«Тут цудоўныя людзі — такая салідарнасьць!» — кажа Надзея. Нядаўна яны мусілі зьняць два бел-чырвона-белыя сьцягі з «Пагоняй», што віселі на вокнах яшчэ 15 студзеня. Муж Валер ужо адбыў за іх 10 сутак арышту. На Надзеі яшчэ «вісіць» пратакол за сьцягі, складзены ў сьнежні, таму яна не выключае, што да іх зноў прыйдуць.
«Грукалі, як у вайну паліцаі»
«Пятніца. Муж працуе дыстанцыйна, быў дома. Я ў дэкрэце, з малымі дзецьмі. Раптам нехта пачаў моцна грукаць у дзьверы, як тыя паліцаі ў фільмах пра вайну. Аказалася, нейкія людзі ў цывільным. Адчыняем — называюцца супрацоўнікамі крымінальнага вышуку зь Менскай раённай управы міліцыі. Потым сказалі, што калі б яшчэ хвіліну ім не адчынілі, пачалі б ламаць дзьверы. Чаму? А за сьцяг у акне. Прымусілі сьцяг зьняць, схавалі ў пакунак і забралі мужа з тым пакункам у райаддзел. Нібыта толькі на размову з начальнікам, а другім сьцягам нават не зацікавіліся. Той сьцяг яшчэ дзень правісеў у суседнім акне», — распавяла Надзея.
Чаму па адміністрацыйнай справе за сьцягі ў вокнах мужам зацікавіўся ажно крымінальны вышук? Надзея мяркуе, што проста даручылі затрыманьне тым супрацоўнікам, хто быў у той момант вольны. Бо ўжо на другі дзень ёй пазваніў зусім іншы міліцыянт і запатрабаваў ня проста зьняць другі сьцяг, але і даслаць як доказ фота, што «вакно чыстае».
Муж Валер тады сядзеў у раённым ізалятары на вуліцы Скарыны, чакаў суду. Надзея яшчэ спадзявалася, што могуць даць штраф, і загад неадкладна выканала. Праз два дні, 18 студзеня, Валера судзілі праз скайп, далі 10 сутак.
«Яшчэ добра, што ўлічылі — двое малых, а ён адзін кармілец. Таму не 15 [сутак — РС.], як караюць іншых у нашым квартале за сьцягі», — мяркуе Надзея. Паводле жанчыны, у іхным квартале «Сасновы» за сьцягі ў вокнах пакаралі арыштамі ўжо 4 жыхароў.
«Не атрымаў ніводнага ліста»
Валер працуе праграмістам. Ён перакананы, што за адсутнасьць цягам 10 дзён на працы непрыемнасьцяў у яго ня будзе. «У нас усё разумеюць. Дамовіліся, што напішу заяву пра адпачынак за свой кошт», — кажа Валер.
З пабачанага і перажытага цягам 10 дзён у ізалятары на вуліцы Скарыны Валер найперш згадаў сукамэрнікаў, якія вядуць яўна асацыяльны лад жыцьця — п’юць, бадзяжнічаюць, б’юцца. Праграміст зрабіў выснову, што такіх людзей шмат, і грамадзтва, ня толькі дзяржава, яўна мала робіць, каб ім дапамагчы.
Таксама вельмі ўразіў Валера лёс сукамэрніка Аляксандра — хлопца з Украіны, які празь Беларусь ехаў да сабе на радзіму з Расеі і 8 месяцаў таму быў затрыманы. Аляксандра нібыта чакае экстрадыцыя, але ў ізалятары на Скарыны справа Аляксандра ніяк ня рухаецца. Між тым у хлопца, паводле ягоных сукамэрнікаў, пачаліся праблемы з псыхічным здароўем.
«У няволі ён яўна дэградуе, у яго разьвіваецца псыхічнае захворваньне, гэта ўсім бачна, але чамусьці па ягонай справе нічога ня робяць», — абураецца Валер.
З самых вялікіх мінусаў знаходжаньня ў Менскім раённым ізалятары на вуліцы Скарыны Валер назваў забарону на ліставаньне.
«Ніводнага ліста за 10 дзён не атрымаў, як і іншыя. І самім пісаць лісты не дазвалялі. Казалі, што нельга, і нічога не тлумачылі. Як выйшаў, даведаўся, што гэта парушэньне. Мяркую, трэба на гэта асобна скардзіцца», — сказаў Валер.
«Столькі прадуктаў нанесьлі, што дагэтуль ямо»
Да дэкрэтнага адпачынку Надзея працавала бухгальтарам. Яе прафэсійная звычка ўсё рабіць паводле закону спрацавала і ў пытаньні вывешваньня сьцягоў у вокнах. Жанчына зьвярнулася ў Менскі раённы выканкам, каб патлумачылі, ці будзе такое вывешваньне сьцяга парушэньнем закону.
«Мне адказалі, што самі ня ведаюць, гэта пікет ці не пікет, але пры гэтым папярэдзілі, што за несанкцыянаванае пікетаваньне прыцягнуць да адказнасьці паводле закону».
У гісторыі з арыштам мужа было і станоўчае, кажа Надзея — пераканаліся, якія добрыя суседзі ў іх у Новай Баравой.
«Так, у нас было, што разам Новы год сустракалі, грошы ці рэчы зьбіралі, калі трэба каму дапамагчы. Шмат сяброў, аднадумцаў. Але пакуль на сабе гэта не адчуеш, тую салідарнасьць, дык не зразумееш, наколькі гэта важна і карысна. Бо як Валеру пасадзілі, а я засталася адна з малымі дзецьмі, дык мне вельмі дапамагалі. Прадуктаў столькі нанесьлі, што дагэтуль ямо. Перадайце, што мы нашым людзям вельмі за дапамогу ўдзячныя», — кажа Надзея.