Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крэмль адмовіўся далучыць Данбас да Расеі на заклік Сіманьян


Дзьмітрый Пяскоў
Дзьмітрый Пяскоў

Крэмль ня мае плянаў далучаць Данбас да Расеі, Масква займае ў гэтым пытаньні «адказную пазыцыю». Пра гэта заявіў прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў, камэнтуючы словы галоўнай рэдактаркі RT Маргарыты Сіманьян на форуме ў Данецку, перадае агенцтва РБК.

«Маргарыта Сіманьян зьяўляецца мэдыямэнэджарам і журналісткай. Яна ніякім чынам ня можа быць выказьніцай афіцыйнай пазыцыі Расейскай Фэдэрацыі. Такога пытаньня на парадку дня не стаіць», — сказаў Пяскоў.

Сіманьян — галоўная рэдактарка расейскага дзяржаўнага тэлеканалу RT і інфармацыйнага агенцтва «Россия сегодня».

Заклік далучыць Данбас прагучаў на форуме «Русский Донбасс» у Данецку, які прайшоў напярэдадні. Разам зь Сіманьян у ліку запрошаных на форум былі яе муж і тэлевядоўца НТВ Тыгран Кеасаян, галоўны рэдактар радыёстанцыі «Говорит Москва» Раман Бабаян, а таксама дэпутаты Дзярждумы Андрэй Казянкоў («Единая Россия») і Казьбек Тайсаеў (КПРФ).

«Людзі Данбасу хочуць жыць у сябе дома і хочуць быць часткай нашай велізарнай, вялікай, шчодрай Радзімы. І мы абавязаныя ім гэта забясьпечыць. Расея-матухна, забяры Данбас дадому», — сказала на форуме ў Данецку Сіманьян.

Пасьля візыту прадстаўнікоў расейскіх СМІ на форум у Данецк прадстаўнік МЗС Украіны Алег Ніколенка паведаміў, што ведамства ініцыюе забарону на ўезд ва Ўкраіну для Кеасаяна. Ён падкрэсьліў, што Бабаяну і Сіманьян уезд у краіну забаронены ўжо даўно.

Прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава, камэнтуючы выступ Сіманьян, падкрэсьліла, што тая не выказвае афіцыйную пазыцыю Расеі. «Гэта яе меркаваньне, гэта яе пункт гледжаньня, гэта яе пазыцыя. Прычым яна яе агучвала і да гэтага ў розных формах», — сказала Захарава ў інтэрвію тэлеканалу «Дождь».

На форуме ў Данецку была прадстаўленая дактрына «Русский Донбасс», распрацаваная ўладамі ДНР і ЛНР. У дакумэнце, у прыватнасьці, мэтай Данецку і Луганску называецца «забесьпячэньне гарманічнага разьвіцьця рускай нацыянальнай дзяржавы і наступнае ўзьяднаньне зь іншымі рускімі тэрыторыямі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG