Яго прызналі вінаватым у абразе апэратыўніка УСБ пад запісаным прозьвішчам Смоляр і пакаралі 2 гадамі «хіміі» (абмежаваньне волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу), паведамляе Tut.by.
Час, які абвінавачаны правёў у СІЗА, а гэта больш за месяц, будзе залічаны ў тэрмін адбыцьця пакараньня (адзін дзень пад вартай — за два на «хіміі»). Пасьля абвяшчэньня прысуду Кулакоўскага вызвалілі.
Ён па-ранейшаму лічыць, што віна яго не даказаная, справа сфабрыкаваная, а суд не прыняў да ўвагі істотныя довады абароны. Мае намер падаць скаргу на прысуд.
Пацярпелы ў суд так і не зьявіўся з прычыны «захаваньня правілаў самаізаляцыі». Не прыйшлі на працэс і сьведкі-міліцыянты.
Пасьля прысуду затрымалі жонку і дачку міліцыянта: за шарыкі
Сустрэць Дзьмітрыя Кулакоўскага прыйшлі родныя, сябры і суседзі. Па словах відавочцаў, на вуліцы яны падарылі 15-гадовай дачцэ Дзьмітрыя шарыкі: два круглыя белыя і адзін у форме чырвонай машынкі зь белымі і чорнымі ўстаўкамі. Супрацоўнік паста аховы суда Цялюк выйшаў на вуліцу, сказаў, што прысутныя будуць затрыманыя і выклікаў падмацаваньне — у суд прыехалі два супрацоўнікі Дэпартамэнту аховы. Жонку Дзьмітрыя Юлію і яго 15-гадовую дачку павезьлі ў гарадзкі аддзел міліцыі № 1 Маскоўскага РУУС.
Юлія Кулакоўская пасьпела паведаміць Tut.by, што ёй не растлумачылі, зь якой прычыны затрымліваюць, супрацоўнікі не паказалі службовыя пасьведчаньні, не патлумачылі, які закон яна і яе дачка парушылі. «У рапарце проста напісана пра бел-чырвона-белыя шарыкі», — сказала Юлія. Яна папрасіла супрацоўнікамі Дэпартамэнта аховы дапоўніць, што гэта не чырвоны шарык, на ім ёсьць белы і чорны колеры.
37-гадовы Дзьмітры Кулакоўскі ўзначальваў аддзяленьне вышуковай працы ў аддзеле крымінальнага вышуку Заводзкага РУУС Менску. Летась 18 жніўня прыняў рашэньне аб звальненьні.
«Пасьля жнівеньскіх падзеяў я прыняў рашэньне, што працаваць не змагу, — казаў ён на судзе. — Я выклаў свой загад аб звальненьні ў інтэрнэт (разам з фота службовай формы побач са сьмецьцевым кантэйнэрам). Думаю, супрацоўнікі ГУУБ вырашылі мяне правучыць і паказаць іншым, што ня варта звальняцца. На Акрэсьціна патрабавалі падпісаць прызнаньне, я адмовіўся. Таму ўтрымліваўся ў нечалавечых умовах, сядзеў у карцары 25 сутак бязь лекаў пры цукровым дыябэце».
Згодна з абвінавачаньнем, Кулакоўскі з намерам публічна абразіць прадстаўніка ўлады 6 кастрычніка ў тэлеграм-канале «Каратели Беларуси» з мэтай «прычыненьня шкоды аўтарытэту дзяржаўнай улады» разьмясьціў паведамленьне, якое ўтрымлівае фота старшага опэрупаўнаважанага УУС Смоляра, кантактныя нумары, а таксама публічна абразіў яго.
Раней Дзьмітры Кулакоўскі адбыў два адміністрацыйныя арышты, пачынаючы ад 7 кастрычніка: стандартныя 15 сутак і яшчэ 12 за супраціў.