У новым дакладзе праваабаронцаў, як паведамляе Голас Амэрыкі, гаворыцца аб неабходнасьці задзейнічаць мэханізмы міжнароднага правасудзьдзя.
Праваабарончая арганізацыя Amnesty International («Міжнародная амністыя») выпусьціла новы даклад, які дэманструе, як беларускія ўлады «выкарыстоўваюць сыстэму правасудзьдзя для перасьледу ахвяр катаваньняў, а не вінаватых у іх ужываньні, у рамках шырокамаштабнага і жорсткага падаўленьня пратэстнага руху».
Amnesty International назвала спробы дамагчыся правасудзьдзя ўнутры Беларусі «безнадзейнымі» і заклікала міжнародную супольнасьць зрабіць актыўныя крокі каб дамагчыся правасудзьдзя для ахвяр і прыцягненьня да адказнасьці вінаватых.
Хоць афіцыйны Менск, як адзначаецца ў дакладзе, прызнаў, што з пачатку дэманстрацый у жніўні 2020 году было пададзена больш за 900 скаргаў на злоўжываньні з боку міліцыі, у дачыненьні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў не было заведзена ніводнай крымінальнай справы. Пры гэтым былі распачатыя сотні крымінальных спраў у дачыненьні да мірных дэманстрантаў, многія зь якіх сталі ахвярамі катаваньняў і жорсткага абыходжаньня.
«З пачатку пасьлявыбарчых пратэстаў у Беларусі праваабарончыя групы сабралі доказы катаваньняў сотняў мірных дэманстрантаў і задакумэнтавалі гібель прынамсі чатырох чалавек. Мы неаднаразова заклікалі ўлады правесьці рэальныя расьсьледаваньні, каб прыцягнуць вінаватых да адказнасьці, але на гэта мала надзеі, бо сыстэма ня толькі гарантуе ананімнасьць міліцыі, але і заахвочвае запалохваньне і далейшы гвалт адносна ахвяр і сьведак», — заявіла Мары Стразэрс, дырэктар Amnesty International па Ўсходняй Эўропе і Цэнтральнай Азіі.
Як адзначаецца ў дакладзе Amnesty International, замест таго каб забясьпечыць перасьлед асобаў, якія падазраюцца ў парушэньні правоў чалавека, Генпракуратура Беларусі 28 кастрычніка 2020 году паведаміла, што ў дачыненьні да пратэстуючых распачата 657 крымінальных спраў, прычым больш за 200 чалавек ужо абвінавачваюцца ў масавых беспарадках і гвалце ў дачыненьні да супрацоўнікаў міліцыі. Арганізацыі грамадзянскай супольнасьці задакумэнтавалі дзясяткі спраў супраць мірных дэманстрантаў, распачатых паводле палітычна матываваных, сфабрыкаваных абвінавачваньняў.
Беларусь абавязаная, падкрэсьліваюць праваабаронцы, у адпаведнасьці зь міжнародным правам абараняць правы чалавека, усіх асоб, якія знаходзяцца на яе тэрыторыі, уключаючы забесьпячэньне абсалютнай забароны катаваньняў, правядзеньне расьсьледаваньня і пакараньне вінаватых.
«Беспрэцэдэнтныя маштабы з працягам парушэньняў правоў чалавека і поўная беспакаранасьць вінаватых ўнутры краіны патрабуюць прыняцьця або стварэньня міжнародных мэханізмаў расьсьледаваньня і судовага перасьледу, — заявіла Мары Стразэрс. — Міжнародная супольнасьць ня можа заставацца ў баку».