Сяргей Драздоўскі заўважае, што 3 сьнежня ва ўсім сьвеце адзначаюць Дзень людзей з інваліднасьцю, і акурат у гэты дзень прынята праводзіць нейкія акцыі.

«Гэты дзень для таго, каб людзі з інваліднасьцю сталі заўважныя, а ў выніку людзей затрымалі. Людзі проста знаходзіліся на вуліцы, іх затрымалі і абвінавацілі, што яны былі ўдзельнікамі акцыі. Гэтыя гутаркі цяпер — масавая зьява. Па тэлефоне не тлумачаць, навошта трэба прыходзіць. Чалавек ня можа вызначыць, хто яму тэлефануе. Фактычна гэта запужваньне», — тлумачыць Сяргей Драздоўскі.

Сяргей Драздоўскі зазначае, што «калі б у краіне працавала права, то такая гутарка нічога б ня значыла».

«Але я не выключаю, што ў нас гэта скарыстаюць супраць чалавека: маўляў, мы праводзілі ўжо зь ім гутарку. Могуць павялічыць штрафы», — кажа Сяргей Драздоўскі.

У Менску акцыя людзей з інваліднасьцю ўжо стала традыцыйнай. Перш людзі зьбіраліся ля Чырвонага касьцёлу, пасьля перамясьціліся да парку Чалюскінцаў. Апошнія разы сілавікі проста не даюць ім сабрацца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG