Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За сьцяг на бальконе магілёўца аштрафавалі і звольнілі з працы


Аляксей Барысаў
Аляксей Барысаў

45-гадовага магілёўца Аляксея Барысава аштрафавалі на 1015 рублёў за бел-чырвона-белы сьцяг на бальконе ўласнай кватэры. Гэта першае падобнае пакараньне ў Магілёве.

Барысава прызналі вінаватым у пікетаваньні без дазволу гарвыканкаму. Перад новым годам, неўзабаве пасьля вобшуку, яго звольнілі з працы. Раней яму прысудзілі штраф за ўдзел у пратэставай акцыі.

Аляксей Барысаў апавядае Свабодзе пра сваё жыцьцё і захапленьні.

«Вывешваньнем сьцяга публічна выказваў грамадзка-палітычныя настроі»

Адміністрацыйную справу супраць Барысава разглядала судзьдзя Ленінскага суду Магілёва Натальля Панасенка. З агучаных ёю матэрыялаў вынікала, што пра сьцяг на бальконе 4 сьнежня міліцыі паведаміў невядомы — тэлефанаваньнем.

У пратаколе адзначана, што ўладальнік кватэры «ўзяў удзел у масавым мерапрыемстве, пікетаваньні, праз разьмяшчэньне на бальконе палатна тканіны бел-чырвона-белага колеру». Вывешваньне сьцяга міліцыя расцаніла як публічнае выказваньне Барысавым сваіх грамадзка-палітычных настрояў. У кватэры падчас вобшуку забралі кампутар, тэлефон, а таксама тое, што міліцыя палічыла «агітацыяй» і «апазыцыйнай атрыбутыкай».

Ленінскі суд Магілёва
Ленінскі суд Магілёва

Віны Барысаў не прызнаў. Ён заявіў, што ягоная кватэра не зьяўляецца публічным месцам, таму згодна з заканадаўствам ён можа яе ўпрыгожваць, як захоча, не ствараючы перашкоды суседзям. Акрамя таго, адзначыў абвінавачаны, за балькон ён плаціць як за дадатковую жыльлёвую плошчу. Абвінавачаны нагадаў суду, што 19 верасьня 1991 году бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня» былі прызнаныя дзяржаўнымі. Барысаў настойваў, што, вывесіўшы сьцяг, «ніякіх пратэстаў не выказваў і ні да чога не заклікаў», а пікеты, паводле яго, праводзяцца толькі ў публічным месцы.

Судзьдзя падтрымала пазыцыю міліцыі і пакарала абвінавачанага штрафам 35 базавых велічыняў. Зь ейнай пастановы не было зразумела, ці вернуць Барысаву забраны падчас вобшуку сьцяг. Яна адзначыла, што выяўленыя ўлёткі з выявай Ціханоўскай належыць зьнішчыць, а іншую маёмасьць, пералічаную ў пратаколе вобшуку, пакінуць у Ленінскім аддзеле міліцыі для выкананьня судовай пастановы.

«Людзі інакш думаць не перастануць»

У суд Аляксей Барысаў прыйшоў з рэчамі, гатовы да арышту. Вырак судзьдзі Панасенкі называе «мяккім», але зьбіраецца яго абскарджваць, бо лічыць, што ён неправамерны і палітычна матываваны. Паводле Барысава, сьцяг вісеў на ягоным бальконе ад 29 лістапада.

У суд Барысаў прыйшоў з рэчамі
У суд Барысаў прыйшоў з рэчамі

На ягоную думку, бел-чырвона-белы сьцяг для ўлады — сымбаль пратэстаў, таму і намагаюцца запалохаць людзей пакараньнямі, каб яго не ўздымалі і не вывешвалі. Ён упэўнены, што такія дзеяньні не дадуць плёну, бо «людзі інакш думаць не перастануць». Найбольш актуальная для ўлады праблема — напружанасьць у грамадзтве, выкліканая сацыяльнай несправядлівасьцю, лічыць Барысаў.

«Я шмат ежджу аўтобусамі і бачу, хто робіць кандуктарамі, — ілюструе ён сваё разуменьне сытуацыі. — Гэта жанчыны і мужчыны пэнсійнага веку. Яны зарабляюць сабе і дапамагаюць грашыма дзецям. Няўжо гэтыя людзі заслужылі такога жыцьця, каб на схіле веку мерзнуць у аўтобусах?»

Пад навагодзьдзе звольнілі з працы

Барысаў прыгадвае, што адзін з супрацоўнікаў Ленінскага аддзелу міліцыі, які займаўся ягонай справай, паабяцаў яму на навагодзьдзе падарунак у выглядзе звальненьня з працы і вялікі штраф, каб «зразумеў, каго трэба любіць, паважаць і за каго галасаваць».

Абяцаньні міліцыянта неўзабаве спраўдзіліся. Барысаў кажа, што праз два тыдні пасьля вобшуку яго выклікаў дырэктар прадпрыемства «Магілёўгіпразем», дзе ён працаваў амаль 14 гадоў глебазнаўцам, і прапанаваў самаму паставіць дату ў падрыхтаванай ужо заяве аб звальненьні «па згодзе бакоў».

«Ён сказаў, што я добры хлопец, але нехта мяне падбіў на тое, што іду ня той дарогаю», — згадвае словы кіраўніка прадпрыемства Барысаў.

Ён адзначае, што яму спачатку дазволілі адпрацаваць студзень, а ў лютым мусіў пайсьці ў адпачынак, пасьля якога на працу ўжо не выходзіць. Але дамоўленасьць парушылі, змусіўшы яго звольніцца да Новага году. 30 сьнежня ў яго быў апошні працоўны дзень. Барысаў лічыць, што на адміністрацыю прадпрыемства націснулі, каб тая хутчэй спыніла зь ім працоўныя адносіны.

Барысаў лічыць сябе высокакваліфікаваным спэцыялістам і мяркуе, што прадпрыемства хутка адчуе недахоп такога адмыслоўца. За 5 гадоў працы ў «Магілёўгіпраземе» ён аб’ехаў палову вобласьці, трымаў у руках, аналізаваў у лябараторыі розныя віды мясцовай глебы, пазначаў адметнасьці на мапе.

«Хачу адзінага: каб законы былі аднолькавыя для ўсіх»

Прысуд судзьдзі Панасенкі ня першы для Аляксея Барысава. Раней яго ўжо штрафавалі за ўдзел у пратэставай акцыі на 405 рублёў. Суразмоўнік кажа, што сплаціць штраф дапамаглі неабыякавыя да ягонага лёсу людзі, якіх ён «бязьмежна паважае».

Аляксей Барысаў
Аляксей Барысаў

Барысаў кажа, што падчас маршаў адчуваў згуртаванасьць ды салідарнасьць пратэстоўцаў. Агульнае ўзрушэньне нагадвала яму калектыўную малітву ў царкве за перамены.

Па словах Барысава, яго стаўленьне да ўлады пачало мяняцца, калі сутыкнуўся з абыякавасьцю чыноўнікаў да патрэбаў простага чалавека. Апынуўся ў цяжкой жыцьцёвай сытуацыі, але яго адфутболілі. Пасьля гэтага зразумеў, што сытуацыю ў краіне трэба мяняць.

«Неяк у РАУС міліцыянт мне даводзіў: калі не падабаецца тут жыць, то магу зьехаць адсюль, — кажа Барысаў. — Я адказаў яму, што нарадзіўся тут і буду жыць тут. Хачу адзінага: каб законы былі аднолькавыя для мяне і для вас».

Ён кажа, што днямі гутарыў з тымі, хто зьехаў зь Беларусі, і пажадаў ім найхутчэйшага вяртаньня на радзіму, дзе жыцьцё стане людзкім.

Фатаграфуе птушак і дзікіх жывёлаў

Аляксей Барысаў са школьных гадоў захапляецца фатаграфаваньнем. Гэта дапамагае зьняць стрэс ад падзеяў апошняга часу. Здымае горад, людзей, прыроду. Каб рабіць фатаздымкі птушак і дзікіх жывёлаў, езьдзіць па ўсёй Беларусі.

Фотаработа Барысава
Фотаработа Барысава

«Мяне захапляе азарт фотапаляваньня», — заўважае суразмоўца. — Ад прыгожага кадра я адчуваю ўнутранае задавальненьне".

Мужчына падкрэсьлівае, што найбольш цешыцца, калі ягоныя здымкі падабаюцца дачцэ. Неяк выйграў у адным з конкурсаў парасон, і пра гэты посьпех дачка расказвала ўсім, з кім гутарыла.

Фотаработа Барысава
Фотаработа Барысава

Хоць Барысаў жыве ў горадзе, ягоная праца зьвязаная з прыродай і сельскай гаспадаркай. У 1997 годзе ён скончыў Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію па спэцыяльнасьці сэлекцыя і генэтыка сельскагаспадарчых культур. Вывучыўся на агранома. Працаваў у цяплічнай гаспадарцы, калгасе ды лясьніцтве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG