Як адзначаюць у абаронным ведамстве , Віктар Хрэнін адзначыў рост «вайсковых мерапрыемстваў» у сумежных краінах — ня толькі на тэрыторыі краін Балтыі і Польшчы, а і ва Ўкраіне.
На ягоную думку, гэта сьведчыць на тое, што краіны Захаду працягваюць шукаць рашэньне па Беларусі.
Зыходзячы з гэтага, Міністэрства абароны Беларусі сумесна з расейскім вайсковым ведамствам распрацавалі задуму стратэгічнага вучэньня «Захад-2021».
Плянуецца, што манэўры пройдуць цягам тыдня — ад 10 да 16 верасьня — пад кіраўніцтвам начальнікаў генэральных штабоў Узброеных сіл Беларусі і Расеі.
Аналягічныя вучэньні прайшлі ў 2017 годзе на шасьці палігонах і двух участках мясцовасьці ў Беларусі і трох палігонах у Расеі. У іх было задзейнічана блізу 13 тысяч вайскоўцаў, 70 самалётаў і верталётаў, 680 адзінак баявой тэхнікі, у тым ліку каля 250 танкаў.
За вучэньнямі назіралі прадстаўнікі сямі дзяржаў, у тым ліку краін NATO.