Аляксандар Фруман расказвае пра ініцыятывы суполкі «Беларусы ў Ізраілі» дзеля вырашэньня крызісу ў Беларусі, лічыць, што Ізраіль мусіць асудзіць гвалт у Беларусі. Цяпер Аляксандар і актывісты суполкі ўраджэнцаў Беларусі ў Ізраілі падтрымліваюць пацярпелых ад сілавікоў прадстаўніц габрэйскай грамады ў Беларусі, якія перажылі Галакост.
Глядзець размову на відэа.
Тут фрагмэнты гутаркі.
Пра спробу ў Ізраілі прыцягнуць да адказнасьці беларускіх сілавікоў
Максім Харошын скарыстаўся ўнівэрсальнай юрысдыкцыяй у Літве. У Ізраілі сытуацыя іншая, бо там няма ўнівэрсальнай юрысдыкцыі. Але паколькі я грамадзянін Ізраілю (толькі Ізраілю), які пацярпеў у Беларусі, паколькі работнікі міліцыі праявілі да мяне антысэмітызм, то маю заяву ў паліцыі прынялі.
Прайшоў месяц ад падачы заявы, я спрабаваў зьвязацца са сьледзтвам, але пакуль ня ведаю, што адбылося, як яны дзейнічалі, ці спрабавалі празь міжнародныя кантакты накіраваць пытаньні ці запыты на экспэртызы ў беларускія органы.
Ня думаю, што яны даб’юцца нейкага расьсьледаваньня і што гэта дойдзе да суду, бо ўлады Беларусі ня пойдуць на кантакт і супрацоўніцтва ў цяперашніх умовах.
Пра адказных за катаваньні
Я ў заяве ў паліцыю назваў асобаў, якія ў гэтым удзельнічалі. Мая мэта была, каб ім забаранілі ўезд у Ізраіль.
Калі мы стаялі ўначы ў Савецкім РУУС, я бачыў, як начальнік РУУС Ігар Каліньнік кіраваў усім гэтым і біў аднаго хлопца. Ён камандаваў, каб таму не давалі вады і не вадзілі ў прыбіральню. Я бачыў ягонага намесьніка, які біў хлопца са зламанай рукой, біў менавіта ў месца пералому. Ён кіраваў, каму куды ісьці, кіраваў тым, што адбывалася ва ўжо знакамітым унутраным двары Савецкага РУУС.
Да таго ж вызначылі імёны некалькіх амапаўцаў, якія былі ў аўтазаку, бо яны адзін аднаго па прозьвішчах называлі. Каліньнік і Станіслаўчык трапілі ў трэці пакет санкцыяў Эўразьвязу. Ня ведаю, як моцна гэтыя санкцыі закрануць Каліньніка, але я вітаю тое, што санкцыі стасуюцца ня толькі людзей з найвышэйшых эшалёнаў, але і звычайнага начальніка РУУС.
Пра ўручэньне Лукашэнку даверчых граматаў амбасадара Ізраілю
Гэта мая пазыцыя і пазыцыя супольнасьці выхадцаў зь Беларусі ў Ізраілі, якія актыўна падтрымліваюць беларускі народ. Нас абурыла, што пасьля таго, што адбылося ў Беларусі, наш амбасадар цісьне руку і ўсьміхаецца ў кадры з Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам, які, на маю думку, ня ёсьць легітымным прэзыдэнтам. З другога боку, мы разумеем, што ў Беларусі існуе габрэйская грамада, якая асабліва ў такі цяжкі час павінна мець сувязь з гістарычнай радзімай. Таксама і з пазыцыі сіянізму, які падтрымлівае Дзяржава Ізраіль. Таму гэты крок быў непазьбежны.
Пра афіцыйную пазыцыю Ізраілю
Я і наша супольнасьць ураджэнцаў Беларусі ў Ізраілі абураныя тым, што наша дзяржава маўчыць. Мы правялі дэманстрацыю ля рэзыдэнцыі прэмʼер-міністра, мы напісалі ліст прэмʼеру, у якога дзядуля родам зь Беларусі, мы нагадалі пра гістарычныя сувязі паміж нашымі краінамі і народамі.
Нам дзіўна, што Ізраіль ня выказаў ніякай пазыцыі падтрымкі беларускага народу. Ізраіль любіць трымаць нэўтралітэт, каб не выклікаць зваротную рэакцыю, бо гістарычна бытавы антысэмітызм затухаў, але застаецца, і ніхто ня хоча яго разбудзіць.
Мы выступалі ў тэлевізіі. Ведаю, што быў ціск на амбасадараў Ізраілю, і ня толькі ў Беларусі, вынік — сустрэча амбасадара Ізраілю ў Літве са Сьвятланай Ціханоўскай у Вільні. Ён была выказаная поўная падтрымка ў барацьбе за свабоду. Нам сказалі, што сустрэча была, каб выказаць падтрымку і папярэдзіць, каб не выкарыстоўвалі ў барацьбе сымбаляў Галакосту і сымбаляў, зьвязаныя зь Дзяржавай Ізраіль.
Паводле маіх крыніцаў, такія сустрэчы будуць працягвацца. Нас гэта парадавала, цяпер мы бачым, што Ізраіль заняў пэўную пазыцыю.
Пра фашызм і Галакост у Беларусі
Цяпер часта гучаць словы пра фашызм, пра гета, згадваюць Галакост. Усе разумеюць, што беларусаў не вядуць у «душ», не ўключаюць газ і ня спальваюць іх целы потым. Гэта тое, што мы называем Галакост.
Калі я быў у Савецкім РУУС, я размаўляў з адным з міліцыянтаў, які вёў мяне ў туалет. Я яму сказаў, што прыехаў паглядзець мясьціны, дзе, як я думаю, загінула частка маёй сямʼі. Ён сказаў: «Так, Галакост — гэта было жорстка». Я стаяў і думаў. Міліцыянт, які ўдзельнічае ў пабіцьці і катаваньнях, які мне прызнаўся, што сёньня аднаго чалавека вельмі моцна пабіў, мае разуменьне, што Галакост — нешта страшнае, а тое, што яны твораць — гэта не Галакост. А з чым гэта можна параўнаць? З палітыкай Піначэта? Але гэта Паўднёвая Амэрыкі, а Галакост быў на тэрыторыі Беларусі, таму людзі цяпер такія адсылкі робяць.
Пра трывогу і надзею
Я жыву ў Ізраілі 22 гады. У Беларусь пэрыядычна прыяжджаю. Для мяне цяпер усе беларусы — у небясьпецы. Я перажываю за велізарную колькасьць людзей. Ня толькі за родных, але і за людзей, зь якімі я правёў 78 гадзін за кратамі.
Ня веру, што беларусы здольныя на доўгі ўзброены канфлікт. Ад пачатку бачна, што сілы абсалютна няроўныя. Гэта было б непрадуктыўна. Надзея — на тое, што сыстэма далей ня зможа функцыянаваць. Яны ж таксама цярпяць праз гэтае напружаньне. Урэшце да простых людзей у сыстэме нешта пачынае даходзіць, яны пачынаюць асэнсоўваць. Надзея — на раскол. Абяцаньням Лукашэнкі ня веру.