«Апублікаваныя сёньня падазрэньні пракуратуры не азначаюць, што хтосьці адназначна вінаваты, але яны непазьбежна кідаюць сурʼёзны цень на ўсіх датычных. У такой сытуацыі здаецца адназначна правільным даць магчымасьць сыходам у адстаўку праліць сьвятло на ўсе абставіны і дасягнуць яснасьці. Ва ўмовах палітычнага і грамадзкага спакою», — напісаў Ратас у Фэйсбуку.
Напярэдадні паліцыя бясьпекі Эстоніі прадʼявіла падазрэньні ва ўчыненьні крымінальнага злачынства генэральнаму сакратару Цэнтрысцкай партыі Міхаілу Корбу, дарадцу міністра фінансаў Кэрсьці Крахт, бізнэсоўцу Гілары Тэдэру і яшчэ двум асобам, імёны якіх не раскрываюцца.
Па вэрсіі паліцыі, Тэдэр і Корб дамовіліся, што прадпрымальнік ахвяруе Цэнтрысцкай партыі да мільёна эўра. Узамен Корб нібыта павінен быў паўплываць на мэрыю Таліна, каб яна прадставіла зьвязанай з Тэдэрам фірме Porto Franco магчымасьць пабудаваць па ільготнай цане падʼязныя дарогі да абʼекту, які будуецца ў Таліне.
Дарадцу міністра фінансаў Кэрсьці Крахт падазраюць у тым, што яна дамовілася з Тэдэрам выкарыстоўваць свой уплыў у міністэрстве, каб атрымаць станоўчае рашэньне па заяўцы Porto Franco. За свае паслугі Крахт павінна была атрымаць ад Тэдэра хабар, аднак перадача грошай не адбылася з прычыны затрыманьня бізнэсоўца і чыноўніцы.
Юры Ратас заняў крэсла кіраўніка ўраду Эстоніі пяць гадоў таму. З 2005-га па 2007 гады ён быў мэрам Таліна.