Міністар замежных справаў Эстоніі Урмас Рэйнсалу заклікаў увесьці дадатковыя санкцыі ў дачыненьні да ўладаў Беларусі і дапоўніць санкцыйны сьпіс прадпрыемствамі ЭЗ, якія падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі, паведамілі агенцтву «Інтэрфакс» у прэс-службе МЗС Эстоніі.
«Неабходна прарэагаваць на сьмерць 31-гадовага Рамана Бандарэнкі, які страціў на мінулым тыдні жыцьцё ў выніку жорсткіх дзеяньняў сіл бясьпекі Беларусі. Вінаватых у гэтай трагедыі неабходна прыцягнуць да адказнасьці, і мы заклікаем дзяржавы ЭЗ увесьці дадатковыя санкцыі ў дачыненьні да афіцыйных асобаў Беларусі. Прадпрыемствы, якія падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі, варта дадаць у санкцыйны сьпіс», — заявіў Рэйнсалу на неафіцыйнай онлайн-сустрэчы кіраўнікоў МЗС ЭЗ у чацьвер.
Паводле яго, напружаная сытуацыя ў Беларусі доўжыцца ўжо больш за сто дзён, і ціск уладаў на мірных пратэстоўцаў стаў больш жорсткім.
У сувязі з гэтым Эстонія супольна з Бэльгіяй, Нямеччынай, Францыяй і Вялікай Брытаніяй узьняла на мінулым тыдні пытаньне аб выніках выбараў у Беларусі ў Радзе бясьпекі ААН, адзначыў Рэйнсалу.