Па словах Хамэнэі, ён ня верыць таму, што гэтыя вакцыны эфэктыўныя. «Калі б амэрыканцы маглі распрацаваць вакцыну, то ў іх бы не было такога фіяска з каранавірусам у іх уласнай краіне» — прыводзіць Reuters словы аяталы. Па словах Хамэнэі, тое, што ў ЗША ад каранавірусу памірае па некалькі тысяч чалавек у дзень, даказвае, што амэрыканская вакцына неэфэктыўная. Сапраўды гэтак жа ён ацаніў і сытуацыю ў Брытаніі. Хамэнэі заявіў, што не давярае і Францыі.
Пры гэтым раней іранскія ўлады абвінавачвалі ЗША ў тым, што ўведзеныя імі санкцыі перашкаджаюць доступу Тэгерану да вакцын.
Па словах Хамэнэі, Іран можа дазволіць імпарт вакцын з адной з краін, якой ён давярае. Канкрэтную краіну ён не назваў. Пасол Ірана ў Расеі раней заяўляў, што прапрацоўваюцца пляны сумеснай ірана-расейскай вытворчасьці вакцыны. Улады Ірану таксама заявілі пра пачатак клінічных выпрабаваньняў вакцыны ўласнай вытворчасьці.
- У ЗША зарэгістраваныя вакцыны вытворчасьці кампаній Pfizer і Moderna, а ў Вялікабрытаніі — вакцыны Pfizer і брытанскай карпарацыі AstraZeneca. Масавая вакцынацыя ў гэтых краінах пачалася толькі ў сьнежні, прышчэпкі атрымалі ўсяго некалькі адсоткаў насельніцтва, так што на тэмпах інфікаваньня і ліку сьмерцяў ад інфэкцыі вакцынацыя яшчэ не магла адбіцца.
- У Расеі зарэгістравана вакцына ўласнай вытворчасьці «Спутник V». Акрамя Расеі, яе пастаўляюць у такія краіны, як Беларусь і Аргентына. Аб плянах яе паставак у Іран не паведамлялася. Замежныя вакцыны ў Расеі пакуль не сэртыфікаваныя, і незразумела, ці адбудзецца гэта. Краіны Захаду абвінавачвалі Маскву ў распаўсюдзе дэзынфармацыі пра заходнія вакцыны.
- У Іране з пачатку пандэміі, па афіцыйных дадзеных, заразіліся каранавірусам больш за 1 мільён 200 тысяч чалавек, памерлі больш за 55 тысяч, то бок, сярэдняя лятальнасьць некалькі вышэй, чым у ЗША і краінах Эўропы.
- Іран і ЗША ня маюць дыпляматычных адносін больш за 40 гадоў. Адносіны паміж краінамі адкрыта варожыя. З Брытаніяй у Ірана дачыненьні не разарваныя, але яны таксама напружаныя.