Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску затапіла апэрацыйны блёк лякарні, мэдыкі 4 гадзіны выносілі ваду


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У апэрацыйным блёку Віцебскай лякарні хуткай мэдычнай дапамогі 21 студзеня лілася вада са столі.

Як паведамілі Tut.by работнікі бальніцы, камунальную аварыю ліквідавалі праз 4 гадзіны: «Увесь гэты час санітаркі, мэдсёстры і лекары выносілі ваду вёдрамі».

Відэа патопу разьмясьціў тэлеграм-канал «Белые халаты. News»:

Шпіталь хуткай мэдычнай дапамогі ў Віцебску прымае пацыентаў з каранавіруснай інфэкцыяй. Паводле яе супрацоўнікаў, патоп пачаўся а чацьвёртай гадзіне дня ў калідоры на трэцім паверсе хірургічнага блёку.

«Там знаходзіцца апэрацыйны блёк, і калідор вядзе да 10 апэрацыйных. З даху цякла цёплая вада. Пра надзвычайнае здарэньне адразу ж апавясьцілі кіраўніцтва шпіталя. Аднак вада лілася гадзіны чатыры, пакуль не прыехаў сантэхнік і не ліквідаваў цечу», — расказалі супрацоўнікі лякарні.

Увесь гэты час санітаркі, мэдсёстры і лекары бегалі зь вёдрамі і анучамі і прыбіралі ваду.

Была рызыка, што з прычыны патопу можа замкнуць электраправодку. На шчасьце, апэрацый у гэты час не было. У суседнім пакоі па гэтым калідоры знаходзіліся двое пацыентаў з каранавірусам — на кіслародных пунктах, яны былі пад наглядам мэдыкаў. Прычын патопу мэдыкі ня ведаюць. Цяпер у апэрацыйным блёку ўсё нармальна, наступстваў няма.

Учора, 21 студзеня, камунальныя аварыі здарыліся ў некалькіх гарадах Беларусі.

У Менску ў сувязі з аварыйным адключэньнем участкаў цеплавых сетак у Маскоўскім раёне без гарачай вады і ацяпленьня застаўся шэраг дамоў, дзіцячых садкоў і школаў раёну. Таксама ўчора былі патопы ў некалькіх жылых дамах Менску, дзе прарвала трубы, і ў 2-м інтэрнаце БДУІР.

У Воршы з прычыны аварыі на цепламагістралі без ацяпленьня засталіся 7 мікрараёнаў.

У Бабруйску і Магілёве ўвечары 21 студзеня ў шматпавярховіках прарвала батарэі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG