Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менская міліцыя расказала, якія плошчы ачэпяць у горадзе ў навагоднюю ноч і дзе ня будзе спыняцца транспарт


Навагодняя ялінка, ілюстратыўнае фота.
Навагодняя ялінка, ілюстратыўнае фота.

Міліцыя назвала сьпіс аб’ектаў, якія ачэпіць у навагоднюю ноч у Менску. Найбольшыя абмежаваньні на ўезд аўтатранспарту і пасадку/высадку пасажыраў чакаюць цэнтральную частку гораду.

У менскай міліцыі праінфармавалі, што гэта адбудзецца «ў мэтах павышэньня ўзроўню бясьпекі грамадзян». Міліцыянты ачэпяць усе асноўныя месцы правядзеньня сьвяточных гуляньняў, праход туды арганізуюць праз мэталадэтэктары.

Першы намесьнік начальніка ГУУС Менгарвыканкаму Ігар Падвойскі папрасіў грамадзян, якія плянуюць ісьці на сьвяты ў горад, ня браць з сабой вострых прадметаў, напояў у шкле, цёмнага плястыку і выбухованебясьпечных рэчываў, у тым ліку піратэхнікі.

У навагоднюю ноч у Менску асноўныя імпрэзы заплянаваныя на Кастрычніцкай плошчы і каля Палаца спорту. Таксама сьвяты зладзяць у кожным раёне гораду. У 1.30 — навагодні фаервэрк у Аляксандраўскім сквэры. Два фаервэркі будуць таксама каля лядовага палаца па вуліцы Прытыцкага і ў парку Уга Чавэса. Рух транспарту па праспэкце Незалежнасьці будуць часова абмяжоўваць.

Таксама 31 сьнежня ДАІ абмяжуе ўезд на некалькі пляцовак:

  • «Палац спорту» каля вялікай і малой арэнаў;
  • Кастрычніцкая плошча;
  • Менская гарадзкая ратуша;
  • «Чыжоўка-Арэна»;
  • усе месцы правядзеньня раённых сьвяточных мерапрыемстваў.

З 22-й гадзіны 31 сьнежня ня будзе пасадкі і высадкі пасажыраў на прыпынках грамадзкага транспарту ў раёне Кастрычніцкай плошчы і Палаца спорту па цотным баку праспэкту Пераможцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG