«Я прыняў рашэньне назаўжды пакінуць партыю і цалкам адысьці ад яе праўленьня. Я пакідаю як пасаду старшыні партыі, так і саму партыю і вяртаюся да звычайнага жыцьця, як гэта было да 2011 году», — гаворыцца ў лісьце Іванішвілі на сайце партыі.
У лістападзе 2020 году партыя Іванішвілі зноў перамагла на выбарах, атрымаўшы больш за 48 працэнтаў галасоў выбарнікаў, і сфармавала ўрад.
Апазыцыя заявіла аб нязгодзе з вынікамі выбараў, у Тбілісі прайшлі пратэсты. Апроч іншага, партыю «Грузінская мара» абвінавачваюць у правядзеньні прарасейскай палітыкі, што ўлады краіны адмаўляюць.
Бідзіна Іванішвілі заснаваў партыю «Грузінская мара» ў 2011 годзе, перамог на парлямэнцкіх выбарах 2012 году партыю Міхаіла Саакашвілі «Адзіны нацыянальны рух» і, па сутнасьці, прымусіў былога прэзыдэнта, супраць якога Генпракуратура завяла чатыры крымінальныя справы, уцячы з краіны.