Усебеларускі народны сход ніякія канстытуцыйныя нормы зьмяняць не ўпаўнаважаны і ня будзе. Пра гэта Аляксандар Лукашэнка заявіў сёньня падчас візыту ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтар дзіцячай анкалёгіі, гематалёгіі і імуналёгіі, паведамляе БелТА.
«Мяне папракаюць, што я там хачу такім чынам уладу сваю падоўжыць. Слухайце, глупства поўнае. Калі я захачу сваю ўладу падоўжыць, дык у мяне ёсьць усе магчымасьці застацца прэзыдэнтам. Што там ужо [кажуць], на Ўсебеларускім народным сходзе, я буду старшынём. Той, хто баіцца, што Лукашэнка застанецца ва ўладзе, павінен маліцца, каб я стаў нейкім там старшынём гэтага сходу. Ніхто паўнамоцтвы шалёныя на Ўсебеларускі народны сход адпраўляць ня будзе. Кіраўнік дзяржавы будзе — прэзыдэнт. Гэта вы яго выбераце. Прэм’ер-міністар будзе, парлямэнтары і іншыя», — сказаў ён.
Лукашэнка зьвярнуў увагу, што гэта пакуль ня вырашанае пытаньне, каб зрабіць УНС канстытуцыйным органам:
«Гэта ў Канстытуцыі будзе ў праекце прапісана, і на рэфэрэндуме вы будзеце вырашаць. Ніхто на Ўсебеларускім сходзе ня будзе прымаць канстытуцыйных рашэньняў, каб вы ведалі. Ніхто! Сход павінен акрэсьліць арыенціры на пяцігодку».
Пры гэтым Лукашэнка запэўніў, што ЎНС будзе праведзены сумленна і адкрыта.
«І на Ўсебеларускім народным сходзе будуць самыя прасунутыя патрыёты нашай краіны. Гэта ня значыць, што там будуць адны „ябацькі“, ці як вы іх называеце... Там будуць тыя людзі, якіх вы туды накіруеце», — сказаў ён.
Лукашэнка: справімся з эканомікай — ніякія пратэсты нам ня страшныя
Лукашэнка таксама заявіў, што пратэсты не перашкодзяць устойліваму разьвіцьцю эканомікі ў 2021 годзе.
«Справімся з эканомікай — ніякія пратэсты нам ня страшныя. Паходзяць, паходзяць, як цяпер, калі паходзяць. Не пяройдуць чырвоную рысу — будуць хадзіць. Пяройдуць — атрымаюць. Павінен быць закон і парадак», — падкрэсьліў беларускі лідэр.